Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Корпус рэактара давезьлі ў Астравец, стукнуўшы аб слуп


Корпус рэактара першага энэргаблёку БелАЭС дастаўлены на будпляцоўку пад Астраўцом.

Корпус даставілі вечарам 28 сьнежня, паведаміў БелаПАН начальнік аддзелу інфармацыі і грамадзкіх сувязяў БелАЭС Эдуард Сьвірыд.

Паводле яго, пытаньнем правядзеньня экспэртызы рэактарнага корпуса ў сувязі зь няштатнай сытуацыяй, якая адбылася пры транспартаваньні гэтага грузу, займаецца генэральны падрадчык будаўніцтва — расейская інжынірынгавая кампанія «Атамбудэкспарт». «Мы ўдакладнім у іх інфармацыю [пра экспэртызу] і апублікуем яе пазьней», — сказаў Сьвірыд.

Інфармацыя пра тое, што з новым корпусам рэактара адбыўся інцыдэнт, зьявілася 26 сьнежня. На наступны дзень аддзел інфармацыі і грамадзкіх сувязяў РУП «БелАЭС» апублікаваў на сайце прадпрыемства паведамленьне, у якім прызнаў факт няштатнай сытуацыі. Прадстаўнікі БелАЭС паведамілі, што 26 сьнежня на станцыі Слаўнае «падчас выкананьня манэўровых апэрацыяў» адбыўся «нязначны дотык ахоўнага мэталічнага транспартнага кажуха да апоры кантактнай сеткі». «Пашкоджаньняў на корпусе рэактара ня выяўлена», — гаварылася ў паведамленьні.

У той жа дзень прэс-служба «Атамбудэкспарту» паведаміла, што корпус рэактара на шляху да месца будаўніцтва суправаджае прадстаўнік заводу-вытворцы «АЭМ — Атоммаш». У кампаніі запэўнілі, што пасьля дастаўкі на будпляцоўку новы корпус рэактара пройдзе дбайную тэхнічную экспэртызу.

Новы рэактарны корпус выраблены на замену ранейшаму, зь якім таксама адбыўся інцыдэнт: 10 ліпеня на будпляцоўцы станцыі падчас выпрабавальнай трэнавальнай ўстаноўкі корпуса рэактара 330-тонны агрэгат сарваўся і ўпаў.

XS
SM
MD
LG