Лінкі ўнівэрсальнага доступу

8 пытаньняў пра Беларускую АЭС. Некаторыя застаюцца без адказаў


Беларуская АЭС у Астраўцы
Беларуская АЭС у Астраўцы

Пуск першага энэргаблёку Беларускай АЭС адбудзецца не раней за ліпень. А вось ці патаньнее электраэнэргія для беларусаў, у якія краіны Беларусь будзе прадаваць энэргію, якія ўмовы і сума расейскага крэдыту — адказы на гэтыя пытаньні журналістаў на відэабрыфінгу Мінэнэрга і Дзяржатамнагляду не прагучалі.

1. Калі будзе запушчаны першы энэргаблёк Беларускай АЭС? Што адбываецца на пляцоўцы цяпер?

6 траўня на Беларускую АЭС у Астраўцы было дастаўлена ядзернае паліва для першага энэргаблёку, паведаміла Мінэнэрга.

Аднак дастаўка ядзернага паліва ніяк не паўплывае на паскарэньне тэрмінаў фізычнага пуску АЭС. Паліва пакуль праходзіць пэўную працэдуру ўваходнага кантролю, паведаміў намесьнік міністра энэргетыкі Беларусі Міхаіл Міхадзюк.

Міхаіл Міхадзюк
Міхаіл Міхадзюк

«Паводле графіку гатоўнасьць павінна быць у ліпені. Але для нас галоўны прыярытэт — бясьпека. Пакуль ня будзем упэўненыя, што гатовы пэрсанал, гатовыя ўсе збудаваньні — на гэты этап ня пойдзем. Першая частка этапу фізычнага пуску пачынаецца з загрузкі ядзернага паліва — з моманту загрузкі першай касэты. Спадзяёмся, гэта адбудзецца ў ліпені», — сказаў намесьнік міністра энэргетыкі Міхаіл Міхадзюк.

Завершаны этап «гарачай абкаткі» абсталяваньня рэактарнай устаноўкі першага блёку. Гэта азначае, што ў рэактар загрузілі імітатар ядзернага паліва і правялі ўвесь цыкль выпрабаваньняў тэхналягічнага абсталяваньня.

Неабходна правесьці яшчэ 306 выпрабаваньняў тэхналягічных сыстэм.

Што тычыцца другога энэргаблёку, там вядуцца будаўнічыя працы, працы па мантажы тэхналягічнага абсталяваньня. Завяршылі падачу напружаньня дзеля ўласных патрэб.

2. У якім фармаце пройдуць грамадзкія слуханьні перад выдачай ліцэнзіі на эксплюатацыю першага энэргаблёку АЭС?

Рашэньне будзе прымацца з улікам эпідэміялягічнай сытуацыі на момант правядзеньня слуханьняў, паведаміла начальніца Дэпартамэнту ядзернай і радыяцыйнай бясьпекі Міністэрства надзвычайных сытуацый (Дзяржатамнагляду) Вольга Лугоўская.

«Палажэньне аб правядзеньні грамадзкіх слуханьняў і іх фармат зацьверджаныя пастановай ураду. Гэта сход, нарада, на якім рэгулюючы орган даводзіць інфармацыю, якая ляжа ў аснову прыняцьця рашэньня аб выдачы ліцэнзіі. Натуральна, мы хочам прытрымлівацца гэтага фармату. Але мы будзем арыентавацца на сытуацыю на момант правядзеньня грамадзкіх слуханьняў», — сказала Вольга Лугоўская.

Паводле заканадаўства грамадзкія слуханьні неабходна правесьці ў населеным пункце, максымальна блізка разьмешчаным да атамнай станцыі — то бок у Астраўцы.

3. Колькі грошай пойдзе на куплю сьвежага ядзернага паліва?

Ядзернае паліва дастаўлена ў межах агульнага генэральнага кантракту на збудаваньне БелАЭС, паведаміў намесьнік міністра энэргетыкі Міхаіл Міхадзюк.

«У цыкле атамных станцый ядзернае паліва ў сабекошце і выпрацоўцы электраэнэргіі (з улікам яго перапрацоўкі і захаваньня адпрацаванага) складае парадку 20%. Што тычыцца клясычных станцый на арганічным паліве, то кошт паліва даходзіць да 60-70%», — патлумачыў Міхаіл Міхадзюк, не назваўшы канкрэтных лічбаў.

4. Ці праўда, што ўмовы расейскага крэдыту перагледжаныя? Калі Беларусь пачне выплаты? Якая частка крэдыту выкарыстаная?

Частка інфармацыі па крэдытах — пад грыфам «для службовага карыстаньня», паведаміў намміністра энэргетыкі.

«У сувязі са ссоўваньнем тэрмінаў уводу першага і другога блёкаў з расейскім бокам вядзецца праца па карэктаваньні крэдытнага пагадненьня — і па тэрмінах, і па ўмовах крэдытнай стаўкі. Разуменьне з расейскага боку ёсьць. Дакумэнты яшчэ не падпісаныя, яны знаходзяцца ў стадыі ўзгадненьня з аднаго і з другога боку», — сказаў спадар Міхадзюк.

І дадаў, што фінансаваньне ажыцьцяўляецца ў плянавым парадку, без абмежаваньняў і затрымак.

Зноў не прагучала ніводнай лічбы.

5. Які цяпер сабекошт 1 кіляват-гадзіны электраэнэргіі? Ці зьменшыцца ён з уводам АЭС?

На кошт 1 кіляват-гадзіны ўплывае шмат фактараў: цана на прыродны газ (70%) і іншыя. Цяпер сабекошт складае каля 16 капеек за кіляват-гадзіну, паведаміў Міхаіл Міхадзюк.

«Сёньня вядуцца разьлікі, яны ёсьць і разглядаюцца адмысловай міжведамаснай камісіяй, створанай па даручэньні прэм’ер-міністра. На кошт электраэнэргіі будуць уплываць многія фактары. Адзінае магу сказаць, што даражэйшай электраэнэргія дакладна ня стане», — запэўніў Міхадзюк, зноў жа так і не назваўшы канкрэтнай лічбы.

6. У якія краіны Беларусь плянуе прадаваць электраэнэргію?

Вядома, што краіны Балтыі заявілі аб адмове купляць беларускую электраэнэргію, адмовіла днямі і суседняя Ўкраіна.

Хто яе будзе купляць, намесьнік міністра так і не адказаў. Паведаміў толькі, што летась экспарт вырас у параўнаньні з 2018 годам, зноў не назваўшы лічбаў.

«У нас прадаецца электраэнэргія беларускай энэргасыстэмы. Мы ня дзелім, дзе выпрацаваная энэргія — цеплавымі АЭС, ветракамі ці АЭС.

Мы разглядаем у першую чаргу ўласнага спажыўца — каб наша эканоміка стала больш канкурэнтаздольнай.

Таксама будзем прапаноўваць нашым суседзям. Няшмат пройдзе часу, і эканоміка ўсё расставіць па сваіх палічках», — так адказаў на пытаньне Свабоды намесьнік міністра энэргетыкі.

7. Ці падрыхтаваныя ўласныя беларускія кадры для абслугоўваньня АЭС?

Пэрсанал для эксплюатацыі першага блёку АЭС цалкам падрыхтаваны, людзі атрымалі ліцэнзіі ад рэгулятара. У асноўнай сваёй масе завершаны набор пэрсаналу і для другога блёку.

«Мы працавалі па розных кірунках. Першы — запрасілі замежных спэцыялістаў (у асноўным расейскіх і ўкраінскіх, якія мелі досьвед працы на атамных станцыях) на кіроўныя пасады: галоўнага інжынэра і ніжэй, начальнікаў асноўных цэхаў, у першую чаргу рэактарнага цэху. Такія спэцыялісты ёсьць у кожнай апэратыўнай зьмене. Прапусьцілі іх праз свой вучэбна-трэніровачны цэнтар.

Другі кірунак — запрасілі спэцыялістаў энэргетычнага профілю з базавай адукацыяй, якія прайшлі перападрыхтоўку ў расейскіх ВНУ», — сказаў Міхадзюк.

8. Чаму Беларуская АЭС выклікае такую занепакоенасьць суседняй Літвы? Пры канцы красавіка нават амэрыканскі Forbes пісаў пра гэта

У той пазыцыі, якую заняла Літва ў адносінах да АЭС, ужываючы тэрміны «пагроза, ядзерная небясьпека», акрамя палітыкі, нічога няма, — перакананы намесьнік міністра энэргетыкі Беларусі.

«Сёньня шэраг краін Эўразьвязу абралі і прыступілі да рэалізацыі таго ж расейскага праекту, які рэалізуем мы. Таму гаварыць пра небясьпеку няправільна. Тым больш, да нас не паступалі прэтэнзіі ад адмыслоўцаў зь літоўскага боку, якія разумеюць пытаньні ядзернай бясьпекі.

Усе пытаньні збольшага ад палітыкаў. Гэта ўсё палітыка. Жыцьцё рассудзіць і пакажа, чыя была праўда. Літоўскі бок заяўляе, што гэта брудная энэргія. Але гэта самая чыстая сёньня энэргія з экалягічнага пункту гледжаньня», — перакананы Міхадзюк.

Што варта ведаць пра БелАЭС

  • Беларуская АЭС ад 2011 году ўзводзілі пад Астраўцом, што ў Горадзенскай вобласьці, за 22 км ад мяжы зь Літвой, за 50 км ад Вільні і за 125 км ад Менску.
  • Тэрміны запуску некалькі разоў пераносілі. Першапачаткова запуск плянаваўся на 2018 год, Лукашэнка пазьней заяўляў, што тэрміны сарвала Расея. Урэшце цырымонія запуску АЭС прайшла 7 лістапада 2020 году.
  • Для будаўніцтва абраны праект АЭС-2006 — тыповы расейскі праект атамнай станцыі новага пакаленьня з выкарыстаньнем вода-вадзянога энэргетычнага рэактара ВВЭР-1200. Паводле такога ж праекту збудаваныя блёкі Новаваронескай АЭС і Ленінградзкай АЭС-2, што працуюць у Расеі.
  • БелАЭС будуе расейская дзяржаўная кампанія «Росатом» за кошт крэдыту Расеі. Беларусь пазычыла да 10 млрд даляраў для фінансаваньня 90% кошту будаўніцтва двух энэргаблёкаў АЭС. Пагашэньне крэдыту пачынаецца праз 6 месяцаў з даты ўводу АЭС у эксплюатацыю, але не пазьней за 1 красавіка 2021 году. Беларусь папрасіла Расею падоўжыць крэдыт на 10 гадоў.
  • На станцыі будуць два энэргаблёкі з рэактарамі ВВЭР-1200 (В-491) магутнасьцю да 1200 МВт кожны. Праектная магутнасьць АЭС — 2,4 тысячы МВт. Калі АЭС запрацуе на поўную магутнасьць, станцыя дасьць 18 мільярдаў кіляват-гадзін на год — палову таго, колькі цяпер спажывае Беларусь.
  • Літва ня раз ставіла пад сумнеў абраньне для будаўніцтва АЭС астравецкай пляцоўкі. Краіна называла 10 прычын, каб не будаваць БелАЭС, абвінавачвала беларускія ўлады ва ўтойваньні інфармацыі пра станцыю. Літва пратэстуе супраць БелАЭС на найвышэйшым дзяржаўным узроўні, выказвае пратэсты ў міжнародных структурах. Літву падтрымлівае прэзыдэнтка Эстоніі.
  • Пляцоўка Астравецкай АЭС была прызнаная небясьпечнай яшчэ ў 1993 годзе. Тады было знойдзена 7 прыдатных пляцовак, 15 умерана прыдатных і 6 непрыдатных. Астравецкая пляцоўка трапіла ў лік апошніх.
  • Улады і чыноўнікі Беларусі нясьпешна рэагуюць на паведамленьні пра інцыдэнты на будаўніцтве ўласнай атамнай станцыі. Звычайна пра здарэньні на БелАЭС афіцыйна расказваюць толькі пасьля таго, як зьвесткі пра іх зьяўляюцца ў СМІ — так, пра падзеньне корпуса рэактара расказалі толькі пасьля міжнароднага ціску. Урэшце корпус, які ўпаў, замянілі (расейцы зьбіраюцца выкарыстаць яго на іншай АЭС). Новы выпадкова стукнулі аб слуп, але пашкоджаньняў ня выявілі, вырашылі не мяняць корпус другі раз.
  • Адпрацаванае ядзернае паліва зь БелАЭС застанецца ў Беларусі. Эколягі сьцьвярджаюць, што Беларусь выбірае самы дарагі і небясьпечны спосаб захоўваць адпрацаванае паліва з АЭС.
  • У сакавіку 2023 літоўская выведка заявіла, што Беларусь і «Росатом» у мінулым годзе схавалі інцыдэнты і дэфэкты ў рэактарных сыстэмах на першым і другім энэргаблёках. У Міністэрстве энэргетыкі Беларусі адпрэчылі абвінавачаньні і заявілі, што такі даклад ёсьць «мэтанакіраванай акцыяй па дыскрэдытацыі БелАЭС».
  • Паводле словаў фізыка-атамніка Андрэя Ажароўскага, спыніць станцыю зараз будзе вельмі дорага. Пры гэтым ён схільны давяраць паведамленьням літоўскай выведкі. Шэраг ускосных прыкметаў сьведчыць аб тым, што на Астравецкай АЭС дзясяткі тысяч недаробак.
  • Ад пачатку працы АЭС у Беларусі і на пачатак лістападу 2023 электрычнасьць падаражэла на 21–22% у залежнасьці ад тарыфу.
  • Першы энэргаблёк АЭС сілкуе энэргасыстэму Беларусі з 3 лістапада 2020 году (прамыслова эксплюатуецца з чэрвеня 2021), другі — з 13 траўня 2023 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG