Лукашэнка: БелАЭС скароціць спажываньне расейскага газу на 5 млрд кубамэтраў 

Беларуская АЭС
Беларуская АЭС

З уводам уласнай атамнай электрастанцыі Беларусь скароціць спажываньне расейскага газу на 5 мільярдаў кубамэтраў. Гэта заявіў Аляксандар Лукашэнка, якога цытуе ягоная прэсавая служба.

«З улікам таго, што мы ўводзім атамную станцыю, зьявяцца дадатковыя аб’ёмы электрычнай энэргіі. Нам трэба больш спажываць электраэнэргіі, бо ў нас яе будзе нават зь лішкам. Сёньня трэнд у сьвеце — пераход на чыстую энэргію. І мы менш будзем залежаць ад прыроднага газу. Дзесьці на 5 мільярдаў кубамэтраў менш будзем спажываць», — сказаў Лукашэнка.

Штогод Беларусь імпартуе з Расеі 20 млрд кубамэтраў прыроднага газу. 14 лютага старшыня праўленьня «Газпрому» Аляксей Мілер і амбасадар Беларусі ў Маскве Ўладзімер Сямашка падпісалі пратакол, у адпаведнасьці зя якім вызначаны парадак фармаваньня цаны на газ у 2020 годзе. У адпаведнасьці з дакумэнтам, тарыфы захаваюцца на леташнім узроўні — 127 даляраў за 1 тысячу кубамэтраў.

Пры гэтым афіцыйны Менск пакідае за сабой права на перагляд дамоўленасьцяў, паколькі сьледам за нафтай істотна зьнізіліся цэны і на газ. На думку Лукашэнкі, справядлівая цана для Беларусі — 40-45 даляраў. Па яго зьвестках, «Газпром» прадае газ Нямеччыне па 80 даляраў, хоць выдаткі на дастаўку туды нашмат большыя, чым у Беларусь.

​
XS
SM
MD
LG