На БелАЭС працягваюць дастаўляць расейскіх рабочых. Рыхтуюцца везьці ядзернае паліва

На будаўніцтве БелАЭС, архіўнае фота
На будаўніцтве БелАЭС, архіўнае фота

Генэральны дырэктар расейскай карпарацыі «Росатом» Аляксей Ліхачоў расказаў у звароце 28 красавіка, што на Беларускай АЭС, якую будуе кампанія, ідуць перадпускавыя работы і падрыхтоўка да завозу ядзернага паліва.

«На гэтай пляцоўцы працягваецца плянавая ратацыя пэрсаналу, — расказаў кіраўнік карпарацыі «Росатом» пра БелАЭС. — На мінулым тыдні даставілі чарговую групу работнікаў, 43 чалавекі. У наступныя дні да адпраўкі ў Беларусь рыхтуюцца яшчэ некалькі групаў работнікаў „Росатама“ і падрадных арганізацыяў».

Пра стан 15 расейскіх рабочых з будоўлі Беларускай АЭС, якіх трымалі ў ізаляцыі ў Смаргонскай лякарні з падазрэньнем на COVID-19, «Росатом» не расказваў.

Фізычны пуск першага энэргаблёку Беларускай атамнай электрастанцыі ў Астраўцы плянуюць на ліпень 2020 году, а «энэргетычны пуск», калі з АЭС пачне паступаць электрычнасьць, чакаюць у верасьні-кастрычніку 2020 году. Два тыдні таму на першым энэргаблёку пасьпяхова завершылі так званую «гарачую абкатку» рэактарнай устаноўкі — праверку сыстэмаў перад фізычным пускам.

Беларуская антыядзерная кампанія заклікала адмяніць пуск БелАЭС у сувязі з пандэміяй, закрытай мяжой з Расеяй і магчымасьцю заражэньня работнікаў станцыі. Міністэрства энэргетыкі на гэта адказала, што плянаў не зьбіраецца мяняць. Тыдзень таму «Росатом» паведамляў, што пакуль ня бачыць рызыкі пераносу графікаў.

​
XS
SM
MD
LG