Пляны на пуск БелАЭС: першы энэргаблёк у ліпені, першая энэргія ў верасьні-кастрычніку

На БелАЭС, архіўнае фота
На БелАЭС, архіўнае фота

Фізычны пуск першага энэргаблёку Беларускай атамнай электрастанцыі ў Астраўцы арыентуюць на ліпень 2020 году, а «энэргетычны пуск», калі з АЭС пачне паступаць электрычнасьць, чакаюць у верасьні-кастрычніку 2020 году.

Пра гэта ў эфіры дзяржаўнага тэлеканалу АНТ расказаў міністар энэргетыкі Віктар Каранкевіч. Даты ён называў ня як дакладныя, а як прыблізныя. Ён адзначыў, што графік могуць яшчэ скарэктаваць, і на новыя ўмовы будуць «глядзець і апэратыўна рэагаваць».

Як расказваў БелаПАН кансультант дэпартамэнту ядзернай бясьпекі Міністэрства надзвычайных справаў Алег Собалеў, на тэрмінах запуску БелАЭС можа адбіцца пандэмія каранавірусу. 9 красавіка ён згадваў, што «больш за сотню чалавек выключаныя з працэсу падрыхтоўкі да завозу паліва і фізычнага пуску», бо кантактавалі з інфікаванымі, і праз гэта тэрміны завозу паліва і пуску могуць ссунуцца.

Паводле АНТ, на БелАЭС цяпер пераправяраюць дыягназы 15 будаўнікоў з Расеі, у якіх выявілі каранавірус, а каля сотні працаўнікоў-«кантактаў» застаюцца ў ізаляцыі.

Беларуская антыядзерная кампанія заклікала адмяніць пуск БелАЭС у сувязі з пандэміяй, закрытай мяжой з Расеяй і магчымасьцю заражэньня працаўнікоў станцыі. Міністэрства энэргетыкі на гэта адказала, што пляны не зьбіраюцца мяняць. Тыдзень таму «Росатом» паведамляў, што пакуль ня бачыць рызыкі пераносу графікаў.

​
XS
SM
MD
LG