Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Куды Беларусь будзе прадаваць энэргію зь БелАЭС? Разьбіраемся


«Як гэтая станцыя будзе ўбудаваная ў эканоміку краіны?» — такое пытаньне Лукашэнка задаваў чыноўнікам яшчэ ў красавіку 2018 году. Спрабуем адказаць на яго ў год меркаванага запуску атамнай станцыі.

У красавіку 2018 году ў пасланьні да народу і парлямэнту Аляксандар Лукашэнка ўзгадаў пра АЭС, якая будуецца ў Астраўцы.

«Мне дагэтуль выразна ніхто не далажыў, як станцыя будзе ўбудаваная ў эканоміку краіны. Па выніках справаздачы ўрада прэм’ер-міністру пэрсанальна даручана заняцца гэтым пытаньнем», — сказаў тады Лукашэнка.

Пасьля гэтага ў адстаўку адправілі кіраўніка «Белэнэрга» Яўгена Воранава. Глядзім, ці ўдалося адказаць на гэтае пытаньне праз два гады, у год, калі станцыю маюць запусьціць. Паводле міністра энэргетыкі Віктара Каранкевіча, сёлета плянуецца пуск першага энэргаблёку.

«У нас стаіць задача ў гэтым годзе забясьпечыць завоз ядзернага паліва, зладзіць фізычны пуск, энэргетычны пуск першага энэргаблёка, то бок выдачу першых кіляват-гадзін у энэргасыстэму», — анансаваў кіраўнік Мінэнэрга 13 лютага.

Каму патрэбная беларуская электраэнэргія

Летась Беларусь удвая павялічыла экспарт электраэнэргіі. Асноўныя рынкі — краіны Балтыі і Ўкраіна. Па словах Віктара Каранкевіча, сёлета гэтыя абʼёмы плянуецца захаваць.

Дакладна вядома, што ў энэргіі з будучай Беларускай АЭС зацікаўленая Ўкраіна. Пасьля сустрэчы летась у лістападзе Аляксандра Лукашэнкі і Ўладзіміра Зяленскага адбылася сустрэча міністраў энэргетыкі Беларусі і Ўкраіны. Абмяркоўваўся будучы экспарт энэргіі зь БелАЭС ва Ўкраіну.

Па падліках аналітыка ўкраінскай кансалтынгавай кампаніі EXPRO Дзьмітра Сідарава, Украіна зможа экспартаваць да 22% электраэнэргіі, якая вырабляецца на першым блёку беларускай АЭС.

«У лістападзе 2019 году наша Міністэрства энэргетыкі і аховы навакольнага асяродзьдзя дало прагноз па імпарце зь Беларусі ў 2020 годзе на ўзроўні 2,1 млрд кіляват-гадзін. Прыблізна першы блёк беларускай АЭС будзе вырабляць у год, я думаю, 9–9,5 млрд кіляват-гадзін. То бок экспарт ва Ўкраіну — 22,1%. Але імпартныя пастаўкі ва Ўкраіну могуць быць і большыя, бо калі першы блёк запрацуе, ён, па ідэі, зьнізіць кошт вашай электраэнэргіі. І імпарт зь Беларусі ва Ўкраіну стане яшчэ больш прывабны для ўкраінскіх трэйдэраў», — тлумачыць Дзьмітро Сідараў.

Латвія можа адмовіцца ад беларускай энэргіі з прычыны Літвы

Адным з магчымых рынкаў збыту электраэнэргіі зь БелАЭС магла б стаць Латвія, бо і цяпер яна набывае беларускую электраэнэргію. Але суседняя Літва супраць такога гандлю, бо лічыць беларускую АЭС небясьпечнай для сябе. Літоўцы ня раз уздымалі пытаньне інцыдэнтаў на БелАЭС, бо станцыя каля самай літоўскай мяжы.

У Літве нават праходзілі вучэньні на выпадак аварыі на беларускай АЭС.

7 лютага ў Таліне на паседжаньні прэм’ер-міністраў Балтыйскай рады міністраў было вырашана даць рэкамэндацыі профільным ведамствам падпісаць дэклярацыю аб намерах не набываць энэргію зь БелАЭС.

«Гэта будзе рашэньне Брусэлю. Альбо яны дзейнічаюць у межах адзінай палітыкі, альбо кожны сам па сабе. Еднасьць, мяркую, для іх больш важны фактар, чым недарагая энэргія. Калі толькі Беларусь нейкім чынам дамовіцца з Брусэлем, нешта зварухнецца. Але канкрэтнага рашэньня ў Брусэлі яшчэ няма. Ёсьць пазыцыя Літвы, Латвіі і Эстоніі», — мяркуе кіраўнік цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук.

Пытаньне яшчэ і ў адсутнасьці электрычных сетак для паставак наўпрост у Латвію. Найбольш мэтазгодна было б пастаўляць туды электрычнасьць празь Літву. Але тая, зноў жа, катэгарычна супраць.

Што ў выніку

На сёньня Беларусь экспартуе электраэнэргію і амаль яе не закупляе. Гэта адбываецца і без запуску АЭС. Цяпер энэргія вырабляецца на ГЭС і ТЭЦ. Самой Беларусі на год патрэбна 36–37 млрд кіляват-гадзін электраэнэргіі, што на сёньня цалкам забясьпечваецца магутнасьцямі электрастанцый і без АЭС. Два энэргаблёкі на АЭС будуць вырабляць каля 18 млрд кіляват-гадзін энэргіі. Гэта 50% патрэбаў Беларусі, але гэтыя патрэбы пакрываюцца цалкам і бяз станцыі.

Атрымліваецца, што пасьля запуску АЭС будзе лішак энэргіі, калі не закрываць іншыя ГЭС і ЦЭЦ.

Калі нават уявіць, што частку лішку набудзе Ўкраіна (на 2020 год, напрыклад, ёй трэба агулам імпартаваць каля 4 млрд кіляват-гадзін), то гэта толькі 22% ад таго, што будуць вырабляць два энэргаблёкі на БелАЭС.

«Па сёньня на пытаньне, як убудаваць гэтую станцыю ў эканоміку краіны — не зразумела. Усё будуць накіроўваць на беларускіх спажыўцоў, бо куды прадаваць гэтую энэргію — ніхто не ведае», — мяркуе Яраслаў Раманчук.

На афіцыйным сайце БелАЭС нават ёсьць інфаграфіка — «Навошта АЭС Беларусі». Там сказана пра магчымасьць экспарту электраэнэргіі, праўда, не пазначана, у якія канкрэтна краіны.

Што варта ведаць пра БелАЭС

  • Беларуская АЭС ад 2011 году ўзводзілі пад Астраўцом, што ў Горадзенскай вобласьці, за 22 км ад мяжы зь Літвой, за 50 км ад Вільні і за 125 км ад Менску.
  • Тэрміны запуску некалькі разоў пераносілі. Першапачаткова запуск плянаваўся на 2018 год, Лукашэнка пазьней заяўляў, што тэрміны сарвала Расея. Урэшце цырымонія запуску АЭС прайшла 7 лістапада 2020 году.
  • Для будаўніцтва абраны праект АЭС-2006 — тыповы расейскі праект атамнай станцыі новага пакаленьня з выкарыстаньнем вода-вадзянога энэргетычнага рэактара ВВЭР-1200. Паводле такога ж праекту збудаваныя блёкі Новаваронескай АЭС і Ленінградзкай АЭС-2, што працуюць у Расеі.
  • БелАЭС будуе расейская дзяржаўная кампанія «Росатом» за кошт крэдыту Расеі. Беларусь пазычыла да 10 млрд даляраў для фінансаваньня 90% кошту будаўніцтва двух энэргаблёкаў АЭС. Пагашэньне крэдыту пачынаецца праз 6 месяцаў з даты ўводу АЭС у эксплюатацыю, але не пазьней за 1 красавіка 2021 году. Беларусь папрасіла Расею падоўжыць крэдыт на 10 гадоў.
  • На станцыі будуць два энэргаблёкі з рэактарамі ВВЭР-1200 (В-491) магутнасьцю да 1200 МВт кожны. Праектная магутнасьць АЭС — 2,4 тысячы МВт. Калі АЭС запрацуе на поўную магутнасьць, станцыя дасьць 18 мільярдаў кіляват-гадзін на год — палову таго, колькі цяпер спажывае Беларусь.
  • Літва ня раз ставіла пад сумнеў абраньне для будаўніцтва АЭС астравецкай пляцоўкі. Краіна называла 10 прычын, каб не будаваць БелАЭС, абвінавачвала беларускія ўлады ва ўтойваньні інфармацыі пра станцыю. Літва пратэстуе супраць БелАЭС на найвышэйшым дзяржаўным узроўні, выказвае пратэсты ў міжнародных структурах. Літву падтрымлівае прэзыдэнтка Эстоніі.
  • Пляцоўка Астравецкай АЭС была прызнаная небясьпечнай яшчэ ў 1993 годзе. Тады было знойдзена 7 прыдатных пляцовак, 15 умерана прыдатных і 6 непрыдатных. Астравецкая пляцоўка трапіла ў лік апошніх.
  • Улады і чыноўнікі Беларусі нясьпешна рэагуюць на паведамленьні пра інцыдэнты на будаўніцтве ўласнай атамнай станцыі. Звычайна пра здарэньні на БелАЭС афіцыйна расказваюць толькі пасьля таго, як зьвесткі пра іх зьяўляюцца ў СМІ — так, пра падзеньне корпуса рэактара расказалі толькі пасьля міжнароднага ціску. Урэшце корпус, які ўпаў, замянілі (расейцы зьбіраюцца выкарыстаць яго на іншай АЭС). Новы выпадкова стукнулі аб слуп, але пашкоджаньняў ня выявілі, вырашылі не мяняць корпус другі раз.
  • Адпрацаванае ядзернае паліва зь БелАЭС застанецца ў Беларусі. Эколягі сьцьвярджаюць, што Беларусь выбірае самы дарагі і небясьпечны спосаб захоўваць адпрацаванае паліва з АЭС.
  • У сакавіку 2023 літоўская выведка заявіла, што Беларусь і «Росатом» у мінулым годзе схавалі інцыдэнты і дэфэкты ў рэактарных сыстэмах на першым і другім энэргаблёках. У Міністэрстве энэргетыкі Беларусі адпрэчылі абвінавачаньні і заявілі, што такі даклад ёсьць «мэтанакіраванай акцыяй па дыскрэдытацыі БелАЭС».
  • Паводле словаў фізыка-атамніка Андрэя Ажароўскага, спыніць станцыю зараз будзе вельмі дорага. Пры гэтым ён схільны давяраць паведамленьням літоўскай выведкі. Шэраг ускосных прыкметаў сьведчыць аб тым, што на Астравецкай АЭС дзясяткі тысяч недаробак.
  • Ад пачатку працы АЭС у Беларусі і на пачатак лістападу 2023 электрычнасьць падаражэла на 21–22% у залежнасьці ад тарыфу.
  • Першы энэргаблёк АЭС сілкуе энэргасыстэму Беларусі з 3 лістапада 2020 году (прамыслова эксплюатуецца з чэрвеня 2021), другі — з 13 траўня 2023 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG