Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гэта чысты папулізм і крывадушнасьць». Чаму Рух супраць БелАЭС не аб’яднаў літоўскіх палітыкаў


Зьезд Руху супраць АЭС у Астраўцы
Зьезд Руху супраць АЭС у Астраўцы

У Вільні адбыўся першы зьезд Руху супраць Беларускай АЭС. Ён пазыцыянуе сябе як арганізацыю шырокага спэктру палітычных сілаў, якая будзе дамагацца закрыцьця станцыі ў Астраўцы. Але нават у самой у Літве ня ўсім палітыкам з гэтым рухам па дарозе.

Рух стварылі літоўскія кансэрватары, лібэралы і грамадзкія дзеячы. На першым зьезьдзе, які адбыўся ў нядзелю, перад прысутнымі выступілі і беларускія апазыцыянэры: Анатоль Лябедзька, Зьміцер Кучук і Павал Севярынец. Праз тэлефон удзельнікаў прывітала Сьвятлана Алексіевіч.

Зьезд прыняў тэкст звароту да Аляксандра Лукашэнкі і абвясьціў збор подпісаў пад зваротам у Эўрапейскі парлямэнт. Завершыць збор плянуюць да гадавіны выбуху на Чарнобыльскай АЭС, у красавіку.

Сход праігнаравала Літоўская сацыял-дэмакратычная партыя. Яна сьцьвярджае, што гэта выключна палітычны праект кансэрватараў пад выбары. Прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа дыпляматычна прывітаў удзельнікаў зьезду, але самога яго на зьезьдзе не было.

Свабода высьветліла, чаму справа БелАЭС, якая хвалюе абсалютную большасьць жыхароў Літвы, ня здолела аб’яднаць усю палітычную эліту краіны.

«Беларусь нам робіць сьвінства»

Вітаўтас Ландсбергіс
Вітаўтас Ландсбергіс

Першы кіраўнік незалежнай Літвы Вітаўтас Ландсбергіс, зьвязаны з кансэрватарамі, выступае ў Літве як адзін з галоўных праціўнікаў АЭС у Астраўцы. У інтэрвію Свабодзе ён заявіў, што калі Беларусь хоча быць сапраўды незалежнай дзяржавай, то павінна адмовіцца ад АЭС, якую ён называе «цалкам крамлёўскім праектам».

«Беларусь робіць нам сьвінства. Каля самай нашай мяжы. Гэтая мяжа ў выпадку аварыі ня спыніць радыянуклідаў, яны пойдуць у наш бок. Таму мы стварылі гэты Рух, каб нас пачулі беларусы. Гэта не антыбеларускі рух, мы жадаем росквіту і посьпехаў нашым суседзям. Мы разьлічваем на тое, што Беларусь нарэшце прачнецца і загаворыць сама. Гэта пытаньне волі Беларусі. Ці мае яна нейкае права голасу? Яна павінна сама вырашыць, кім яна хоча быць — незалежнай краінай ці калёніяй. Хай Беларусь нарэшце вырашыць, хто яна — зялёны чалавечак ці незалежная дзяржава. Яна павінна прамовіць сваім языком, чаго яна хоча. Спадар Лукашэнка павінен вырашыць, ці ён самастойны лідэр, ці падпарадкоўваецца царку ў Маскве».

Няўдзел у стварэньні руху партыі сацыял-дэмакратаў Ландсбергіс моцна раскрытыкаваў.

«Пра палітычнае выкарыстаньне гэтага пытаньня кажуць тыя, хто нічога іншага ня можа, акрамя як ляпаць языком. Сацыял-дэмакраты нічога не змаглі зрабіць супраць будаўніцтва БелАЭС. Іх перамовы зь Менскам вынікаў не даюць, бо ініцыятар АЭС сядзіць ня ў Менску, а ў Маскве. Гэты ініцыятар спрабуе нават разьбіць салідарнасьць балтыйскіх краін у гэтым пытаньні, спрабуючы падкупіць палітыкаў», — лічыць Вітаўтас Ландсбергіс.

«Мы ня хочам падманваць людзей, як гэта робяць кансэрватары»

Намесьніца старшыні Літоўскай сацыял-дэмакратычнай партыі, дэпутатка Сэйму Літвы Раса Будбяргіце ў інтэрвію Свабодзе назвала кансэрватараў крывадушнікі і папулістамі, якія хочуць зарабіць палітычны капітал на стварэньні Руху супраць БелАЭС.

Раса Будбяргіце
Раса Будбяргіце

«Мы таксама супраць гэтай АЭС. Але яна ўжо пабудаваная, таму для нас вельмі важна, каб яна была бясьпечнай. Але кансэрватары, нашыя вечныя палітычныя апанэнты, ствараюць гэты Рух, каб перамагчы на выбарах, маючы ворага. Яны заўсёды перамагаюць на выбарах, шукаючы ворага для нашай дзяржавы».

Раса Будбяргіце нагадала таксама, што калі больш за 10 гадоў таму пачыналася будаўніцтва АЭС у Астраўцы, у Літве кіравалі акурат кансэрватары.

«Яны практычна нічога не зрабілі, каб Астравецкая АЭС была ў іншым месцы. А цяпер, калі цягнік амаль сышоў, яны ствараюць нейкі рух. Гэта чысты папулізм пад выбары. Мы ня хочам у ім удзельнічаць. Яны проста хаваюцца за прыгожай ідэяй. Я вельмі шаную Вітаўтаса Ландсбергіса, але гэта вялікая крывадушнасьць. Мы ня хочам падманваць людзей, як гэта сёньня робяць кансэрватары. Яны ўзялі гэтую тэму на свой сьцяг, але сьцягам гэтую справу ня зьменіш», — сказала Раса Будбяргіце.

Палітык дадала, што яе партыя падтрымлівае прэзыдэнта Гітанаcа Наўседу, які выступае за перамовы зь Беларусьсю.

Ганаровы старшыня партыі і былы эўракамісар у пытаньнях здароўя і бясьпекі прадуктаў харчаваньня Віцяніс Андрукайціс перакананы, што ў Літвы засталася толькі адна магчымасьць — клапаціцца пра бясьпеку АЭС, патрабуючы ад Беларусі выконваць усе міжнародныя канвэнцыі.

Віцяніс Андрукайціс
Віцяніс Андрукайціс

«Трэба працаваць у рамках дамоваў, законаў, канвэнцыяў і міжнародных экспэртаў. А кансэрватарам трэба вечна гаварыць пра пагрозы. Чым больш ворагаў, тым больш ура-патрыятызму. Трэба быць рэалістамі, браць удзел у тэстах, удзельнічаць у экспэртызах. А правае крыло нашай сцэны хоча проста змабілізаваць сваіх выбарнікаў. Яны ўжо некалі прапаноўвалі закон аб акупацыйных стратах. Але калі прыйшлі да ўлады, то пра гэта забылі. Тое самае і тут. Яны муцяць ваду, але пасьля выбараў яны пра ўсё забудуць. Мы павінны дамагацца, каб замежныя экспэрты дбалі пра бясьпеку гэтай АЭС. Але ніякі рух не перанясе гэтую станцыю ў іншае месца», — перакананы Віцяніс Андрукайціс.

«Зь Беларусьсю трэба размаўляць з пазыцыі сілы»

Галоўны аналітык Інстытуту палітычнага аналізу ў Вільні Марус Лаўрынавічус лічыць, што ў палітызацыі пытаньня БелАЭС перад выбарамі можна вінаваціць як стваральнікаў Руху, так і яго крытыкаў. Ён кажа, што ніводзін літоўскі палітык не выступае за будаўніцтва АЭС у Астраўцы. Розьніца паміж рознымі палітычнымі сіламі ў падыходзе да таго, як зь БелАЭС змагацца.

— Чаму сацыял-дэмакраты крытыкуюць гэтую ініцыятыву?

— Частка насельніцтва Літвы сапраўды лічыць, што Рух — гэта перадвыбарчы праект. Але чаму б сацыял-дэмакратам тады да яго не далучыцца, калі справа хвалюе 90% жыхароў Літвы? Далучыўшыўся, яны маглі б не дазволіць выкарыстаць гэтае пытаньне ў перадвыбарнай кампаніі. Таму крытыка зь іхнага боку — звычайнае палітыканства.

Марус Лаўрынавічус
Марус Лаўрынавічус

— На чым палягаюць галоўныя рознагалосьсі?

— У стварэньні Руху ўдзельнічалі ня партыі. Гэта грамадзкі рух, да якога могуць далучыцца самыя розныя людзі. Магчыма, там ёсьць і нейкія сацыял-дэмакраты.

У Літве ніхто сярод палітычнай эліты не выступае за АЭС у Астраўцы. Такога ўвогуле няма. Ёсьць рознагалосьсі наконт таго, што цяпер рабіць. Адна частка на чале зь міністрам замежных справаў Лінасам Лінкявічусам кажа, маўляў, станцыя пабудаваная, гэта пагроза, але цяпер трэба практычна падыходзіць да пытаньня, казаць пра бясьпеку. Маўляў, калі не размаўляць зь беларускім бокам, то нічога ня зьменіцца.

Ёсьць іншы бок, які кажа, што нічога яшчэ не пабудавана. Ёсьць першы блёк, але ён ня ўведзены ў эксплюатацыю. І што трэба змагацца, каб не дапусьціць яе працы і спыніць будаўніцтва трох чарговых. Гэта тактычнае пытаньне і яно дзеліць палітычную эліту. Калі б нехта ў Літве падтрымаў АЭС, то гэта было б палітычнае самагубства.

— Ці выступаюць стваральнікі Руху за дыялёг зь Беларусьсю?

— Зь Беларусьсю няма пра што размаўляць. Гэта расейскі праект. Расейскія грошы, будуе «Росатом». Нават калі б мы размаўлялі зь Беларусьсю, АЭС і так пабудавалі б. Мы павінна размаўляць ня зь Менскам, а з ЗША і ЭЗ, з тымі сіламі, зь якімі мы разам можам гаварыць з пазыцыі сілы, як з Расеяй, так і зь Беларусьсю. А зь імі можна размаўляць толькі з пазыцыі сілы. Калі вы ня будзеце выконваць тое і гэтае, вам будзе гэта і гэта. Вось так трэба размаўляць зь Беларусьсю. А інакш размаўляць з дыктатарскім рэжымам няма ніякага сэнсу.

— Чаму, на вашу думку, дагэтуль няма адзінай пазыцыі краінаў Балтыі наконт закупкі энэргіі зь БелАЭС?

Пытаньне адмовы ад закупак энэргіі ўзьнікла паўтара года таму. Ёсьць розныя інтарэсы ў розных краінах, справа ідзе цяжка. Але нешта ідзе наперад. Не кажу, што гэта будзе на 100% і што можна казаць пра посьпех, але працэс ідзе. Яшчэ можна дасягнуць згоды. З Польшчай мы ўжо дамовіліся, таму ніхто іншы энэргію больш не купляў бы. Хіба толькі Расея.

— А што можа зрабіць Захад, каб Менск выканаў пастуляты Руху?

— АЭС — пагроза не для Літвы, а для ЭЗ. Мы памятаем, што было ў Чарнобылі. Ад аварыі пацярпела ня толькі Беларусь, але многія краіны. А гэтая станцыя месьціцца яшчэ бліжэй да Эўропы. Калі б Эўразьвяз разумеў бы гэтую пагрозу, то зрабіць можна было б шмат. Лукашэнка цяпер нібыта аднаўляе адносіны з Захадам. Таму Захад мае цудоўную магчымасьць выставіць умовы Менску. ЗША лічаць, што хочуць абараніць сувэрэнітэт Беларусі і такім чынам спыняць экспансію Расеі. Але калі гэтая АЭС будзе пабудаваная, то рукі Лукашэнкі будуць яшчэ больш зьвязаныя. Гэты праект яшчэ больш прывяжа Беларусь да Расеі.

— Да каго ў гэтай спрэчцы бліжэй прэзыдэнту Гітанасу Наўседу?

Сам прэзыдэнт ня ўдзельнічаў у сходзе Руху. Але перад гэтым ён выказаўся, заявіўшы, што было б добра, каб гэты рух нарадзіўся 10 гадоў таму. Але ён не сказаў, што цяпер ужо позна. Ён заявіў, што падтрымлівае мэты гэтага руху. Яго пазыцыю складана аднесьці да нейкага лягеру.

Парлямэнцкія выбары ў Літве павінны адбыцца ў кастрычніку.

Што варта ведаць пра БелАЭС

  • Беларуская АЭС ад 2011 году ўзводзілі пад Астраўцом, што ў Горадзенскай вобласьці, за 22 км ад мяжы зь Літвой, за 50 км ад Вільні і за 125 км ад Менску.
  • Тэрміны запуску некалькі разоў пераносілі. Першапачаткова запуск плянаваўся на 2018 год, Лукашэнка пазьней заяўляў, што тэрміны сарвала Расея. Урэшце цырымонія запуску АЭС прайшла 7 лістапада 2020 году.
  • Для будаўніцтва абраны праект АЭС-2006 — тыповы расейскі праект атамнай станцыі новага пакаленьня з выкарыстаньнем вода-вадзянога энэргетычнага рэактара ВВЭР-1200. Паводле такога ж праекту збудаваныя блёкі Новаваронескай АЭС і Ленінградзкай АЭС-2, што працуюць у Расеі.
  • БелАЭС будуе расейская дзяржаўная кампанія «Росатом» за кошт крэдыту Расеі. Беларусь пазычыла да 10 млрд даляраў для фінансаваньня 90% кошту будаўніцтва двух энэргаблёкаў АЭС. Пагашэньне крэдыту пачынаецца праз 6 месяцаў з даты ўводу АЭС у эксплюатацыю, але не пазьней за 1 красавіка 2021 году. Беларусь папрасіла Расею падоўжыць крэдыт на 10 гадоў.
  • На станцыі будуць два энэргаблёкі з рэактарамі ВВЭР-1200 (В-491) магутнасьцю да 1200 МВт кожны. Праектная магутнасьць АЭС — 2,4 тысячы МВт. Калі АЭС запрацуе на поўную магутнасьць, станцыя дасьць 18 мільярдаў кіляват-гадзін на год — палову таго, колькі цяпер спажывае Беларусь.
  • Літва ня раз ставіла пад сумнеў абраньне для будаўніцтва АЭС астравецкай пляцоўкі. Краіна называла 10 прычын, каб не будаваць БелАЭС, абвінавачвала беларускія ўлады ва ўтойваньні інфармацыі пра станцыю. Літва пратэстуе супраць БелАЭС на найвышэйшым дзяржаўным узроўні, выказвае пратэсты ў міжнародных структурах. Літву падтрымлівае прэзыдэнтка Эстоніі.
  • Пляцоўка Астравецкай АЭС была прызнаная небясьпечнай яшчэ ў 1993 годзе. Тады было знойдзена 7 прыдатных пляцовак, 15 умерана прыдатных і 6 непрыдатных. Астравецкая пляцоўка трапіла ў лік апошніх.
  • Улады і чыноўнікі Беларусі нясьпешна рэагуюць на паведамленьні пра інцыдэнты на будаўніцтве ўласнай атамнай станцыі. Звычайна пра здарэньні на БелАЭС афіцыйна расказваюць толькі пасьля таго, як зьвесткі пра іх зьяўляюцца ў СМІ — так, пра падзеньне корпуса рэактара расказалі толькі пасьля міжнароднага ціску. Урэшце корпус, які ўпаў, замянілі (расейцы зьбіраюцца выкарыстаць яго на іншай АЭС). Новы выпадкова стукнулі аб слуп, але пашкоджаньняў ня выявілі, вырашылі не мяняць корпус другі раз.
  • Адпрацаванае ядзернае паліва зь БелАЭС застанецца ў Беларусі. Эколягі сьцьвярджаюць, што Беларусь выбірае самы дарагі і небясьпечны спосаб захоўваць адпрацаванае паліва з АЭС.
  • У сакавіку 2023 літоўская выведка заявіла, што Беларусь і «Росатом» у мінулым годзе схавалі інцыдэнты і дэфэкты ў рэактарных сыстэмах на першым і другім энэргаблёках. У Міністэрстве энэргетыкі Беларусі адпрэчылі абвінавачаньні і заявілі, што такі даклад ёсьць «мэтанакіраванай акцыяй па дыскрэдытацыі БелАЭС».
  • Паводле словаў фізыка-атамніка Андрэя Ажароўскага, спыніць станцыю зараз будзе вельмі дорага. Пры гэтым ён схільны давяраць паведамленьням літоўскай выведкі. Шэраг ускосных прыкметаў сьведчыць аб тым, што на Астравецкай АЭС дзясяткі тысяч недаробак.
  • Ад пачатку працы АЭС у Беларусі і на пачатак лістападу 2023 электрычнасьць падаражэла на 21–22% у залежнасьці ад тарыфу.
  • Першы энэргаблёк АЭС сілкуе энэргасыстэму Беларусі з 3 лістапада 2020 году (прамыслова эксплюатуецца з чэрвеня 2021), другі — з 13 траўня 2023 году.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG