Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Літве заснавалі «Рух супраць Астравецкай АЭС»


БелАЭС

Грамадзкі рух супрацьдзеяньня праекту будаванай Беларусьсю побач зь літоўскай мяжой і за 50 км ад Вільні атамнай электрастанцыі (БелАЭС) створаны ў Літве. Рашэньне аб гэтым было зацьверджана ў суботу на ўстаноўчым пасяджэньні ініцыятыўнай групы.

«У задачы нашага руху ўваходзіць дамагацца таго, каб Эўразьвяз пачуў пазыцыю Літвы наконт БелАЭС і падтрымаў яе ўсімі магчымымі сродкамі, каб ядзерны праект Беларусі, калі яго немагчыма спыніць, не атрымаў далейшага разьвіцьця», — адзначыў адзін з ініцыятараў дэпутат Сойму Жыгімантас Павілёніс.

Рух мае намер усяляк падтрымліваць намаганьні прэзыдэнта Гітанаса Наўседы, накіраваныя на тое, каб дамагчыся салідарнага рашэньня эўрапейскіх партнэраў Літвы не закупляць электраэнэргію БелАЭС, якую Вільня лічыць небясьпечнай. Паводле задумы ініцыятараў, грамадзкі рух мае стаць цэнтрам, які будзе пастаянна нагадваць пра небясьпеку зьяўленьня гэтага ядзернага аб’екта.

Ініцыятыўную групу склалі некалькі дзясяткаў чалавек, у тым ліку дэпутаты парлямэнту і Эўрапарлямэнту, экс-міністар замежных справаў, экс-кіраўнік дэпартамэнту дзяржаўнай бясьпекі, шэраг палітыкаў ад апазыцыі і грамадзкіх дзеячоў. Рух адкрыты для ўсіх, хто падзяляе яго пазыцыю. 15 лютага плянуецца правесьці зьезд.

Прафэсар Вітаўтас Ландсбергіс у сваім выступленьні сказаў, што ніколі ня позна сказаць небясьпецы і несправядлівасьці "не". Хоць нельга адмаўляць, што папярэднія ўрады ў дачыненьні да Астравецкай АЭС дапусьцілі памылкі, грамадзкасьць павінна спытаць сябе: "Што мы можам зрабіць цяпер?" Голас Літвы можа і мусіць быць пачуты, але для гэтага трэба працаваць разам.

Адзін з заснавальнікаў, дэпутат Эўрапарлямэнту Пятрас Аўштравічус зьвярнуў увагу, што ў Літве пануе ўяўленьне, што Астравецкая АЭС ужо пабудаваная і што грамадзтва ўжо нічога ня можа зрабіць. Аднак гэта недакладна - беларускія ўлады плянуюць далей разьвіваць праект небясьпечнай электрастанцыі, таму, безумоўна, яшчэ ня позна актыўна выступаць супраць гэтых плянаў.

Дэпутат Сойму, пасол Жыгімантас Павілёніс заявіў, што Ру супраць Астравецкай АЭС плянуе аб’яднаць усе палітычныя сілы і грамадзкія рухі, якія ня толькі падтрымліваьць зялёны курс Эўропы і зялёную энэргетыку Літвы, але і імкнуцца дапамагчы прэзыдэнту Гітанасу Наўседу дасягнуць ягонай мэты, каб усе краіны ЭЗ ухвалілі электраэмбарга зь небясьпечнай АЭС.

“Падчас першага зьезду Руху супраць Астравецкай АЭС мы ініцыюем эўрапейскую пэтыцыю супраць гэтай атамнай электрастанцыі - некалькі гадоў таму мы сабралі 65 000 подпісаў грамадзянаў Літвы, цяпер усе разам, выкарыстоўваючы ўсе нашыя сувязі на Захадзе, мы мусім пераканаць нашых братоў і сясьцёр эўрапейцаў, што Астравец - экзыстэнцыйная небясьпека для ўсёй Эўропы”, заявіў Павілёніс.

Будаўніцтва БелАЭС, якое ажыцьцяўляецца пры ўдзеле расейскай дзяржаўнай карпарацыі «Росатом», пачалося ў 2009 годзе каля гораду Астравец (Горадзенская вобласьць). Вільня лічыць будаўніцтва станцыі небясьпечным і сьцьвярджае, што Менск ня схільны прытрымлівацца міжнародных патрабаваньняў у сфэры ядзернай энэргетыкі. У Беларусі сьцьвярджаюць, што прэтэнзіі Літвы ляжаць у палітычнай плоскасьці. У Менску ня раз падкрэсьлівалі, што бясьпека АЭС будзе забясьпечаная ў адпаведнасьці з самымі высокімі стандартамі. Згодна з плянам, першы блёк станцыі мае быць пушчаны яшчэ сёлета.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG