Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украіна мусіць мець агульную з Эўразьвязам пазыцыю па атамнай энэргіі зь Беларусі, — экс-кіраўнік украінскага МЗС


Экс-міністар замежных спраў Украіны Паўло Клімкін, які цяпер кіруе праграмай эўрапейскіх, рэгіянальных і расейскіх дасьледаваньняў Украінскага інстытуту будучыні
Экс-міністар замежных спраў Украіны Паўло Клімкін, які цяпер кіруе праграмай эўрапейскіх, рэгіянальных і расейскіх дасьледаваньняў Украінскага інстытуту будучыні

Колішні міністар замежных спраў Украіны Паўло Клімкін, які цяпер кіруе праграмай эўрапейскіх, рэгіянальных і расейскіх дасьледаваньняў Украінскага інстытуту будучыні, заяўляе, што Ўкраіна мусіць сфармаваць супольную з краінамі Эўразьвязу пазыцыю аб немагчымасьці набываць атамную электраэнэргію зь Беларусі да выкананьня беларускім бокам усіх захадаў бясьпекі Астравецкай АЭС.

Паўло Клімкін мяркуе, што будаўніцтва Расеяй атамнай станцыі ў Астраўцы зьяўляецца небясьпечным праектам. Ён перакананы, што Эўропа мусіць прапанаваць Беларусі стратэгію, якая будзе прадугледжваць, з аднаго боку, элемэнты дапамогі для выкананьня ўсіх патрабаваньняў бясьпекі, а зь іншага — санкцыі на выпадак, калі адпаведныя захады ня будуць выкананыя.

«Калі гаворка ідзе пра ядзерную бясьпеку, эмоцыі заўсёды бушуюць. Для краін, якія найбольш пацярпелі ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, гэта больш, чым палітыка. Таму міжнародная супольнасьць павінна вызначыць бачаньне таго, што трэба зрабіць для выкананьня ўсіх неабходных стандартаў ядзернай бясьпекі для атамнай электрастанцыі ў Беларусі. Перш, чым гуляць у палітыку, трэба дамовіцца, што ўсе патрабаваньні аб узмацненьні бясьпекі, сфармуляваныя эўрапейскімі інстытуцыямі, павінны быць выкананыя да ўвядзеньня ў эксплюатацыю. Гэта павінна быць альфай і амегай супольнай пазыцыі», — цытуе Паўла Клімкіна сайт Украінскага інстытуту будучыні.

Менавіта таму Паўло Клімкін лічыць неабходным, каб Украіна і Эўразьвяз сфармулявалі супольную пазыцыю аб немагчымасьці набываць у Беларусі атамную энэргію без гарантаваньня ўсіх стандартаў бясьпекі.

«Калі такая пазыцыя будзе сфармуляваная ў Эўразьвязе і яе будуць прытрымлівацца, то паўстане пытаньне для Украіны. Набыцьцё намі электраэнэргіі будзе разглядацца як ўдар па агульнай пазыцыі салідарнасьці. Мы пачуем простае пытаньне: калі вы хочаце нашай дапамогі адносна "Паўночнага патоку-2″, то чаму вы адмаўляеце нам у салідарнасьці? Для Расеі "пасадзіць" Эўразьвяз на іголку экспарту адносна таннай электраэнэргіі — гэта амаль тое самае, што прывязаць да свайго газу. Мы павінны ўдзельнічаць у распрацоўцы і рэалізацыі агульнай стратэгіі, інакш іншыя будуць граць за нас», — патлумачыў экс-міністар замежных спраў Украіны.

7 лютага прэмʼер-міністар Літвы Саўлюс Сквярняліс заявіў, што краіны Балтыі дамовіліся падпісаць дэклярацыю аб намерах не купляць электраэнэргію з Астравецкай АЭС.

Летась у лістападзе стала вядома, што Ўкраіна ў 2020 годзе плянуе закупіць у Беларусі 2,1 мільярда кіляват-гадзін электраэнэргіі. Такі аб’ём ўключаны ў прагнозны балянс электрычнай энэргіі Аб’яднанай электрычнай сыстэмы Ўкраіны. Гэта амаль траціна ад заплянаванага на 2020 год аб’ёму вытворчасьці электраэнэргіі БелАЭС: згодна з Канцэпцыяй энэргетычнай бясьпекі Беларусі, БелАЭС у 2020 годзе будзе выпрацоўваць 7,1 мільярдаў кіляват-гадзін. Пры гэтым агульны аб’ём вытворчасьці электраэнэргіі ў Беларусі, як мяркуецца, складзе 39,9 мільярдаў кіляват-гадзін.

Пытаньне паставак ва Ўкраіну энэргіі зь Беларускай АЭС занепакоіла і літоўскі бок — гэтую тэму ўзьняў прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа ў лістападзе 2019 году, у часе візыту ў Вільню прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага. Пасьля размовы Ўладзімір Зяленскі сказаў, што абмяркуе пытаньне БелАЭС са сваім міністрам энэргетыкі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG