Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь знайшла найбуйнейшага замежнага спажыўца сваёй атамнай энэргіі


Украіна ў 2020 годзе плянуе закупіць у Беларусі 2,1 мільярда кіляват-гадзін электраэнэргіі. Такі аб’ём ужо ўключаны ў прагнозны балянс электрычнай энэргіі Аб’яднанай электрычнай сыстэмы Ўкраіны налета.

Гэта амаль траціна ад заплянаванага на 2020 год аб’ёму вытворчасьці электраэнэргіі БелАЭС: згодна з Канцэпцыяй энэргетычнай бясьпекі Беларусі, БелАЭС у 2020 годзе будзе выпрацоўваць 7,1 мільярдаў кіляват-гадзін. Пры гэтым агульны аб’ём вытворчасьці электраэнэргіі ў Беларусі, як мяркуецца, складзе 39,9 мільярдаў кіляват-гадзін.

Аляксей Оржэль
Аляксей Оржэль

«Электраэнэргія сярод прыярытэтных пытаньняў. Беларуская АЭС мае пачаць працаваць у лютым, можа быць лішак электраэнэргіі. Зразумела, варта ўлічваць пэўныя аб’ёмы міждзяржаўнага ператоку ў энэргетыцы», — заявіў міністар энэргетыкі і аховы навакольля Ўкраіны Аляксей Оржэль на пасяджэньні ўкраінска-беларускай працоўнай групы супрацы ў паліўна-энэргетычным комплексе.

Пры гэтым у Кіеве падкрэсьлілі, што ідзецца выключна пра пастаўку беларускай энэргіі на ўнутраны рынак, а не для яе далейшага рээкспарту.

Беларускі і ўкраінскі бакі заявілі таксама аб намеры пабудаваць новыя электрасеткі. Найперш — між украінскай Роўненшчынай і беларускай Берасьцейшчынай. Апроч таго, плянуецца мадэрнізаваць ужо існыя паветраныя лініі электраперадачы Мазыр — Чарнобыльская АЭС і Гомель — Чарнігаў.

Украінскія энэргетыкі супраць

Аднаўленьне паставак ва Ўкраіну электраэнэргіі зь Беларусі, Славаччыны, Вугоршчыны і Расеі выклікала незадаволенасьць прафсаюзу працаўнікоў энэргетыкі і электратэхнічнай прамысловасьці Ўкраіны. У зваротах да прэзыдэнта Ўладзіміра Зяленскага і прэм’ер-міністра Аляксея Ганчарука прафсаюз заявіў аб крызісе ў галіне і пагрозе закрыцьця 100 тысяч працоўных месцаў у нацыянальнай энэргетыцы.

«Аб’яднаная энэргетычная сыстэма Ўкраіны працуе ў складаных умовах празь непартнэрскія дзеяньні з боку Расейскай Фэдэрацыі і Рэспублікі Беларусі. Расейскія і беларускія кампаніі заключаюць наўпроставыя двухбаковыя дамовы з украінскімі прадпрыемствамі — энергаёмістымі спажыўцамі, што аўтаматычна выціскае з рынку ўкраінскіх вытворцаў электраэнэргіі. Павелічэньне імпарту электраэнэргіі ўжо прывяло да вымушанага спыненьня некаторых украінскіх энэргаблёкаў цеплаэлектрастанцыяў», — адзначаецца ў звароце.

Апроч таго, прафсаюз зьвяртае ўвагу, што цэнавы дэмпінг расейскіх і беларускіх кампаніяў ужо прыводзіць да выцісканьня дзяржаўнай кампаніі «Энэргаатам» з уласнага рынку.

«Неабмежаваныя аб’ёмы імпарту электраэнэргіі на ўкраінскі рынак могуць цалкам замясціць ўсю айчынную цеплавую генэрацыю, ня здольную канкураваць з дэмпінгавымі цэнамі імпарту. Пры такіх умовах украінскі вугаль становіцца непатрэбным, і Ўкраіна вымушана будзе скарачаць яго здабычу. Усё гэта пагражае спыненьнем прадпрыемстваў паліўна-энэргетычнага комплексу», — адзначаюць у прафсаюзе.

З моманту адкрыцьця энэргетычнага рынку ва Ўкраіне Беларусь цягам ліпеня—кастрычніка паставіла ўкраінскім спажыўцам 644,9 мільёна кіляват-гадзін і выйшла на першае месца ў аб’емах паставак. На другім месцы Славаччына (573,8 мільёна кіляват-гадзін), на трэцім Вугоршчына (191,5 мільёна) і на апошнім месцы Расея (127,9 мільёна кіляват-гадзін).

Што варта ведаць пра БелАЭС

  • Беларуская АЭС ад 2011 году ўзводзіцца пад Астраўцом, што ў Горадзенскай вобласьці, у 22 км ад мяжы зь Літвой, у каля 50 км ад Вільні і 125 км ад Менску.

  • Запуск першага энэргаблёку запляналі на пачатак 2020 году, другога — на ліпень 2020-га. Першапачаткова запуск плянаваўся на 2018 год, Аляксандар Лукашэнка заяўляў, што тэрміны сарвала Расея.
  • Для яе будаўніцтва выбраны праект АЭС-2006 — тыпавы расейскі праект атамнай станцыі новага пакаленьня з выкарыстаньнем вода-вадзянога энэргетычнага рэактара ВВЭР-1200. Паводле такога ж праекту ў Расеі працуюць блёкі Новаваронескай АЭС і Ленінградзкай АЭС-2.
  • Астравецкая АЭС узводзіцца расейцамі — дзяржаўнай кампаніяй «Росатом» — за кошт крэдыту Расеі. Беларусь пазычыла да 10 млрд даляраў для фінансаваньня 90% кошту будаўніцтва двух энэргаблёкаў АЭС. Пагашэньне крэдыту пачынаецца праз 6 месяцаў з даты ўводу ў эксплёатацыю АЭС, але не пазьней за 1 красавіка 2021 году. Беларусь просіць Расею падоўжыць крэдыт на 10 гадоў.
  • На станцыі будуць два энэргаблёкі з рэактарамі ВВЭР-1200 (В-491) магутнасьцю да 1200 МВт кожны. То бок праектная магутнасьць АЭС — 2,4 тысячы МВт. Калі АЭС запрацуе на поўную магутнасьць, станцыя дасьць 18 мільярдаў кіляват-гадзін на год — палову таго, колькі цяпер спажывае Беларусь.
  • Літва ня раз ставіла пад сумнеў абраньне для будаўніцтва АЭС астравецкай пляцоўкі. Краіна называла 10 прычынаў не будаваць БелАЭС. Літва пратэстуе супраць БелАЭС на найвышэйшым дзяржаўным узроўні, выказвае пратэсты ў міжнародных структурах. Літву падтрымлівае прэзыдэнтка Эстоніі.
  • Пляцоўка Астравецкай АЭС была прызнаная небясьпечнай яшчэ ў 1993 годзе. Тады было знойдзена 7 прыдатных пляцовак, 15 умерана прыдатных і 6 непрыдатных. Астравецкая пляцоўка трапіла ў лік апошніх.
  • Улады і чыноўнікі Беларусі нясьпешна рэагуюць на паведамленьні пра інцыдэнты на будаўніцтве ўласнай атамнай станцыі. Звычайна пра здарэньні на БелАЭС афіцыйна расказваюць пасьля таго, як зьвесткі пра іх зьяўляюцца ў СМІ — так, пра падзеньне корпуса рэактара расказалі толькі пасьля міжнароднага ціску. Урэшце корпус, які ўпаў, замянілі (расейцы зьбіраюцца выкарыстаць яго на іншай АЭС). Новы выпадкова стукнулі аб слуп, але пашкоджаньняў ня выявілі, вырашылі не мяняць корпус другі раз.
  • Адпрацаванае ядзернае паліва зь БелАЭС застанецца ў Беларусі. Эколягі сьцьвярджаюць, што Беларусь выбірае самы дарагі і небясьпечны спосаб захоўваць адпрацаванае паліва з АЭС.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG