Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь стала найбольшым пастаўшчыком электраэнэргіі ва Ўкраіну


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

З моманту адкрыцьця энэргетычнага рынку ва Ўкраіне Беларусь цягам ліпеня — кастрычніка паставіла ўкраінскім спажыўцам 644,9 мільёна кіляват-гадзін.

Як паведамілі Свабодзе ў Нацыянальнай кампаніі «Укренерго», Беларусь пакуль што займае найбольшую долю ўкраінскага рынку імпартаванай электраэнэргіі. На другім месцы па абʼёмах паставак Славаччына (573,8 мільёна кіляват-гадзін), на трэцім — Вугоршчына (191,5 мільёна), і на апошнім месцы Расея (127,9 мільёна кіляват-гадзін).

Экспэрт Украінскага інстытуту будучыні Ігар Тышкевіч лічыць «лягічнымі» такія вынікі супрацы Беларусі і Ўкраіны:

«Ва Ўкраіне прыкладна палова электраэнэргіі вырабляецца атамнымі электрастанцыямі, яна найбольш танная. Каля 12% вырабляюць гідраэлектрастанцыі, а рэшта — генэрацыя вугальных станцый, найбольш вартасная. На спажывецкі рынак у першую чаргу дапускаецца атамная генэрацыя. Для прамысловасьці таннай электрыкі практычна не застаецца. І на гэтым тле імпарт электраэнэргіі вельмі выгадны менавіта для буйных прамысловых спажыўцоў».

Ігар Тышкевіч мяркуе, што такім чынам Беларусь рыхтуецца да экспарту на ўкраінскі рынак атамнай электраэнэргіі.

«Улічваючы пляны Ўкраіны закрыць на рамонт некалькі блёкаў атамных электрастанцый, тэарэтычна Беларусь можа выйсьці на стабільныя абʼёмы прыкладна 800 мэгават на лініі, і гэта большая частка абʼёму, які будзе генэраваць атамная электрастанцыя. Для Беларусі, пасьля запуску першага блёку атамнай электрастанцыі, гэта адна з магчымасьцяў акупіць выдаткі на запуск станцыі. І, адпаведна, такая палітыка вымалёўвалася ўжо недзе зь лютага гэтага году, а цяпер ужо рэалізуецца ў канкрэтныя дамовы».

Сёлета ў верасьні Ўкраіна афіцыйна паведаміла аб аднаўленьні паставак электраэнэргіі зь Беларусі. Апэратарам зь беларускага боку стала кампанія «Белэнэрга», а трэйдэрам беларускай электраэнэргіі ва Ўкраіне — ТАА «Газопостачальна компанія „Нафтогаз України“», якая ўваходзіць у групу «Нафтогаз».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG