Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь істотна павялічыла пастаўкі бульбы ва Ўкраіну. У Кіеве сьцьвярджаюць, што гэта рээкспарт з Расеі


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Як паведамляе Белстат, Беларусь у студзені — жніўні ў 60 разоў павялічыла абʼём паставак бульбы ва Ўкраіну — да 17,6 тысячы тон, агулам на 2,269 мільёна даляраў. Летась у гэты ж пэрыяд Беларусь экспартавала ўсяго 279 тон бульбы.

Дзяржаўная статыстычная служба Ўкраіна надае іншыя лічбы: паводле яе, Украіна ў студзені — жніўні 2019-га закупіла ў Беларусі 15,8 тысячы тон бульбы, на 2,7 мільёна даляраў. Гаворка ідзе аб прадукцыі, якая пазначаецца ў замежным гандлі як «Бульба сьвежая або ахалоджаная».

Бульба зь Беларусі ці Расеі?

Аналітыкі Ўкраінскай плодаагародніннай асацыяцыі паведамляюць, што ў кастрычніку ўвоз замежнай бульбы дасягнуў крытычнай адзнакі:

«У гэтым месяцы ў краіну ўвезена 92,6 тысячы тон таварнай бульбы. Больш, чым калі-небудзь у гісторыі Ўкраіны цягам аднаго году. Усяго з пачатку сэзону 2019/2020 краіна ўжо імпартавала больш за 142 тысячы тон бульбы — у 529 разоў больш, чым за аналягічны пэрыяд папярэдняга сэзону».

Паводле арганізацыі, цяпер цана аднаго кіляграма бульбы ва Ўкраіне вышэйшая на 10 цэнтаў, чым у Польшчы, і на 20 цэнтаў, чым у Расеі.

«І хоць афіцыйна бульба пастаўляецца ў асноўным зь Беларусі, дзе цэны таксама ўдвая ніжэйшыя, чым ва Ўкраіне, але большая частка гэтай бульбы мае расейскае паходжаньне. І наўпроставыя пастаўкі бульбы ва Ўкраіну з Расейскай Фэдэрацыі таксама ажыцьцяўляюцца. Выяўляецца, забароны на такія пастаўкі няма», — адзначылі ў асацыяцыі.

Ускосна на карысьць такіх падазрэньняў можа сьведчыць і беларуская статыстыка: паводле яе, сёлета Беларусь амаль у чатыры разы павялічыла імпарт бульбы з Расеі — з 1,9 тысячы тон у студзені — жніўні 2018-га да 4,8 тысячы тон у аналягічны пэрыяд 2019 году. Кошт гэтай пастаўкі склаў больш за 1 мільён даляраў.

Украіна — Расея: гандаль ва ўмовах узаемных санцый

Пасьля анэксіі Расеяй Крыму і пачатку баявых дзеяньняў на Данбасе ў 2014 годзе краіны Эўропы і ЗША ўвялі эканамічныя санкцыі супраць расейскіх кампаній і фізычных асобаў, датычных да агрэсіўных дзеяньняў супраць Украіны. Кіеў уключыўся ў санкцыйную вайну ў канцы 2015-га.

Ад таго часу ўкраінскі ўрад паступова пашыраў пералік гандлёвых абмежаваньняў, у тым ліку і праз антыдэмпінгавыя расьсьледаваньні. Сёлета ў траўні забаранілі пастаўкі расейскага цэмэнту і драўняных вырабаў, а з 1 жніўня ўводзіцца адмысловае мыта на ўсе віды прадукцыі расейскага паходжаньня. Выключэньні зробленыя толькі для вугалю, коксу, бэнзіну, звадкаванага газу і фармацэўтычнай прадукцыі. На іншыя тавары забарона ў гандлі афіцыйна ня ўводзілася. Але кампаніі маюць абмежваць сваю супрацу з Расеяй.

Крытычную для Ўкраіны прадукцыю са свайго боку абмежавала Расея — з 1 чэрвеня спынілася пастаўка сырой нафты і зьмянілася сыстэма экспарту нафтапрадуктаў на ўкраінскі рынак. Каб пастаўляць дызэльнае паліва і бэнзін, трэба атрымаць спэцыяльны дазвол Міністэрства эканамічнага разьвіцьця Расеі.

Да бульбы быў вугаль

На пачатку 2019 году стала вядома пра беларускі экспарт каменнага вугалю ва Ўкраіну, калі Белстат абнародаваў статыстыку замежнага гандлю за 2018 год. Ва ўкраінскай статыстыцы адпаведныя зьвесткі адсутнічалі.

Як высьветлілася ў часе расьсьледаваньня Свабоды, антрацыт з Данбасу пастаўляўся празь Беларусь ня толькі ва Ўкраіну, а і ў краіны Эўразьвязу.

У траўні 2019 году Галоўнае сьледчае ўпраўленьне Службы бясьпекі Ўкраіны адкрыла крымінальную справу на некалькі ўкраінскіх грамадзян і «нявызначаных сьледзтвам іншаземцаў» аб стварэньні тэрарыстычнай групоўкі, якая арганізавала незаконную схему пастаўкі ва Ўкраіну вугалю з акупаванай тэрыторыі Данбасу празь Беларусь і эўрапейскія краіны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG