Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Санкцыйная вайна паміж Расеяй і Ўкраінай. Хто больш плаціць за абмежаваньні?


Пасьля анэксіі Расеяй Крыму і пачатку баявых дзеяньняў на Данбасе ў 2014 годзе краіны Эўропы і ЗША ўвялі эканамічныя санкцыі супраць расейскіх кампаній і фізычных асобаў, датычных да агрэсіўных дзеяньняў супраць Украіны. Кіеў уключыўся ў санкцыйную вайну ў канцы 2015-га.

Ад таго часу ўкраінскі ўрад паступова пашыраў пералік гандлёвых абмежаваньняў, у тым ліку і праз антыдэмпінгавыя расьсьледаваньні. Сёлета ў траўні забароненыя пастаўкі расейскага цэмэнту і драўляных вырабаў, а з 1 жніўня ўводзіцца адмысловае мыта на ўсе віды прадукцыі расейскага паходжаньня. Выключэньні зробленыя толькі для вугалю, коксу, бэнзіну, звадкаванага газу і фармацэўтычнай прадукцыі.

Крытычную для Ўкраіны прадукцыю, са свайго боку, абмяжоўвае Расея — з 1 чэрвеня спыняецца пастаўка сырой нафты і зьмяняецца сыстэма экспарту нафтапрадуктаў на ўкраінскі рынак. Каб пастаўляць дызэльнае паліва і бэнзін, трэба будзе атрымаць спэцыяльны дазвол Міністэрства эканамічнага разьвіцьця Расеі.

Свабода высьвятляла, як паўплывалі ўзаемныя абмежаваньні краін на гандлёвыя дачыненьні і нацыянальныя эканомікі.

Гандаль за два гады да вайны

Гандлёвыя дачыненьні Ўкраіны і Расеі дасягнулі рэкорду ў 2011 годзе — тады ўзаемны абмен таварамі і паслугамі вымяраўся дзясяткамі мільярдаў даляраў. Пастаўкі з Расеі ацэньваліся ў 30 мільярдаў даляраў, з Украіны — у 25 мільярдаў. Першае падзеньне аб’ёмаў гандлю адбылося ў 2012-м, у 2014-м гандаль скараціўся ў два разы, а летась — у 10 разоў, да ўзроўню 2011-га.

Ігар Буракоўскі
Ігар Буракоўскі

Дырэктар Інстытуту эканамічных дасьледаваньняў і палітычных кансультацый Ігар Буракоўскі падкрэсьліў, што ўстойлівае скарачэньне аб’ёму гандлю паміж Расеяй і Ўкраінай у 2012–2013 гадах стала вынікам не палітычных праблемаў, а зьменаў у краінах, у іх нацыянальных эканоміках і ва ўзаемнай запатрабаванасьці прадукцыі. Санкцыі толькі завяршылі гэтую тэндэнцыю.

«Санкцыі ня ёсьць аўтаномным інструмэнтам эканамічнай палітыкі. Яны ўводзяцца ў адказ на нейкія падзеі. Каб не было расейскай агрэсіі і анэксіі Крыму, зразумела, ніхто б іх ня ўводзіў, і іх ацэнка ня мела б ніякага палітычнага зьместу. Цяпер мы зыходзім з таго, што ёсьць анэксія Крыму, ёсьць справакаваная Расеяй вайна на ўсходзе Ўкраіны, і таму ў дадзеным выпадку наша супраца з Расеяй вызначаецца менавіта гэтым канкрэтным фактам», — сказаў Свабодзе Ігар Буракоўскі.

Чым гандлявалі і што страцілі

Як і ў выпадку зь Беларусьсю, асноўную частку (каля 70%) украінскага імпарту з Расеі складалі нафта і нафтапрадукты, коксава-бітумінозны вугаль, мінэральныя ўгнаеньні і ядзернае паліва. Так, дарэчы, застаецца і па сёньня.

«Усё гэта можна замяніць іншымі пастаўшчыкамі, хоць зразумела, што замяшчэньне пастаўшчыка з Расеі на пастаўшчыка з Эўразьвязу азначае страту часу, з аднаго боку, а зь іншага — не заўсёды таньней. Тым ня менш гэта можна зрабіць, і тут якраз пытаньне ня столькі да дзяржавы, колькі да бізнэсу. На ўсясьветным рынку можна набыць любы тавар. Але патрэбныя адпаведныя выдаткі на адаптацыю да новых пастаўшчыкоў. І яшчэ раз хачу падкрэсьліць: нельга ацэньваць па-за палітычным кантэкстам санкцыі, якія ўзаемна ўводзяць Украіна і Расея», — дадаў эканаміст.

Міністэрства эканамічнага разьвіцьця і гандлю Ўкраіны ацэньвае ўплыў расейскіх санкцый толькі па дызэльным паліве і вугалі больш як на 4 мільярды даляраў на год. Расея штогод страчвае ў гандлі з Украінай 193,3 мільёна даляраў пасьля забароны паставак украінскіх трубаў, папяровай прадукцыі, складнікаў машын і агрэгатаў, панчошна-шкарпэткавых вырабаў, алею і іншых прадуктаў высокатэмпэратурнай перагонкі каменнавугальных смолаў.

У грашовым вымярэньні ад моманту ўвядзеньня ўзаемных санкцый краіны страцілі ў гандлі прыкладна аднолькава: Украіна — 4,3 мільярда даляраў, а Расея — 4,1 мільярда. Калі ж параўноўваць цяперашнюю гандлёвую статыстыку з дадзенымі 2011 году, то Ўкраіна недаатрымала ў гандлі з Расеяй больш як 20 мільярдаў даляраў, а Расея — 26 мільярдаў. Увогуле ж, кажа Ігар Буракоўскі, дакладна вызначыць эфэкт ад санкцый досыць складана, бо гэтая лічба залежыць ад шмат якіх фактараў.

«Зразумела, што любое пераналаджваньне дачыненьняў з адной схемы на іншую патрабуе дадатковых выдаткаў. Калі ў нас быў шматгадовы пастаўшчык, а цяпер трэба хутка замясьціць гэтую прадукцыю, то відавочна, што ад новага пастаўшчыка мы не атрымаем такіх крэдытных умоў. Хоць, канечне, усё індывідуальна і залежыць ад таго, якія былі каналы закупак — непасрэдна ў вытворцы ці ў гандлёвых арганізацый. Тыя ж угнаеньні мы маглі купляць празь нейкія эўрапейскія структуры на гандлёвыя дамы ці кампаніі, якія, у сваю чаргу, набывалі гэтую прадукцыю ў Расеі і пастаўлялі яе па ўсім сьвеце», — патлумачыў Ігар Буракоўскі.

Яшчэ адзін фактар абумоўлены неабходнасьцю разьвіваць уласную вытворчасьць, каб атрымаць сваю прадукцыю замест забароненай.

«Але тут трэба глядзець на адпаведныя ўкраінскія магутнасьці, як яны працуюць, каму пастаўляюць, ці гатовыя закрыць каналы з Расеі ўласнай прадукцыяй. Таксама шмат пытаньняў, бо, напрыклад, хімічная прамысловасьць у нас вельмі моцна манапалізаваная, працуюць некалькі кампаній, а зь іх частка належыць алігарху Фірташу. Гэта таксама дадае пэўнага прысмаку гэтай сытуацыі. Таксама відавочнае пытаньне, наколькі нашыя спажыўцы расейскай прадукцыі арыентуюцца ў тым, што адбываецца на ўсясьветным рынку», — дадаў эканаміст.

Санкцыі люстраныя, а ўмовы розныя

Ва ўмовах узаемных санкцый Расея і Ўкраіна маюць розныя вонкавыя чыньнікі. Для Ўкраіны пасьля Рэвалюцыі годнасьці адкрыўся доступ да крэдытаў міжнародных фінансавых арганізацый — Міжнароднага валютнага фонду і Эўрапейскага Зьвязу, а тавары і паслугі шырэй рушылі на эўрапейскі рынак пасьля падпісаньня пагадненьня аб вольным гандлі.

Паводле Дзяржаўнай службы статыстыкі Ўкраіны, цягам першых чатырох месяцаў гэтага году экспарт у краіны Эўразьвязу ўжо дасягнуў 42,7% у агульным аб’ёме ўкраінскага зьнешняга гандлю. Найбольшы попыт у Эўропе маюць прадукцыя ўкраінскай сельскай гаспадаркі і мэталюргіі, забароненыя ў Расеі. У сэгмэнце паслугаў, і найперш транспартных, тэлекамунікацыйных і дзелавых, эўрапейскі рынак у статыстыцы Ўкраіны таксама займае першае месца з доляй 33,6%.

Расея ад усіх гэтых рэсурсаў і магчымасьцяў фактычна ізаляваная празь міжнародныя санкцыі, уведзеныя Эўразьвязам і ЗША пасьля анэксіі Крыму і агрэсіі на Данбасе.

«Я не бяруся ацэньваць уплыў украінскіх санкцый на Расею. Але ў цэлым можна сьцьвярджаць, што ўвесь усясьветны пакет санкцый — Эўразьвяз, ЗША, Украіна — гэта вельмі балючы пакет, і ўжо сама Масква прызнае, што мае шматлікія эканамічныя праблемы і нізкія тэмпы эканамічнага росту — менш за 1%. Гэта фактычна вынік эканамічных санкцый», — мяркуе Ігар Буракоўскі.

У той жа час ва Ўкраіне, паводле афіцыйнай статыстыкі, рэальны валавы прадукт павялічыўся на 2,2%. Хоць некаторыя аналітыкі сьцьвярджаюць, што пра сур’ёзны эканамічны рост пакуль гаварыць рана — лічбы могуць сьведчыць толькі пра тое, што ўдалося спыніць падзеньне эканомікі, выкліканае анэксіяй Крыму і акупацыяй часткі Данбасу.

Адваротны бок забаронаў — шэрыя схемы

Экспэрты не выключаюць, што, нягледзячы на існаваньне гандлёвых забаронаў, яшчэ пэўны час украінская прадукцыя будзе прадстаўленая на расейскім рынку, а расейская — на ўкраінскім, хоць і ў значна меншым аб’ёме. Бо бізнэсоўцам прасьцей знайсьці абходны шлях, чым шукаць новыя рынкі. Адзін з такіх шляхоў — «ачышчаць» паходжаньне сваёй прадукцыі на тэрыторыі Беларусі, якая стала фактычна буфэрнай зонай паміж Расеяй, Украінай і Эўропай.

«Калі адкласьці ўбок маральныя пытаньні і гаварыць пра бізнэс-стратэгіі, то яны розныя. Мы выдатна разумеем, што вугаль, які пастаўляецца ва Ўкраіну з Расеі, — гэта вугаль украінскі, які вывозіўся праз Растоўскую вобласьць. Тое ж тычыцца і Беларусі, якая актыўна займаецца рээкспартам. Беларусь — брама заходняга сьвету для тавараў празь беларускую тэрыторыю пад беларускай маркай у Расею. Любыя абмежаваньні маюць сваю эканамічную цану, і частка бізнэсу будзе шукаць розныя схемы, каб зьняць украінскую або расейскую марку з тавараў, якія пастаўляюцца ў тым ці іншым кірунку. І тое, што існуе пэўная сфэра для злоўжываньняў, — відавочна», — сказаў Ігар Буракоўскі.

Паводле экспэрта, адсачыць рэальнае паходжаньне тавараў даволі складана.

«Калі мы гаворым пра такія схемы, гэта пытаньне ня толькі эканамічнае, а і пытаньне да мытных органаў, якія павінны адсочваць таварныя патокі. Таму трэба інтэнсыфікаваць супрацоўніцтва і на палітычным узроўні, найперш для таго, каб дзяржава, прадпрымальнікі якой выкарыстоўваюць адпаведныя магчымасьці, таксама кантралявала адпаведныя патокі. Гэта тэма асобнай і вельмі няпростай прафэсійнай, эканамічнай і юрыдычнай размовы», — перакананы ён.

Дырэктар Інстытуту эканамічных дасьледаваньняў і палітычных кансультацыяў перакананы, што праблему шэрых схемаў магчыма вырашыць толькі ў выпадку больш аб’ёмных санкцыяў, аналягічных тым, што ўводзіліся супраць Іраку ды Ірану.

«Калі ўся ўсясьветная супольнасьць абмяжоўвае гандаль, то зразумела, што ніякія трэція схемы не працуюць. На сёньняшні дзень такіх санкцый няма, таму наяўнасьць гэтых схемаў — частка нашай гібрыднай супрацы з Расеяй», — падсумаваў ён.

Усё будзе пад кантролем

Беларускія прадпрыемствы вельмі хутка рэагуюць на ўсе зьмены ўзаемнай расейска-ўкраінскай эканамічнай палітыкі. Лягічна прагназаваць, што яны першымі паспрабуюць замясьціць крытычную для Ўкраіны расейскую прадукцыю сваёй. І перш за ўсё гаворка пра нафтапрадукты, цэмэнт, бітум, драўляную прадукцыю і мінэральныя ўгнаеньні. Разам з тым яны мусяць быць гатовыя, што ўкраінская мытня будзе пільней прыглядацца да іхніх паставак, тым больш што ўжо ёсьць канкрэтныя выпадкі.

Летась у сьнежні Дзяржаўная фіскальная служба Ўкраіны затрымала ў Ровенскай і Жытомірскай абласьцях 80 вагонаў зь беларускімі ўгнаеньнямі. Падазравалі, што пад сэртыфікатамі Беларусі ўвозіцца расейская прадукцыя, на якую ў 2018 годзе ва Ўкраіне ўвялі антыдэмпінгавыя пошліны. Праз тры тыдні дасьледаваньні пацьвердзілі беларускае паходжаньне ўгнаеньняў, але тэрміны паставак былі сарваныя, «Гродна Азот» і Гомельскі хімічны завод вымушана спынялі адгрузку ва Ўкраіну.

«Мытнікі не перашкаджаюць, яны спрабуюць раскрыць тыя схемы, дзе выкарыстоўваюцца трэція бакі. Гэта практыка любога расьсьледаваньня, калі мы даказваем, што прадукцыя зьяўляецца расейскай, з усімі наступствамі. Таму тут мытня працавала ў межах сваіх паўнамоцтваў, бо схема можа быць дастаткова заблытаная. Гэта пытаньне трансьмежавай перавозкі тавараў, праблема транзыту, калі тавары з адной краіны трапляюць праз тэрыторыю другой у трэцюю, каб зьмяніць юрыдычныя прыкметы», — сказаў Ігар Буракоўскі.

Цяпер ва Ўкраіне пад асаблівым кантролем пастаўкі бітуму зь беларускага «Нафтану». Ужо некалькі месяцаў трываюць судовыя працэсы паводле пазоваў Дзяржаўнай фіскальнай службы аб неадпаведнасьці прадукцыі заяўленым паказьнікам. Што праўда, галоўная прэтэнзія мытнікаў — не ў паходжаньні бітуму, а ў тым, што ён увозіўся пад выглядам бітумнай сумесі, мыта на якую істотна ніжэйшае.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG