Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украіна падазрае Беларусь у пастаўцы будаўнічых матэрыялаў па дэмпінгавых цэнах


Ілюстрацыйнае фота

Міністэрства эканамічнага разьвіцьця і гандлю Ўкраіны распачало антыдэмпінгавую працэдуру ў дачыненьні да паставак зь Беларусі газабэтонных блёкаў.

Такое рашэньне ўхваліла Міжведамасная камісія ў пытаньнях міжнароднага гандлю па выніках разгляду скаргі Ўсеўкраінскай асацыяцыі вытворцаў аўтаклаўнага газабэтону ад імя двух украінскіх вытворцаў будаўнічых матэрыялаў — яны мяркуюць, што беларуская прадукцыя пастаўлялася ва Ўкраіну па дэмпінгавых цэнах.

Паводле ўкраінскіх вытворцаў, на працягу апошніх чатырох гадоў доля газабэтонных блёкаў зь Беларусі ў зьнешнім гандлі Ўкраіны павялічылася з 41% да 98%.

Ва Ўсеўкраінскай асацыяцыі вытворцаў аўтаклаўнага газабэтону перакананыя, што такая сытуацыя выклікала зьніжэньне цэнаў на ўласную прадукцыю — і, як вынік, у нацыянальных вытворцаў пагоршылася фінансава-эканамічнае становішча. Апроч таго, значны экспартны патэнцыял беларускіх вытворцаў пагражае «істотнай шкодай нацыянальнаму таваравытворцу ў будучыні».

Згодна з заканадаўствам Украіны тэрмін правядзеньня антыдэмпінгавага расьсьледаваньня не павінен перавышаць 270 дзён, а пры надзвычайных абставінах ён можа быць падоўжаны да 330 дзён. Цяпер Міністэрства эканамічнага разьвіцьця і гандлю Ўкраіны абвясьціла рэгістрацыю зацікаўленых бакоў, якія на працягу двух месяцаў павінны ў пісьмовым выглядзе накіраваць свае камэнтары адносна сытуацыі з пастаўкамі газабэтонных блёкаў зь Беларусі.

Якія беларускія тавары ўжо трапілі пад антыдэмпінг ва Ўкраіне

За апошнія некалькі гадоў ва Ўкраіне пад антыдэмпінгавыя абмежаваньні падпалі некалькі відаў беларускай прадукцыі — соль, электралямпачкі, запалкі, шыфэр, драўнянавалакністыя пліты, сталь, цэмэнт і хімічная прадукцыя.

1 лютага міжведамасная камісія ў пытаньнях міжнароднага гандлю канчаткова ўвяла абмежаваньні на пастаўку прадукцыі Берасьцейскага электралямпавага заводу на пяць гадоў (да 2 сакавіка 2023 году). У той жа час антыдэмпінгавыя захады адносна драўнянавалакністых пліт завяршаюць сваё дзеяньне сёлета ў ліпені.

Кампрамісным стала рашэньне міжведамаснай камісіі наконт паставак ва Ўкраіну прадукцыі беларускага прадпрыемства «Мазырсоль» — кампанія ня будзе сплачваць антыдэмпінгавы збор, але будзе прытрымлівацца пэўных цэнавых абавязаньняў.

З 1 верасьня 2018 году на тры гады Ўкраіна ў «інтарэсах нацыянальных вытворцаў» абмежавала пастаўкі сернай кіслаты і олеуму, якія традыцыйна набываліся на трох найбуйнейшых хімічных прадпрыемствах Беларусі — Гомельскім хімічным заводзе, наваполацкім «Нафтане» і «ГроднаАзоце».

Летась у сьнежні ўкраінская мытня заблякавала ўвоз беларускіх угнаеньняў, падазраючы, што пад сэртыфікатамі Беларусі ўвозіцца расейская прадукцыя, на якую ва Ўкраіне ўведзенае антыдэмпінгавае мыта. На мяжы 80 вагонаў зь беларускай прадукцыяй прастаялі больш за два тыдні, пакуль мытнікі не атрымалі пацьвярджэньня экспэртызы аб беларускім паходжаньні ўгнаеньняў.

У ліпені 2018 году былі распачатыя антыдэмпінгавыя расьсьледаваньні ў сувязі зь «нядобрасумленнымі» пастаўкамі зь Беларусі цэмэнту ды пруткоў з вугляродзістай і легаванай сталі. Згодна з заканадаўствам Украіны, вынікі вывучэньня рынку гэтай прадукцыі міжведамасная камісія павінна абвясьціць сёлета ў красавіку-траўні.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG