Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мінус 18 даляраў на тоне. Як Беларусь прадае Ўкраіне танны цэмэнт, а купляе дарагі


Ілюстрацыйнае фота. Цэмэнтны завод у Крычаве
Ілюстрацыйнае фота. Цэмэнтны завод у Крычаве

Ва Ўкраіне зь ліпеня 2018 году вядзецца антыдэмпінгавае расьсьледаваньне аб пастаўках цэмэнту зь Беларусі, Расеі і Малдовы.

Праз тры месяцы Міжведамасная камісія міжнароднага гандлю мае абвясьціць свой вэрдыкт, які можа прывесьці да страты беларускімі вытворцамі будаўнічых матэрыялаў сваёй часткі на ўкраінскім рынку.

Якія тэндэнцыі насьцярожваюць адмыслоўцаў і навошта Беларусь і Ўкраіна абменьваюцца пастаўкамі цэмэнту, калі прадпрыемствы і ў Беларусі, і ва Ўкраіне могуць забясьпечыць свае патрэбы ў гэтай прадукцыі, ня трацячы каштоўнай для абедзьвюх краін валюты? Дасьледаваньне Свабоды.

Сьцісла:

  • Цэмэнт зь Беларусі можа вяртацца на беларускі рынак, але ўжо пад маркай украінскага. Ва Ўкраіне найбольш прэтэнзіяў да фасаванага цэмэнту зь Беларусі.
  • Павелічэньне ў 2017 годзе паставак таннага беларускага цэмэнту ва Ўкраіну на 170% занепакоіла ўкраінскіх вытворцаў.
  • Галоўная перасьцярога зьвязаная з пагрозай скарачэньня аб’ёмаў вытворчасьці ўкраінскіх прадпрыемстваў.
  • Летась пастаўкі ўкраінскага цэмэнту ў Беларусь павялічыліся амаль у тры разы.
  • Беларускія вытворцы працуюць у тых рэгіёнах Украіны, якія «не дастаюць» украінскія цэмэнтныя заводы.
  • У 2019 годзе ва Ўкраіну плянуюць паставіць беларускага цэмэнту ня менш, як летась.

Імпарт-экспарт цэмэнту. Навошта?

Першым на асаблівасьці ўзаемнага беларуска-ўкраінскага гандлю цэмэнтам зьвярнуў увагу незалежны эканаміст Дзьмітры Івановіч. І размова не пра аб’ёмы.

«Гэтая дзіўная гісторыя з пастаўкамі на экспарт па больш таннай цане, чым наступны імпарт, доўжыцца не адзін год. Ніхто не заўважае, як краіна страчвае валюту? Беларусь так танна нікуды больш не пастаўляе. Гледзячы на цану, я мяркую, што на ўнутраным рынку яна б выклікала лёгкі ажыятаж у пакупнікоў», — напісаў Дзьмітры Івановіч.

Паводле Белстату, летась Беларусь экспартавала ва Ўкраіну 272 тысячы тон (у 2017 годзе — 363,8 тысячы тон) цэмэнту, а імпартавала з Украіны 132,1 тысячы тон (у 2017 годзе — 54,9 тысячы тон) цэмэнту.

Украінская статыстыка ўзаемных апэрацый з цэмэнтам неістотна, але крыху адрозьніваецца — у аб’ёмах яны меншыя на некалькі тысяч: ва Ўкраіну летась завезьлі 270 тысяч тон беларускай прадукцыі і вывезьлі 132 тысячы тон украінскай.

Ілюстрацыйнае фота. Цэмэнтны завод у Крычаве
Ілюстрацыйнае фота. Цэмэнтны завод у Крычаве

Паводле Белстату, цана беларускага цэмэнту для Ўкраіны складала 43,4 даляры за тону ў мінулым годзе (40,2 даляра ў 2017 -м). У той жа час украінскі цэмэнт для Беларусі абыходзіўся ў 52 даляры за тону ў мінулым годзе (48,7 даляра ў 2017-м).

Па такіх цэнах Беларусь пастаўляе цэмэнт толькі ва Ўкраіну.

У жніўні 2018 году розьніца ў цэнах экспарту і імпарту складала больш за 18 даляраў.

Але і вытворцы Ўкраіны (а гэта пераважна прыватныя заводы з замежным капіталам) рэалізуюць сваю прадукцыю на замежных рынках па цэнах, амаль у два разы ніжэйшых, чым на ўласным рынку. Напрыклад, прадпрыемства «Dyckerhoff Цэмэнт Украіна», якое ўваходзіць у нямецкі канцэрн Dyckerhoff GmbH, на ўкраінскім рынку рэалізуе цэмэнт па цане ад 100 даляраў і вышэй за тону, у залежнасьці ад маркі прадукцыі.

Ці можа беларускі цэмэнт вяртацца ў Беларусь як украінскі?

Некаторыя экспэрты ва Ўкраіне не выключаюць, што цэмэнт зь Беларусі можа вяртацца на беларускі рынак, але ўжо пад маркай украінскага. І найперш гаворка пра фасаваны цэмэнт. Што праўда, гэтая зьява наўрад ці будзе маштабнай.

«Калі паглядзець на статыстыку, то частка апэрацыяў з цэмэнтам у агульным таваразвароце Беларусі і Ўкраіны не перавышае аднаго адсотка ад аб’ёму ўсяго гандлю. То наўрад ці тут трэба шукаць нейкія крымінальныя ці карупцыйныя схемы. Ня той парадак лічбаў», — перакананы ўкраінскі эканаміст Барыс Кушнірук.

У сваю чаргу старшыня Асацыяцыі вытворцаў цэмэнту «Укрцэмэнт» Паўло Качур наагул выключае такую магчымасьць:

Паўло Качур
Паўло Качур

«Такое немагчыма, бо кожны бок і вытворца зацікаўленыя ў тым, каб прадавалася менавіта ягоная прадукцыя, а не пад чужой маркай».

Але ён зьвяртае ўвагу на тое, што ва Ўкраіне найбольш прэтэнзіяў якраз да фасаванага цэмэнту, які складае амаль чвэрць усяго ўкраінскага рынку.

«Мы правялі асобнае дасьледаваньне і ўжо дакладна ведаем, што амаль 18 % у гэтым сэктары — фальсыфікаваная прадукцыя. У зону рызыкі ўваходзіць толькі той цэмэнт, які мае праблемы з маркаваньнем — калі не пазначаны вытворца ці іншыя абавязковыя зьвесткі. І менавіта сярод такой прадукцыі найбольш парушэньняў або ў якасьці, або ў вазе. Мы ўжо вызначылі гэты спэктар, у якім магчымая фальсыфікацыя і, вядома, ужо зь ім працуем, каб выключыць такія зьявы. Але мы не вывучаем паходжаньня фасаванага цэмэнту».

«Як такая фальсыфікацыя адбываецца? Умоўна кажучы, стаіць пакавальная ўстаноўка ў гаражы. Яе ўласьнік можа набыць рассыпны цэмэнт у каго заўгодна — ва ўкраінскага, беларускага, малдоўскага вытворцы. Гэта немагчыма пракантраляваць. Гэта ягонае права, і ён плаціць рынкавую цану, а потым, каб атрымаць дадатковы прыбытак, ён або дадае ў цэмэнт попел або зьмяншае вагу мяшка. А каб прыхаваць гэты працэс, ён не пазначае ўсе неабходныя маркаваньні, і ў першую чаргу інфармацыю аб вытворцы», — расказаў Свабодзе Паўло Качур.

Паўло Качур перакананы, што вытворцы цэмэнту такім ня будуць займацца, бо гэта і рэпутацыйныя, і эканамічныя страты:

«Вытворцу лёгка знайсьці і пакараць, а гараж сёньня можна закрыць, а заўтра ён адкрыецца ў іншым месцы».

Беларускі дэмпінг

Ілюстрацыйнае фота. ААТ «Беларускі цэмэнтны завод»
Ілюстрацыйнае фота. ААТ «Беларускі цэмэнтны завод»

Павелічэньне ў 2017 годзе паставак беларускага цэмэнту ва Ўкраіну на 170% занепакоіла ўкраінскіх вытворцаў. Яны пачалі ініцыяваць антыдэмпінгавае расьсьледаваньне, фактычна абвінаваціўшы дзяржаву ў спрыяньні імпарту і адсутнасьці падтрымкі нацыянальных вытворцаў. Тады ўпершыню паўстала пытаньне аб неабходнасьці антыдэмпінгавых абмежаваньняў — на той момант беларускі цэмэнт ва Ўкраіне прадаваўся прыкладна ў 1,5 раза таньней, чым у Беларусі.

Тагачасны беларускі міністар архітэктуры і будаўніцтва Анатоль Чорны заявіў, што Беларусь мае намер экспартаваць да 400 тысяч тон цэмэнту ў 2017 годзе і павялічыць экспарт да 1 мільёна тон у 2018-м.

Аднак рэалізаваць гэтую задуму Анатолю Чорнаму не ўдалося. У сьнежні 2017 году генпракуратура вынесла міністру прадстаўленьне, што трэба лепш змагацца з карупцыяй у сваёй сфэры. У сувязі з праблемамі ў афармленьні абавязаньняў службовых асобаў выконваць пэўныя абмежаваньні, каб пазьбегнуць карупцыі, згадваўся сярод іншых прадпрыемстваў і Беларускі цэмэнтны завод. У жніўні 2018 году Аляксандар Лукашэнка накіраваў Анатоля Чорнага ў адстаўку.

Украінскія вытворцы цэмэнту пачалі заяўляць аб ажыцьцяўленьні паставак беларускага цэмэнту на падставе фіктыўных сэртыфікатаў, аб цане, што не адпавядала рынкавай, і аб штучным стрыманьні паставак украінскага цэмэнту на беларускі рынак. Што праўда, найперш дэмпінгавыя абвінавачаньні ў адрас беларускіх прадпрыемстваў зводзіліся да выкарыстаньня ў вытворчасьці энэрганосьбітаў, што набываліся па заніжаных «палітычных» цэнах, намякаючы на «саюзныя» дачыненьні з Расеяй.

У Беларусі гэтыя прэтэнзіі адпрэчылі, лічбы назвалі несапраўднымі і адзначылі, што газ у вытворчасьці цэмэнту не выкарыстоўваецца, а сэртыфікаты ў беларускіх імпартэраў былі сапраўдныя. Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва таксама зьняпраўдзіла, што ў Беларусі штучна ствараюцца перашкоды для паставак украінскага цэмэнту.

А ў холдынгу «Беларуская цэмэнтная кампанія» ўспрынялі ўсе гэтыя заявы ўкраінскіх калег як спробу дыскрэдытаваць беларускіх вытворцаў цэмэнту.

Беларускі адказ на антыдэмпінг — адкрыць рынак

Ілюстрацыйнае фота. Цэмэнтны завод у Крычаве
Ілюстрацыйнае фота. Цэмэнтны завод у Крычаве

​Летам 2018 году ўкраінскія вытворцы цэмэнту «Dyckerhoff Цэмэнт Україна», «HeidelbergCement Україна», «Подільский Цемент» і «Івано-Франківськцемент» накіравалі супольную скаргу ў Міжведамасную камісію міжнароднага гандлю. Па выніках яе разгляду пачалося антыдэмпінгавае расьсьледаваньне.

«Цяпер працягваецца збор і аналіз інфармацыі ад органаў выканаўчай улады Ўкраіны, кампэтэнтных органаў краіны экспарту і зацікаўленых бакоў расьсьледаваньня», — паведамілі карэспандэнту Свабоды ў Міністэрстве эканамічнага разьвіцьця і гандлю Ўкраіны.

Зь беларускага боку ў справе зарэгістраваныя ААТ «Беларускі цэмэнтны завод», ААТ «Крычаўцэмэнтнашыфэр», кіроўная кампанія холдынгу «Беларуская цэмэнтная кампанія» і ААТ «Краснасельскбудматэрыялы». Яны маюць права прадастаўляць у Мінэканамразьвіцьця інфармацыю і доказы для абароны сваіх інтарэсаў.

Галоўная перасьцярога ў сувязі з павелічэньнем беларускіх паставак зьвязаная з пагрозай скарачэньня аб’ёмаў вытворчасьці ўкраінскіх прадпрыемстваў. Яе ацэньваюць на ўзроўні ад 3 да 48 %. Апроч таго, прагназуецца скарачэньне продажаў на ўнутраным рынку і павелічэньне складзкіх запасаў, якія на момант падачы скаргі павялічыліся на 8 %.

Але гэтае расьсьледаваньне накіравана ня толькі супраць беларускіх вытворцаў. Пад прыцэл трапілі і профільныя прадпрыемствы з Расеі і Малдовы. У Беларусі ж пакуль больш выйгрышная пазыцыя: летась пастаўкі ўкраінскага цэмэнту ў Беларусь павялічыліся амаль у тры разы — да 132,1 тысячы тон супраць 54,9 тысячы тон у 2017 годзе. Гэта істотны аргумэнт, каб пазьбегнуць абмежаваньняў.

Рынку хопіць усім

Цэмэнтны завод у Крычаве, ілюстрацыйнае фота
Цэмэнтны завод у Крычаве, ілюстрацыйнае фота

Старшыня ўкраінскай Асацыяцыі вытворцаў будаўнічых матэрыялаў Іван Салій неахвотна камэнтуе беларуска-ўкраінскі «цэмэнтны» скандал. Ён часта наведвае Беларусь і знаёмы з тэхналягічным працэсам беларускіх цэмэнтных прадпрыемстваў.

«Я тэму ведаю, але яе лепш ня вельмі абмяркоўваць. У нас цяпер рынак, канкурэнцыя. Я лічу, што нашыя эканомікі ўзаемна дапаўняюць адна другую, і калі ў нас будзе будаўнічы бум, а ён абавязкова будзе, мы мецьмем вялікую патрэбу ў будаўнічых матэрыялах і будзем іх увозіць праз усе межы.

Праўда, у нас, ва Ўкраіне, свайго цэмэнту дастаткова... А Беларусь прадае цэмэнт па ніжэйшых цэнах, хоць і не з гарантаванай якасьцю, бо адзін завод добра працуе, а другі — зь нестабільнаю якасьцю. Але беларускія вытворцы працуюць у тых рэгіёнах (Украіны. — РС), якія „не дастаюць“ нашыя цэмэнтныя заводы».

Беларусь не плянуе адмаўляцца ад украінскага рынку

Ілюстрацыйнае фота. Беларускі цэмэнтны завод у Касьцюковічах
Ілюстрацыйнае фота. Беларускі цэмэнтны завод у Касьцюковічах

​Чаму цэмэнт, які пастаўляецца зь Беларусі ва Ўкраіну, таньнейшы, чым той, што экспартуецца з Украіны ў Беларусь? У прэсавай службе Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва Беларусі на гэтае пытаньне Свабоды адказалі: «Інфармацыя закрытая».

Маўляў, цэнаўтварэньне ўкраінскіх вытворцаў зьяўляецца камэрцыйнай тайнай, і люстрана — «цэнавая палітыка ўкраінскіх вытворцаў у дачыненьні беларускага рынку зьяўляецца закрытай інфармацыяй для нас, канкурэнтаў».

«Экспартныя цэны пастаянна пераглядаюцца: яны фармуюцца на падставе аналізу мэтавых рынкаў, да якіх адносіцца і Ўкраіна. Цана фармуецца з улікам попыту на вонкавым і ўнутраным рынках і палітычнай сытуацыі ва Ўкраіне».

І дадалі, што ў 2019 годзе ва Ўкраіну плянуюць паставіць беларускага цэмэнту ня менш, як летась.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG