Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Украіна прывязвае да сябе Беларусь эканамічна, бо інакш уплываць на Лукашэнку ня можа»


Экспарт беларускага цэмэнту ва Ўкраіну павялічыўся ў 173 разы. Чыгуначнага транспарту — у 35 разоў. І ўсё гэта толькі за апошнія месяцы. Як Беларусь уладкоўваецца на ўкраінскім рынку і чаму гэта выгадна Ўкраіне, тлумачыць палітычны аглядальнік Украінскага інстытуту будучыні Ігар Тышкевіч.

Напярэдадні афіцыйнага візыту Аляксандра Лукашэнкі ў Кіеў адбываецца традыцыйная рэвізія стасункаў паміж краінамі. У студзені—траўні ўзаемны таваразварот вырас на 26,7% і за першую палову году перавысіў 2 мільярды даляраў.

Ігар Тышкевіч
Ігар Тышкевіч

— Спадар Тышкевіч, нядаўна старшыня асацыяцыі вытворцаў цэмэнту Ўкраіны «Укрцэмэнт» Павел Качура заявіў, што імпарт цэмэнту зь Беларусі можа прывесьці да закрыцьця аднаго-двух заводаў на тэрыторыі Ўкраіны. Паводле зьвестак «Укрцэмэнту», у 2016 годзе імпарт цэмэнту ва Ўкраіну павялічыўся на 40% у параўнаньні з 2015 годам. Ці вы назіраеце падобныя ж тэндэнцыі ў іншых галінах беларускага экспарту ва Ўкраіну і ў чым бачыце прычыну такога росту?

— Да нядаўняга часу Беларусь спрабавала выйсьці на ўкраінскі рынак цэмэнту. Але ў сувязі з антыманапольным і антыдэмпінгавым расьсьледаваньнем фактычна ўвесь 2016 год яна на гэтым рынку не была прадстаўленая. І толькі пасьля скандалу зь вяртаньнем боінга «Белавія» і няўдалых спробаў украінскага боку выбачыцца, было паседжаньне двухбаковай міжурадавай камісіі па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве. Адным з вынікаў яго стала адмена забароны на пастаўкі беларускага цэмэнту ва Ўкраіну. Цэмэнт пайшоў дастаткова хутка і вялікім аб’ёмам. За першыя 4 месяцы 2017 году рост паставак цэмэнту складае 173 разы — 1730%. Звычайнага цэмэнту пастаўлена на суму крыху большую за 3 мільёны даляраў. І яшчэ спэцыялізаваных групаў цэмэнту прынамсі на столькі ж.

Калі Беларусь выходзіла на ўкраінскі рынак нафты, бэнзіну і дызэльнага паліва, ва Ўкраіне працавала 7 нафтаперапрацоўчых заводаў. А сёньня іх працуе 2

Сама схема вельмі падобная да вываду беларускіх нафтапрадуктаў на беларускі рынак. Тады Менск актыўна і агрэсіўна дэмпінгаваў на ўнутраным рынку Ўкраіны, карыстаючыся пэўнымі непаразуменьнямі паміж украінскімі алігархамі, а тыя зьнішчалі адзін аднаго з дапамогай паставак зь Беларусі. У выніку, калі Беларусь выходзіла на ўкраінскі рынак нафты, бэнзіну і дызэльнага паліва, ва Ўкраіне працавала 7 нафтаперапрацоўчых заводаў. А сёньня іх працуе 2.

Прыкладна тая ж схема, і пра гэта кажа кіраўнік «Укрцэмэнту», можа паўтарыцца з цэмэнтам. Калі так далей пойдзе, то магчыма, што альбо пару вонкавых гульцоў пакінуць украінскі рынак, альбо банкруцяцца пару ўкраінскіх цэмэнтных заводаў.

Калі параўноўваць дадзеныя Укрстату і Белстату, то максымальная разьбежка ў міжкраінавым гандлі была за 2015 год. І яна складала 630 мільёнаў даляраў. Цяпер разьбежка ў статыстычных зьвестках зьменшылася да 140-150 мільёнах даляраў. І яна тлумачыць ня толькі кантрабанду нафтапрадуктаў і вадкага газу. Гэта ў тым ліку і прыкрыцьцё пэўных паставак, якія цікавыя абедзьвюм краінам, але адна зь дзяржаваў ня хоча адлюстроўваць гэта ў сябе ў статыстыцы.

Напрыклад, Украіна, якая ваюе, два гады запар купляла ў Беларусі лятальныя апараты на суму 14 мільёнаў даляраў. Беларуская статыстыка пра такія пастаўкі маўчала. Гэтаксама як калісьці маўчала пра пастаўкі нафты з Азэрбайджану. Гандаль ёсьць, статыстыка маўчыць.

Калі браць гандаль за 4 месяцы 2017 году, то цікава, што тая ж Украіна павялічыла амаль у 4 разы пастаўкі мяса і субпрадуктаў на беларускі рынак. Пры тым, што Беларусь сама да нядаўняга часу пастаўляла свае прадукты ва Ўкраіну. Прычыны банальныя: Расея закрыла свой рынак для ўкраінскай прадукцыі, а Кітай зьняў абмежаваньні на пастаўкі беларускага мяса, у першую чаргу ялавічыны.

​Калі параўноўваць іншыя катэгорыі, то цікава, што на фоне праблемаў з украінскай мэталюргіяй, Беларусь у 13 разоў павялічыла пастаўкі чорных мэталаў і вырабаў зь іх на ўкраінскі рынак (на 7 мільёнаў даляраў). У 35 разоў Беларусь павялічыла пастаўкі чыгуначнага транспарту — лякаматываў, вагонаў і так далей.

Цікавая рэч — гэта разьвіцьцё паставак аўтамабільнай і транспартнай тэхнікі. Па грузавых аўтамабілях рост ва Ўкраіну паставак складае ад 3,6 да 6,9 раза ў некаторых групах. Беларусь зарабіла за 4 месяцы 4 мільёны даляраў на рухавіках унутранага згараньня.

Гэта проста гандаль, спроба зарабіць грошы на дастаткова высокім узроўні і ў вялікіх аб’ёмах.

— Як на гэтую сытуацыю рэагуюць украінскія вытворцы?

— Вось вы прыводзілі словы кіраўніка «Укрцэмэнту». Ва Ўкраіне няма яўных манапалістаў, ідзе жорсткая канкурэнтная барацьба. Профільная асацыяцыя «Укрцэмэнт» складаецца з процьмы дробных вытворцаў. Цікава, што ў гэтай канкурэнтнай барацьбе Беларусь навучылася працаваць. Яна не выступае адзіным фронтам супраць усіх. Беларусь проста спрабуе заключыць тактычны саюз з 2-3 вытворцамі, каб выціснуць канкурэнтаў, а пасьля, ужо маючы іншыя магутнасьці, займае нішу канкурэнтаў.

Менск сьвядома вядзе такую палітыку. Напрыклад, ва Ўкраіне некаторыя банкі ўжо другі год запар маюць такую крэдытную праграму, як беларускі імпарт. У першую чаргу гэта тычыцца аўтамабільнай тэхнікі. Калі нейкі ўкраінскі вытворца купляе аўтамабіль беларускай вытворчасьці ў крэдыт, то «Укрэксімбанк» у некаторых выпадках пакрывае частку адсоткаў па крэдыце, а іншым разам і частку крэдыту.

Ён, натуральна, не займаецца дабрачыннасьцю, а бярэ гэтыя грошы ад Беларусі. Беларусь фактычна спансуе прасоўваньне сваіх тавараў на ўкраінскі рынак.

Гэта цалкам нармальная палітыка з пункту гледжаньня абароны сваіх інтарэсаў.

— Чым тлумачыцца тое, што ўкраінскія ўлады працяглы час стрымана ставіліся да беларускіх вытворцаў, але раптам адкрылі гэтае акно, у якія рынуліся ўсе беларускія тавары?

— Беларусь зацікаўленая ва Ўкраіне, а Ўкраіна ня менш зацікаўленая ў Беларусі. Украінцы тут сумяшчаюць палітычныя і эканамічныя пытаньні. Яны цудоўна разумеюць, што апэляваць да нейкіх пачуцьцяў, духу вернасьці міжнародным пагадненьням у выпадку Беларусі не выпадае.

Украіна атрымлівае калі не саюзьніка, то ляяльнага суседа, для якога выгадны посьпех украінскага праекту

Так, калі прыадкрываецца ўнутраны рынак, дзяржава можа страціць на тым, што расьце імпарт. Але з другога боку, яна атрымлівае калі не саюзьніка, то ляяльнага суседа, для якога выгадны посьпех украінскага праекту. Якому ня выгадная дэзарганізацыя ва Ўкраіне, параза ўкраінскіх рэформаў і якому выгадны рост украінскай эканомікі. Гэта пэўная спроба гуляць перад чарговым восеньскім абвастрэньнем стасункаў Менску і Кіева (маюцца на ўвазе расейска-беларускія вайсковыя вучэньня Захад-2017. — РС.) Гэта спроба завязаць эканамічныя вузлы на сабе.

— Ці Ўкраіна робіць нейкія крокі, каб замацавацца эканамічна на ўнутраным беларускім рынку?

— Яна толькі пачынае фармаваць сваю палітыку ў дачыненьні Беларусі. У канцы мінулага году Ўкраіна зрабіла Беларусі некалькі цікавых прапановаў. У першую чаргу гэта перапрацоўка нафтапрадуктаў паводле давальніцкай схемы на Мазырскім НПЗ і пастаўкі на перапрацоўку з далейшым продажам нафтапрадуктаў з Украіны. Гэта сумесны бізнэс. Дзеля гэтага запускаецца нафтаправод Адэса — Броды і будзе запускацца кавалак нафтапроваду «Дружба» да Мазыра і ўжо падпісана пагадненьне аб сумеснай эксплюатацыі паміж Украінай і Беларусьсю.

Другое — гэта транзыт тавараў праз Дняпро на марскія парты Ўкраіны. На сёньня ўжо заключаныя адпаведныя дамовы ў пашырэньні мытнага, памежнага кантролю і ў стварэньні вялікага лягістычнага тэрміналу на памежжы Беларусі і Ўкраіны.

Гэтыя прапановы вельмі доўга цікавілі Менск, але Ўкраіна на гэта не ішла. Цяпер гэта выгадна і Ўкраіне. Тым самым яна проста прывязвае Менск да сябе, паколькі іншых рычагоў, каб уплываць на Лукашэнку на фоне расейска-ўкраінскай вайны, яна пакуль ня мае. Калі палітычна не прывязаць наўпрост, то хаця б прывязаць эканамічна. Каб любыя манэўры ў бок Масквы пры ўкраінскім крызысе балюча білі па кішэні Рэспублікі Беларусь і асабіста Аляксандра Лукашэнкі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG