Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Таваразварот Беларусі і Ўкраіны ідзе на рэкорд: больш за 2 мільярды даляраў за паўгода


Ілюстрацыйнае фота. Прэзыдэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка і прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка

17-18 ліпеня ў Кіеве пройдзе пасяджэньне беларуска-ўкраінскай зьмешанай камісіі ў пытаньнях гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва.

Экспэрты з двух бакоў будуць раіцца, як стымуляваць гандаль, палепшыць супрацоўніцтва ў вытворчай каапэрацыі, машынабудаваньні, транспарце, аграпрамысловым комплексе.

Летась Беларусь і Ўкраіна здолелі ліквідаваць ключавыя бар’еры ва ўзаемным доступе на рынкі. Зьнятыя пытаньні тэрмінаў дзеяньня санітарна-гігіенічнай экспэртызы для ўкраінскай прадукцыі, якая ўвозіцца на тэрыторыю Беларусі, адменена спэцыяльная пошліна ў памеры 39,2 % на шэраг беларускіх тавараў, што імпартуюцца ва Ўкраіну.

У выніку ў 2016 годзе аб’ём таваразвароту склаў 3,8 мільярда даляраў з прыростам у 10%. Украіна пацьвердзіла статус другога паводле значнасьці гандлёвага партнэра Беларусі. Яе доля ў агульным таваразвароце Беларусі склала 7,5%. У сваю чаргу доля беларускай прадукцыі ва ўкраінскім імпарце таксама складае больш за 7%.

Добрая дынаміка адзначана і сёлета. У студзені-траўні таваразварот вырас на 26,7% і склаў больш за 1,7 мільярда даляраў, пры гэтым рост аб’ёму паставак адзначаны з абодвух бакоў. Паводле папярэдніх падлікаў, за першую палову году таваразварот Беларусі і Ўкраіны перавысіў 2 мільёны даляраў.

«Гандлёва-эканамічныя дачыненьні Беларусі і Ўкраіны паказваюць, што ў іх разьвіцьці зацікаўленыя і ў Менску, і ў Кіеве» — адзначае кіраўнік фонду Мізэса Яраслаў Раманчук:

Яраслаў Раманчук
Яраслаў Раманчук

«Зараз у мяне перад вачыма разгорнутая статыстка за мінулы год. Асноўнае, што мы пастаўляем нашаму суседу — паліва і энэрганосьбіты. Агульны наш экспарт склаў 2 мільярды 848 мільёнаў даляраў, зь якіх 1 мільярд 749 мільёнаў нафтапрадукты. Дабавім да гэтага газ, бітум, угнаеньні і будзем мець уяўленьне, што мы пераважна прадаём ва Ўкраіну. Для нашых суседзяў гэта базавыя рэчы.

Што тычыцца нашых закупак, то тут сытуацыя іншая. Спэктар таго, што мы набываем ва Ўкраіне, значна шырэйшы, але сумы нашых пакупак меншыя — 1 мільярд даляраў, бо мы купляем менш і па больш танных цэнах. Яскравы прыклад — ялавічына, якую Беларусь набыла ва Ўкраіне аж на 36 мільёнаў даляраў.

І Беларусі, і Ўкраіне гандаль дае свае выгоды. І толькі Крамлю гэта не падабаецца. Бо там лічаць, што беларускае паліва ідзе і на патрэбы ўкраінскай арміі».

У той жа час украінская статыстыка аб гандлёвых дачыненьнях зь Беларусьсю крыху адрозьніваецца ў лічбах. У прыватнасьці, паводле Дзяржаўнай службы статыстыкі Ўкраіны агульны аб’ём таваразвароту ў студзені-траўні склаў 1,6 мільярдаў даляраў. За гэты пэрыяд Украіна набыла ў Беларусі тавараў на 1,2 мільярды, а экспартавала ў Беларусь сваіх тавараў на 427 мільёнаў. Пры гэтым частка беларускіх тавараў у агульным таваразвароце Ўкраіны дасягнула 6,4 адсотка, а Беларусь сярод краін СНД у міжнародным гандлі Ўкраіны займае другое пасьля Расеі месца і пятае — сярод усіх гандлёвых партнэраў Украіны пасьля Нямеччыны, Кітаю, Расеі і Польшчы. Украіна найперш увозіць мінэральныя прадукты (паліва, нафту і прадукты яе перапрацоўкі) — 24,7 адсоткаў у агульным аб’ёме гандлю, прадукцыю хімічнай прамысловасьці (угнаеньні і фармацэўтычныя вырабы) — 14,4 %, а таксама прадукцыю машынабудаўніцтва і тэхнічнае абсталяваньне — 28 адсоткаў.

XS
SM
MD
LG