Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Першы крок прэзыдэнта Зяленскага: булавой па Вярхоўнай Радзе


Новы кіраўнік Украіны адразу ўзяў зь месца ў кар'ер. Сваю інаўгурацыйную прамову ён завяршыў сэнсацыйным абвяшчэньнем пра роспуск парлямэнту.

Сьцісла:

  • Зяленскі абвясьціў пра роспуск Вярхоўнай Рады. Варта чакаць, што гэта выкліча палітычны крызіс ва Ўкраіне.
  • Галоўнай сваёй задачай новы прэзыдэнт Украіны назваў спыненьне агню на Данбасе, аднак не вырашэньне вайскова-палітычнага канфлікту.
  • Прадстаўніцтва замежных гасьцей на інаўгурацыі было даволі нізкім, часткова гэта тлумачыцца тым, што парлямэнт не пагадзіўся на дату цырымоніі, якую прапаноўваў Зяленскі.
  • У драматургіі і рыторыцы інаўгурацыйнай цырымоніі Зяленскі быў верны вобразу свайго сцэнічнага героя сэрыялу «Слуга народу».

Выглядае, што рашэньне прэзыдэнта Зяленскага распусьціць парлямэнт выкліча палітычны крызіс. На мінулым тыдні фракцыя «Народнага фронту» выйшла са складу ўрадавай кааліцыі, паводле закону Вярхоўная Рада ў такім выпадку мае 2 месяцы, каб сфармаваць новую кааліцыю. А ўжо пасьля 28 траўня прэзыдэнт па Канстытуцыі ня меў бы права распускаць парлямэнт – гэта нельга рабіць за паўгода да завяршэньня паўнамоцтваў Вярхоўнай Рады.

Аднак, на думку юрыстаў – прыхільнікаў Зяленскага, рэальна кааліцыя зьнікла ўжо даўно, так што сёньня прэзыдэнт меў права распусьціць парлямэнт. Варта чакаць канфлікту паміж галінамі ўлады. Вярхоўная Рада можа супрацьдзейнічаць рашэньню прэзыдэнта.

Зяленскі паставіў на карту свой аўтарытэт, сваю рэпутацыю — калі ён прайграе гэтае змаганьне, ягонае прэзыдэнцтва пойдзе пад адхон ад пачатку.

Абвестка пра роспуск Рады была самым галоўным у яго інаўгурацыйнай прамове. Але варта адзначыць яшчэ некалькі момантаў.

Самай галоўнай сваёй задачай ён назваў спыненьне канфлікту ў Данбасе. Ён сказаў, што гатовы дзеля гэтага на ўсё, нават на страту сваёй пасады. Гэта азначае гатоўнасьць на непапулярныя і спрэчныя крокі.

Паводле Зяленскага, першы крок — вяртаньне палонных. У гэтым сэнсе тэстам будзе лёс украінскіх маракоў, захопленых Расеяй падчас інцыдэнту ў Керчанскай затоцы.

Расея выстаўляе свае ўмовы міру і нават вяртаньня Данбасу пад кантроль Кіева – гэта фактычна права вэта для Данбасу на рашэньні аб інтэграцыі Ўкраіны ў эўраатлянтычныя структуры.

Дарэчы, пра канкрэтныя пляны гэтай інтэграцыі Зяленскі ў сваёй інаўгурацыйнай прамове не сказаў нічога, ён казаў пра тое, што Эўропа павінная быць у сэрцы і ў галаве ўкраінцаў.

Ня выключана, што праграма-мінімум Зяленскага ў пытаньні ўкраіна-расейскага канфлікту — гэта спыненьне агню, перастрэлак. Хаця ён і казаў, што Данбас і Крым павінны быць вернутыя Ўкраіны, але зрабіў акцэнт менавіта на спыненьні агню, вайны, а не канфлікту як такога.

Гаворачы пра Данбас і Крым, ён сказаў некалькі словаў па-расейску. Лідэр фракцыі Радыкальнай партыі Алег Ляшко зь месца зрабіў яму заўвагу, на гэта Зяленскі адказаў, што Ляшко працягвае падзяляць украінцаў.

З вартых увагі сымбалічных момантаў варта адзначыць загад Зяленскага чыноўнікам не вывешваць ягоныя партрэты ў кабінэтах. Першыя заканадаўчыя прапановы, зь якімі ён выступіў – гэта законы аб скасаваньні дэпутацкай недатыкальнасьці, аб адказнасьці за незаконнае ўзбагачэньне і рэформа выбарчага заканадаўства. На прыняцьцё гэтых прапановаў ён даў цяперашняму складу Вярхоўнай Рады два месяцы.

Ён абвясьціў пра адстаўку генэральнага пракурора, кіраўніка СБУ і міністра абароны (кандыдатуры на гэтыя пасады па законе прапануе прэзыдэнт), а таксама заклікаў урад падаць у адстаўку. Пры гэтым ён працытаваў фразу колішняга прэзыдэнта ЗША Рональда Рэйгана – «урад не вырашае нашых праблем, урад і ёсьць нашай праблемай». Гледзячы па ўсім, прынамсі ва ўрадзе Ўладзіміра Гройсмана новы прэзыдэнт Украіны бачыць найперш праблему.

У драматургіі і рыторыцы інаўгурацыйнай цырымоніі Зяленскі быў верны вобразу свайго сцэнічнага героя сэрыялу «Слуга народу»: ён ішоў на інаўгурацыю пешкі, паціскаў рукі людзям, якія сабраліся вітаць яго, нават падскокнуў, зрабіў сэлфі зь дзяўчынай, якая яго вітала. У сваёй прамове ён сказаў, што кожны ўкраінец – прэзыдэнт. Аднак стыль шоўмэна кантраставаў з жорсткасьцю агучаных ім прапановаў.

Назіральнікі зьвярнулі ўвагу на ня вельмі высокі ўзровень прадстаўніцтва замежных краінаў на інаўгурацыі, на ёй прысутнічалі прэзыдэнты толькі чатырох краінаў, ЗША былі прадстаўленыя на ўзроўні міністра энэргетыкі, Беларусь была прадстаўленая віцэ-прэмʼерам (на інаўгурацыі Пятра Парашэнкі ў 2014 годзе быў Аляксандар Лукашэнка).

Прычынай такога параўнальна нізкага прадстаўніцтва замежных гасьцей часткова было тое, што Вярхоўная Рада прызначыла інаўгурацыю на будзённы дзень, насуперак прапанове Зяленскага правесьці яе ў нядзелю 19 траўня.

Спрэчка мінулага тыдня наконт даты інаўгурацыі сьведчыла пра тое, што сутыкненьне непазьбежнае. Цяпер нічыёй ня можа быць, альбо Зяленскі даможацца роспуску Рады, альбо Рада ня выканае гэтае рашэньне і дасядзіць да кастрычніка, да чарговых выбараў. Паводле апытаньняў, партыя Зяленскага «Слуга народу» можа набраць на датэрміновых выбарах да 40% галасоў.

Сваю прамову Зяленскі скончыў заявай, што раней забаўляў людзей, а зараз зробіць так, каб яны ня плакалі. Гледзячы па ўсім, цікава ва Ўкраіне зараз будзе ў любым выпадку.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG