Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зяленскі прыняў прысягу і заявіў пра роспуск Вярхоўнай Рады


Уладзімір Зяленскі
Уладзімір Зяленскі

Актор і бізнэсовец Уладзімер Зяленскі ўступіў на пасаду прэзыдэнта Ўкраіны – ён быў абраны па выніках двух тураў выбараў, якія прайшлі сёлета 31 сакавіка і 21 красавіка.

«Я, Зяленскі Ўладзімір Аляксандравіч, воляй народа выбраны прэзыдэнтам Украіны, уступаючы на гэтую высокую пасаду, урачыста прысягаю на вернасьць дзяржаве. Абавязуюся сваімі справамі абараняць сувэрэнітэт і незалежнасьць Украіны, клапаціцца пра Айчыну і дабрабыт украінскага народу, адстойваць правы і свабоды грамадзян, выконваць Канстытуцыю і законы Украіны, выконваць свае абавязкі ў інтарэсах усіх суайчыннікаў», – абвясьціў Уладзімір Зяленскі.

Ён зачытваў тэкст прысягі, трымаючы руку адначасова на Канстытуцыі Ўкраіны і Перасопніцкім Эвангельлі. Пасьля прысягі Ўладзіміру Зяленскаму ўручылі пасьведчаньне прэзыдэнта і галоўныя сымбалі кіраўніка дзяржавы – булаву, пячатку і нагрудны знак.

Цырымонія адбывалася на ўрачыстым пасяджэньні Вярхоўнай Рады. На ёй былі чатыры папярэднія прэзыдэнты краіны – Леанід Краўчук, Леанід Кучма, Віктар Юшчанка і Пятро Парашэнка, а таксама вялікая колькасьць замежных гасьцей.

Беларусь на інаўгурацыі прэзыдэнта Ўкраіны прадстаўляў віцэ-прэм’ер Ігар Ляшэнка.

У сваёй першай прэзыдэнцкай прамове Ўладзімір Зяленскі заклікаў усіх украінцаў сьвету вярнуцца на бацькаўшчыну, каб стварыць моцную дзяржаву: «Вы нам вельмі патрэбны; усім, хто гатовы дапамагаць ствараць моцную Ўкраіну, я з радасьцю дам украінскае грамадзянства».

Уладзімір Зяленскі таксама падкрэсьліў, што гатовы на ўсё, каб дасягнуць міру на Данбасе: «Гатовы прымаць непапулярныя рашэньні, страчваць свой рэйтынг і папулярнасьць». Ён сказаў, што гатовы страціць і сваю пасаду, толькі каб ва Ўкраіне быў дасягнуты мір.

У канцы прамовы Зяленскі заявіў пра намер распусьціць Вярхоўную Раду.

Пасьля інаўгурацыі Ўладзімір Зяленскі возьме ўдзел у цырымоніі прадстаўленьня вайскаводаў Узброеных сіл Украіны і ўзьняцьця Дзяржаўнага Сьцяга, і адразу пасьля гэтага разам са сваёй жонкай накіраваўся на афіцыйны прыём для кіраўнікоў замежных дэлегацый.

Паводле праграмы, абнародаванай камандай новаабранага прэзыдэнта, у другой палове дня ён правядзе двухбаковыя сустрэчы з кіраўнікамі замежных дэлегацый, запрошаных на інаўгурацыю.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG