Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Макей расказаў нямецкай газэце пра Беларусь сваіх мараў


Уладзімер Макей, міністар замежных спраў Беларусі
Уладзімер Макей, міністар замежных спраў Беларусі

У інтэрвію нямецкай газэце Süddeutsche Zeitung міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей заявіў, што Беларусь імкнецца да большага супрацоўніцтва з Эўрапейскім зьвязам, але лічыць асноўным саюзьнікам Расею. Інтэрвію перадрукавала МЗС Беларусі.

Расея — асноўны саюзьнік і старэйшы брат

На пытаньне пра тое, што цяжкага для Беларусі ў знаходжаньні паміж Расеяй і краінамі Захаду, Макей адказаў, што Беларусь як экспартна арыентаваная краіна вельмі пакутуе ад санкцыяў паміж Расеяй і краінамі Захаду. Паводле Макея, Беларусь хацела б «падтрымліваць збалянсаваныя стасункі з усімі», але «разглядае Расею ў якасьці асноўнага саюзьніка, як нашага натуральнага суседа і — «чаму не» — таксама як «старэйшага брата».

«Калі мы кажам пра мінуўшчыну, я маю на ўвазе былы Савецкі Саюз, можна сьцьвярджаць, што мы, славянскія народы, зьяўляемся брацкімі народамі», — сказаў Макей.

Мы ня хочам паўтараць памылак Украіны

Пра цяперашнюю сытуацыю ва Ўкраіне Макей сказаў, што для Беларусі яна «зьяўляецца нэгатыўным прыкладам» і ў тым, што адбываецца там, «ёсьць таксама віна Эўразьвязу, які ў мінулым спрабаваў як мага хутчэй прывязаць да сябе Ўкраіну».

«Я разумею імкненьне Ўкраіны быць бліжэй да Эўропы. Але мы ня хочам дзейнічаць паводле іхнай лёгікі. Мы ня хочам паўтараць памылак Украіны», — сказаў Макей і дадаў, што стратэгія Беларусі — «роўныя адносіны на ўсіх кірунках, магчыма, крыху больш у дачыненьні Расеі».

Эўразьвяз клапоціцца пра індывідуальныя правы, а мы пра сацыяльныя

На пытаньне пра тое, ці значыць збліжэньне з Эўразьвязам, што Беларусь будзе «адкрывацца» каштоўнасьцям ЭЗ з дэмакратыяй, правамі чалавека і прававой дзяржавай, Макей адказаў: «у нас крыху іншыя ўяўленьні аб правах чалавека».

«ЭЗ клапоціцца ў першую чаргу аб індывідуальных правах, а мы аб сацыяльных правах, такіх як права на працу, на жыльлё, на адукацыю і сацыяльнае забесьпячэньне. У нас стары савецкі лад мысьленьня і ўяўленьні пра тое, што ёсьць найважнейшым», — адзначыў міністар.

Пра сьмяротнае пакараньне

Што да адмены сьмяротнага пакараньня ў Беларусі, Макей сказаў, што Беларусь «не адмаўляецца ад ідэі яго адмены ў будучыні», але «ў 1996 годзе больш за 82 адсоткі грамадзян на рэфэрэндуме падтрымалі захаваньне сьмяротнага пакараньня», таму цяпер «мы працуем над тым, каб зьмяніць гэтую думку».

Пра стасункі з Эўразьвязам, ЗША, Кітаем

Пра супрацу з Эўразьвязам Макей зазначыў, што Беларусь хацела б больш актыўна працаваць зь ім, у тым ліку ў рамках ініцыятывы «Ўсходняе партнэрства», і «зрабіла прапановы на тэму энэргетычнай дывэрсыфікацыі, інфраструктуры і лічбавізацыі», але «ў многіх пытаньнях няма руху наперад, бо ўвага ЭЗ знаходзіцца дзесьці ў іншым месцы».

Пра цяперашнія стасункі Эўразьвязу і ЗША Макей сказаў, што Беларусь «вітала б такое становішча спраў, калі трансатлянтычнае супрацоўніцтва было б беспраблемным і надзейным», бо цяпер Беларусь экспартуе да 60 адсоткаў тавараў і цярпіць ад гандлёвых войнаў паміж ЗША і Кітаем, паміж ЗША і Эўразьвязам. «Мы хацелі б знаходзіцца ў сытуацыі, калі ўсе гуляюць паводле ясных правілаў», — дадаў Макей.

Актыўнае збліжэньне з Кітаем Макей патлумачыў санкцыямі з боку ЭЗ і «праблемамі з расейскімі саюзьнікамі». Паводле яго, тады кіраўніцтва Беларусі «прыняло рашэньне аб пошуку іншага стратэгічнага партнэра», «які ня ставіць ніякіх палітычных умоваў».

«Каб Беларусь стала Швайцарыяй Усходняй Эўропы»

Таксама ў Макея спыталі: «Калі б вы маглі загадаць жаданьне, што б вы пажадалі?»

«Каб Беларусь стала Швайцарыяй Усходняй Эўропы. Мабыць, і ўсё», — адказаў на гэта пытаньне міністар.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG