Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка — прэзыдэнту Аўстрыі: А можа аўстрыйцы таксама хочуць, каб было сьмяротнае пакараньне

абноўлена

Аляксандар Лукашэнка на прэсавай канфэрэнцыі, Вена, 12 лістапада 2019
Аляксандар Лукашэнка на прэсавай канфэрэнцыі, Вена, 12 лістапада 2019

Сёньня ў Вене ў палацы Хофбург адбылася сустрэча прэзыдэнтаў Беларусі і Аўстрыі Аляксандра Лукашэнкі і Аляксандра Ван дэр Бэлена. Пасьля сустрэча адбылася прэсавая канфэрэнцыя двух кіраўнікоў.

На ёй быў карэспандэнт тэлеканалу «Настоящее время» Ягор Максімаў. Ён распавёў Свабодзе пра самыя яскравыя моманты прэсавай канфэрэнцыі Лукашэнкі і Ван дэр Бэлена.

Ягор Максімаў
Ягор Максімаў

— Пытаньняў было даволі мала. З боку беларускіх журналістаў іх задаваў толькі прэзыдэнцкі пул. Было толькі тры пытаньня ад іх, больш нікому не дазволілі. Пытаньні тычыліся інвэстыцыяў у Беларусь, эканамічных узаемаадносінаў, нічога вострага там не было.

Сустрэча была прысьвечаная будучаму гіпатэтычнаму партнэрству Менску і Эўразьвязу. Але адразу было сказана, што гэтаму перашкаджае. Прэзыдэнт Аўстрыі Аляксандар Ван дэр Бэлен, як толькі выйшаў да прэсы, адразу сказаў, што яго не задавальняе сьмяротнае пакараньне ў Беларусі і ён выступае катэгарычна супраць гэтага.

Лукашэнка ўспрыняў гэтую заяву і далейшыя пытаньні пра сьмяротнае пакараньне даволі хваравіта. Ён заявіў, што ў Беларусі сьмяротнае пакараньне ўхваліў народ на рэфэрэндуме. А ў Аўстрыі такога рэфэрэндуму не было. «Можа народ і ў вас хоча, каб было сьмяротнае пакараньне, проста вы ня ведаеце» — сказаў Лукашэнка.

Маўляў, вось такая ў вас дэмакратыя, і наагул — паглядзіце на ЗША і Кітай.

Лукашэнка таксама прызнаў, што ён больш аўтарытарны кіраўнік, чым усе эўрапейскія палітыкі, але дадаў, што гэта патрэбна Беларусі, што гэта ідзе на карысьць краіне.

У адказ на ўсе больш менш вострыя пытаньні эўрапейскіх журналістаў ён заклікаў іх усіх прыехаць у Беларусь і паглядзець, што там насамрэч усё добра, усе людзі шчасьлівыя і маецца поўная дэмакратыя.

Таксама яго спыталі наконт магчымага сяброўства ў Радзе Эўропы, ён адказаў: «Атрымаецца — дзякуй, ня прымеце — мы патрываем».

На мой погляд, самым цікавы быў адказ на чарговае пытаньне аб дэмакратыі ў Беларусі, калі Лукашэнка сказаў, што яму асабіста і ўсёй краіне вельмі нялёгка, таму што яна заціснутая паміж Усходам і Захадам і яму даводзіцца неяк манэўраваць паміж дзьвюма бакамі канфлікту.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG