Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Лукашэнку ў Аўстрыі сустракалі ня так, як Пуціна»


Аляксандар Лукашэнка і прэзыдэнт Аўстрыі Аляксандар Ван дэр Бэлен
Аляксандар Лукашэнка і прэзыдэнт Аўстрыі Аляксандар Ван дэр Бэлен

Сярод тых, хто асьвятляе візыт кіраўніка Беларусі ў Аўстрыю, журналіст тэлеканалу «Настоящее время» Ягор Максімаў. Мы папрасілі калегу распавесьці пра яго ўражаньні ад прыёму Аляксандра Лукашэнкі ў аўстрыйскай сталіцы.

— Аляксандар Лукашэнка прыбыў на сустрэчу своечасова, як толькі прабіў гадзіньнік, адразу прыехаў яго картэж. Яго сустракаў прэзыдэнт Аўстрыі. Акрамя прэзыдэнта і журналістаў, на плошчы было вельмі шмат турыстаў, якія ўбачылі аркестар, зацікавіліся і засталіся паглядзець. Я ўдакладніў у мясцовых журналістаў, ці заўсёды плошча адкрытая для турыстаў падчас дыпляматычных візытаў.

Немагчыма ўявіць сабе, што падчас самітаў G7 ці G20 нехта будзе пускаць турыстаў паглядзець на прэзыдэнтаў. Мне сказалі, што калі прыяжджае Ўладзімір Пуцін, плошчу перакрываюць цалкам. А калі прыехаў Лукашэнка, перакрылі толькі тую частку плошчы, па якой ён ішоў.

А астатнюю частку плошчы пакінулі для турыстаў, якія маглі глядзець на яго і фатаграфаваць.

Было калі 20 журналістаў, хаця месца для іх было выдзелена нашмат больш. Лукашэнка ўрачыста прайшоў перад аўстрыйскім аркестрам, яго вельмі акуратна вёў за руку прэзыдэнт Аляксандар Ван дэр Бэлен, падтрымліваючы і накіроўваючы, падказваючы, дзе трэба спыніцца і дзе павярнуць.

Яны сышлі на перамовы, у хуткім часе чакаецца прэсавая канфэрэнцыя. Пасьля гэтага ў Аляксандра Лукашэнкі шэраг сустрэчаў у Вене.

— А ці будзе сустрэча з Сэбастыянам Курцам, які цяпер фармуе новы ўрад?

— Не. У гэтым асаблівасьць гэтага візыту. Такой сустрэчы ня будзе, парадак дня візыту гэтага не прадугледжвае. Хаця запрашэньне яму паўтара году таму яму накіроўваў менавіта Курц.

— Вы сказалі, што размаўлялі з журналістамі. Гэта паказальная рэч — як нашыя калегі ўспрымаюць гэтага госьця?

Мясцовыя журналісты параўноўваюць Лукашэнку найперш з Пуціным. Для іх гэта зручнае параўнаньне, абодва для іх — кіраўнікі краінаў з Усходу, з краінаў былога СССР. І гэтае параўнаньне не на карысьць Лукашэнкі. Калі прыяжджае Пуцін, яны гавораць пра яго з сумесьсю жаху і захапленьня. Вось плошчу перакрываюць, калі Пуцін езьдзіць на мэмарыял савецкім воінам, журналісты сочаць, як ён паводзіць сябе.

Яны бачаць, што пры прыезьдзе Лукашэнкі меры бясьпекі менш строгія, чым калі прыяжджае Пуцін.

Беларускія журналісты больш змагаюцца адзін з адным за тое, хто якое месца зойме пры прэс-падыходзе. Магчыма, гэта тлумачыцца тым, што гэта першы візыт Аляксандра Лукашэнкі і яго прэзыдэнцкага пулу ў краіну Эўразьвязу за працяглы час.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG