Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка ў Вене: Беларусь больш адкрытая, чым вы


Аляксандар Лукашэнка на прэсавай канфэрэнцыі, Вена, 12 лістапада 2019

Пра гэта кіраўнік Беларусі заявіў сёньня ў Вене, адказваючы на пытаньні журналістаў пасьля перамоваў з прэзыдэнтам Аўстрыі Аляксандрам Ван дэр Бэленам, паведамляе БЕЛТА.

Адкрытая, а не аўтарытарная краіна

«Мы абсалютна адкрытая краіна. Сьмею запэўніць, больш чым вы. Грамадзяне прыкладна 90 дзяржаў маюць магчымасьць бязь візаў прыяжджаць у аўтарытарную, як вы сказалі, Беларусь. Мы абсалютна адкрытыя для ўсіх», — заявіў Лукашэнка.

Журналісту, які задаў пытаньне, ён параіў, каб той, перш чым даваць ацэнкі, наведаў краіну і ацаніў сытуацыю на ўласныя вочы.

Сьмяротнае пакараньне пакуль застанецца, бо пакуль за гэта народ

Кіраўнік Беларусі таксама адказаў на пытаньне пра магчымасьць адмены сьмяротнага пакараньня: «Адказваючы наўпрост на вашае пытаньне: рэфэрэндум вырашыў гэтую праблему. Толькі рэфэрэндум можа адмяніць сьмяротнае пакараньне. Мы ў гэтым напрамку рухаемся».

Лукашэнка заявіў, што Эўразьвяз патрабуе ад Беларусі скасаваньня сьмяротнага пакараньня.

«І, вядома, мы да гэтага абыякава ставіцца ня можам, калі ўжо зусім шчыра. І вельмі часта праводзім апытаньні наконт адмены сьмяротнага пакараньня. Нічога з тых часоў, як пытаньне было вырашанае на рэфэрэндуме, не зьмянілася. Ці варта гэтае пытаньне сёньня выносіць на рэфэрэндум, каб атрымаць адмоўны адказ? Думаю, ня варта. Таму мы дамовіліся калісьці з палітыкамі ў Брусэлі ў гэтым кірунку працаваць разам. І выпрацавалі нейкі плян, дарожную мапу па працы зь беларускім грамадзтвам, мы ў гэтым напрамку рухаемся. Пасьпешлівасьць тут можа толькі нашкодзіць», — сказаў кіраўнік Беларусі.

Прапануем вашай увазе яшчэ некалькі тэзаў з прэсавай канфэрэнцыі Лукашэнкі ў Вене:

  • Беларусь падтрымае кандыдатуру Аўстрыі на выбарах у склад непастаянных чальцоў Рады бясьпекі ААН на 2027–2028 гады.
  • Аўстрыя — найважнейшы партнэр Беларусі ў нашай агульнай Эўропе.
  • Разам Беларусь і Аўстрыя здольныя зрабіць унёсак у аднаўленьне стабільнасьці і ўмацаваньне бясьпекі.
  • Беларусь падтрымлівае ініцыятыву па клімаце, вылучаную прэзыдэнтам Аўстрыі Ван дэр Бэленам.
  • «Дзякуючы актыўнай працы аўстрыйскага старшыняваньня ў ЭЗ у 2018 годзе Зьвяз робіцца для Беларусі важкім палітычным і інвэстыцыйным партнэрам, толькі за апошнія два гады аб’ём фінансавай падтрымкі Эўрапейскім інвэстыцыйным банкам і Эўрапейскім банкам рэканструкцыі і разьвіцьця праектаў у беларускім дзяржсэктары дасягнуў 700 млн эўра».
  • «Сёлета Беларусь з ЭЗ зацьвердзілі праекты пагадненьняў па спрашчэньні выдачы візаў і аб рэадмісіі. Спадзяёмся падпісаць іх у бліжэйшы час».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG