Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва Ўкраіне зьнішчаць 11 мільёнаў кантрабандных беларускіх цыгарэт


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Луцкі гарадзкі-раённы суд Валынскай вобласьці дазволіў рэгіянальнаму ўпраўленьню Дзяржаўнай фіскальнай службы Ўкраіны зьнішчыць 562 тысячы 954 пачкі цыгарэт беларускай вытворчасьці, канфіскаваныя пры спробах іх незаконнага ўвозу на ўкраінскую тэрыторыю.

Найбольшую частку гэтых тытунёвых вырабаў канфіскавалі сёлета з чэрвеня па жнівень. Агулам гэта больш як 11 мільёнаў цыгарэт, якія перавозіліся з фальшывымі акцызнымі маркамі або зусім бязь іх.

Паводле дасудовага расьсьледаваньня, «невядомыя асобы зь ліку жыхароў памежных раёнаў Валынскай вобласьці сыстэматычна набываюць, захоўваюць, назапашваюць і перавозяць незаконна вырабленыя акцызныя тавары — падробленыя тытунёвыя вырабы з падробленымі маркамі акцызнага падатку, якія спрабуюць незаконна перамясьціць празь мяжу з мэтай іх далейшага продажу».

Як пастаўлялі тытунёвую кантрабанду

У матэрыялах справы адзначаецца, што найчасьцей беларускі тытунь перапраўлялі аўтамабільным транспартам або па вадзе на гумовых лодках. Шмат фіксавалася і такіх выпадкаў, калі «ўласьнікі» тавару, пабачыўшы памежнікаў, кідалі свой «багаж» паблізу памежных паселішчаў і ўцякалі.

Сьледчыя не змаглі вызначыць фактычных уласьнікаў канфіскаванай тытунёвай прадукцыі і здабыць дастатковыя доказы, якія б сьведчылі пра датычных да кантрабанды асобаў.

«Улічваючы, што матэрыяльныя доказы ў гэтай крымінальнай справе — тытунёвыя вырабы — ня ўтрымліваюць сьлядоў крымінальнага злачынства, знаходзяцца на тэрыторыі Ўкраіны ў незаконным абароце, зьяўляюцца няякаснай і небясьпечнай прадукцыяй (а гэта не дазваляе перадаць іх на продаж ці перапрацоўку), а іх захоўваньне стварае пэўныя складанасьці, варта дазволіць зьнішчэньне рэчавых доказаў», — пастанавіў суд.

Гэта будзе другая па колькасьці партыя беларускага тытуню, зьнішчанага ва Ўкраіне пасьля канфіскацыі. Сёлета ў траўні суд дазволіў зьнішчыць 20 мільёнаў беларускіх цыгарэт, якія былі канфіскаваныя ў красавіку 2017 году ў аэрапорце «Барыспаль» у часе мытнага надгляду самалёта, які прыляцеў зь Менску ў Кіеў чартэрным рэйсам.

Беларускі сьлед у кантрабандных схемах праз Украіну

Паводле Ўсясьветнай мытнай арганізацыі, Украіна гадамі займае першыя месцы як краіна паходжаньня канфіскаваных кантрабандных цыгарэт. А ў апошнія некалькі гадоў лідзіруе і па колькасьці незаконных паставак тытуню ў Эўропу.

Што праўда, у кантрабандных зводках праваахоўнікаў усё часьцей фігуруюць грамадзяне Беларусі і нават беларускае «прыкрыцьцё» кантрабандных паставак.

Сёлета ў лютым сьледчы аддзел упраўленьня Службы бясьпекі Ўкраіны ў Чарнавіцкай вобласьці адкрыў справу аб стварэньні злачыннай арганізацыі для кантрабанды цыгарэт у Эўропу. Пад выглядам мыйнага парашку зь беларускага прадпрыемства «Бархім» у Эўразьвяз праз украінскую тэрыторыю правозілі 750 тысяч пачак незаконна вырабленых тытунёвых вырабаў маркі Marble і Ashima. Неадпаведнасьць грузу заяўленым на мытні дакумэнтам высьветлілася толькі на тэрыторыі Румыніі, але нават не на мяжы, а ў выніку дарожнай аварыі, у якую трапіў грузавік з цыгарэтамі.

Два гады таму спэцслужбы Ўкраіны заявілі, што незаконныя пастаўкі тытуню зь Беларусі праз Украіну ў Эўропу ажыцьцяўляліся паводле старанна распрацаванай схемы са стварэньнем на ўкраінскай тэрыторыі адпаведных «перавалачных баз» і месцаў рэалізацыі.

За незаконнае перамяшчэньне цыгарэт без акцызных марак ужо некалькі грамадзян Беларусі страцілі свае аўтамабілі і грошы.

Тытунёвую прадукцыю маскуюць пад драўніну, піламатэрыялы ці будаўнічыя матэрыялы, у машынах абсталёўваюць тайнікі — у дзьвярах, пад сядзеньнямі, паміж ашалёўкай і корпусам, у пустотах колаў. Для перавалкі ў Эўропу ўбаку ад памежных пастоў выкарыстоўваюць вадалазны рыштунак, лодкі, малую авіяцыю і дроны.

Паводле неафіцыйнай інфармацыі, штодня з Украіны нелегальна вывозяць ня менш як дзьве фуры, цалкам забітыя цыгарэтамі. Прыбытак толькі з адной такой фуры складае паўмільёна эўра.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG