Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва Ўкраіне асудзілі беларуса за кантрабанду тытуню і канфіскавалі аўтамабіль


Кантрабандныя цыгарэты ў аўтамабілі. Архіўнае ілюстрацыйнае фота
Кантрабандныя цыгарэты ў аўтамабілі. Архіўнае ілюстрацыйнае фота

Суд Валынскай вобласьці прысудзіў грамадзяніну Беларусі, жыхару аграгарадку Вістычы Берасьцейскай вобласьці Дзьмітрыю Бярозку штраф у памеры 48 400 грыўняў (амаль 2 тысячы даляраў у эквіваленце) і канфіскаваў аўтамабіль Ford Transit за незаконнае перамяшчэньне ва Ўкраіну 2,5 тысячы пачак цыгарэт.

Апроч таго, беларус мусіць сплаціць дадаткова 11 575 грыўняў (больш як 400 даляраў) за захоўваньне канфіскаванага тытуню і аўтамабіля на мытных складах, 1750 грыўняў (60 даляраў) за правядзеньне экспэртызы і 352 грыўні (13 даляраў) судовага збору. Агульная сума фінансавага пакараньня Дзьмітрыя Бярозкі складае амаль 2,5 тысячы даляраў.

На судовым паседжаньні грамадзянін Беларусі прызнаў сваю віну, але прасіў суд вярнуць яму аўтамабіль. Ён сказаў, што правозіў цыгарэты ўпершыню, а галоўным матывам стала цяжкае матэрыяльнае становішча ягонай сям’і — цяжарная жонка, маці-пэнсіянэрка, бацька, які не працуе і злоўжывае сьпіртнымі напоямі, і нязначны памер заработнай платы. Паводле яго, аўтамабіль — адзіная крыніца даходаў ягонай сям’і. Але суд не палічыў гэтыя акалічнасьці дастаткова важкімі.

Згодна з заканадаўствам Украіны грамадзянін можа абскардзіць рашэньне суду.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG