Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як беларусу закупіцца ў Польшчы ў нядзелю. Нягледзячы на забарону


З 1 сакавіка ў Польшчы пачаў дзейнічаць закон, паводле якога, абмяжоўваецца праца гандлёвых сетак і крамаў у нядзелю. Жыхары Горадзеншчыны ўпэўненыя, што ўжо ёсьць спосабы, як гэта абмінуць.

Гандаль плянуюць абмяжоўваць паступова

Паводле паведемленьняў польскіх СМІ, сёлета крамы ў Польшчы будуць працаваць толькі дзьве нядзелі ў месяц: першую і апошнюю нядзелі. Так, у сакавіку 3-га і 25-га крамы працуюць.

На памежным пераходзе «Брузгі»
На памежным пераходзе «Брузгі»

У наступным годзе гандаль у крамах абмяжоўваецца толькі да аднае нядзелі ў месяц, а з 2020 году наагул будзе забаронены ва ўсе нядзелі цягам году, акрамя вызначаных 7 нядзель: гэта дзве нядзелі перад Калядамі, адна нядзеля перад Вялікаднем ды апошнія нядзелі студзеня, красавіка, чэрвеня і жніўня.

«Ужо зараз на аўтазапраўках пачалі дабудоўваць гандлёвыя павільёны...»

Горадзенцы, якія прывыклі ў выходныя наведвацца ў Беласток на закупы, без аптымізму ўспрынялі новаўвядзеньні ў Польшчы. Маўляў, страцяць і палякі і яны будуць мець нязручнасьці.

«Зробяцца чэргі большыя на мяжы ў пятніцу і суботу, — кажа спадарыня Рэгіна, якая раз на тыдзень наведваецца ў Беласток на закупы. — Людзі ўсё роўна не перастануць езьдзіць, бо выгада пакуль ёсьць».

Але тыя, хто часта езьдзіць у Польшчу і ня толькі на закупы, а каб зарабіць з паездкі глядзяць на новаўвядзеньні больш аптымістычна.

«Так, ня будуць працаваць гандлёвыя сеткі, крамы, але ўсё ўжо хутка можна будзе набыць на аўтазапраўках, — аптымістычна сьцьвярджае спадар, які дагэтуль возіць на продаж салярку і цыгарэты. — Ужо зараз на многіх запраўках на Падлясьсі пачалі дабудоўваць супэр-маркеты, бо гандаль у крамах на заправачных станцыях, паводле новага закона, абмяжоўвацца ня будзе». — аўтарытэтна кажа спадар.

Насамрэч, польскія СМІ, як прыклад, пішуць пра гандлёвую сетку «Intermarché», якая валодае 63 супэр-маркетамі пры якіх пачалі адкрытывацца заправачныя станцыі. У прыватнасьці, днямі такая запраўка адкрылася пры супэр-маркеце ў Раве Мазавецкай і супэр-маркет пры ёй працуе 7 дзён у тыдзень ад 6.00 да 22 гадзіны. Кіраўніцтва «Intermarché» запэўнівае кліентаў, што падобныя запраўкі будуць пашырацца па ўсёй Польшчы.

Гандлёвыя сеткі самі шукаюць выйсьця

Да прыкладу, добра вядомая гандлёвая сетка «Biedronka» аб’явіла аб тым, што мае намер зьмяніць расклад працы. Плянуецца, што працоўны дзень у панядзелак будзе пачынацца праз 15 хвілін пасьля поўначы. Тым часам нямецкая гандлёвая сетка Lidl падоўжыць працоўны дзень сваім работнікам у суботу да тае пары, каб самы запозьнены кліент мог набыць тавары ў іх крамах.

Цэнтар распродажаў Outlet Białystok.
Цэнтар распродажаў Outlet Białystok.

Гандаль не забаронены ў нядзелю на вакзалах і ў інтэрнэце

Многія палякі і беларускія пакупнікі задаюцца пытаньнем — як будзе выглядаць праца крамаў, якія знаходзяцца ў адным будынку з вакзаламі? На гэтае пытаньне пакуль няма адказу. Мая суразмоўніца, спадарыня Рэгіна, распавядае, што, да прыкладу, у Беластоку пры новым вакзале адчынена вялікая крама «Kaufland», а таксама шэраг буцікоў, якія месьцяцца ў адным будынку з вакзалам.

«Там усё можна набыць, — распавядае спадарыня, — і ня трэба нават яшчэ-куды небудзь ехаць».

І ўрэшце, як высьветлілася, ніхто не забараняў рабіць закупы праз інтэрнэт. Многія вытворцы пачалі адчыняць у гарадах адмысловыя месцы, дзе можна нават у нядзелю папросту прымерваць адзеньне, альбо глядзець і выбіраць бытавую тэхніку і расплаціцца за яе набыцьцё з мабільнага тэлефона.

Аплаціўшы праз інтэрнэт магчыма такім чынам набываць і харчы, праўда, пры ўмове, што ў крамах іх будуць аддаваць не прадавачкі, а ахоўнікі крамы — гэта таксама не забараняецца.

Дарэчы, у новым польскім законе прадугледжаны і выключэньні. У нядзелю можа працаваць крама, дзе за прылаўкам будзе стаяць уладальнік гандлёвай кропкі. Таксама дазваляецца праца ў пякарнях, кандытарскіх, на аўтазаправачных станцыях, у кветкавых крамах, у паштовых аддзяленьнях, на вакзалах і ў аэрапортах.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG