Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва Ўкраіне расьсьледуюць буйную кантрабанду тытуню зь Беларусі ў Эўразьвяз


Ілюстрацыйнае фота. Вытворчасьць цыгарэт

Замест мыйнага парашка зь беларускага прадпрыемства «Бархім» у Эўразьвяз праз украінскую тэрыторыю правезьлі буйную партыю цыгарэт. Груз прайшоў дзьве мяжы і чатыры праверкі мытнікаў, пра яго стала вядома толькі пасьля аварыі фуры на дарозе ў Румыніі.

Сьледчы аддзел упраўленьня Службы бясьпекі Ўкраіны ў Чарнавіцкай вобласьці вядзе расьсьледаваньне справы аб стварэньні злачыннай арганізацыі для кантрабанды цыгарэт у Эўропу. У рамках гэтай справы СБУ запрасіла ў Беларусі копіі дакумэнтаў на груз, адпраўлены беларускім прадпрыемствам «Бархім», у якім замест мыйнай прадукцыі знайшлі 750 тысяч пачак незаконна вырабленых тытунёвых вырабаў маркі Marble і Ashima.

Як вынікае з матэрыялаў справы, неадпаведнасьць грузу заяўленым на мытні дакумэнтам высьветлілася толькі на тэрыторыі Румыніі: не на мяжы, а ў выніку дарожнай аварыі, у якую трапіў грузавік, што перавозіў цыгарэты.

Паводле сьледчых СБУ, грузавік з прычэпам, зарэгістраваным у Сэрбіі, уехаў на тэрыторыю Ўкраіны праз украінска-беларускі памежны пункт «Даманава — Макраны» (паміж Валынскай і Берасьцейскай абласьцямі), а выяжджаў ужо праз пункт у Чарнавіцкай вобласьці Парубнае — Сірэт.

Адпраўнікам грузу было баранавіцкае прадпрыемства «Бархім», а ягоным афармленьнем займалася Берасьцейская мытня Дзяржаўнага мытнага камітэту Беларусі.

На гэты момант крымінальная справа вядзецца ў дачыненьні да «пакуль ня вызначаных службовых асоб праваахоўных органаў, у тым ліку Чарнавіцкай мытні Дзяржаўнай фіскальнай службы Ўкраіны, якія злоўжывалі службовым становішчам.

Сьледчыя падазраюць, што мытнікі «з карысьлівых меркаваньняў і ў інтарэсах трэціх асобаў, з мэтай незаконнага ўзбагачэньня спрыялі незаконнаму вывазу на тэрыторыю Румыніі па-за мытным і памежным кантролем падакцызных тавараў, што прывяло да цяжкіх наступстваў у выглядзе непаступленьня ў дзяржаўны бюджэт Украіны абавязковых мытных плацяжоў, падаткаў і збораў, а таксама да падрыву аўтарытэту і іміджу дзяржаўных органаў Украіны ў сьвеце».

У той жа час на судовым паседжаньні, калі разглядалася хадайніцтва сьледчага аб доступе да дакумэнтаў Берасьцейскай мытні, адзначалася, што прадстаўнік беларускага ведамства не выклікаўся ў суд, «паколькі існуе пагроза зьнішчэньня ці падмены дакумэнтаў».

У прыватнасьці, украінскія праваахоўнікі хочуць дасьледаваць таварна-суправаджальныя дакумэнты на груз, акты агляду аўтамабіля і прычэпа, акты плямбаваньня, мытныя дэклярацыі і відэазапісы, якія мусяць знаходзіцца ў Берасьцейскай мытні Дзяржаўнага мытнага камітэту Беларусі. Сьледчыя не выключаюць, што ў гэтых дакумэнтах ёсьць зьвесткі «аб датычнасьці да супрацьпраўнай дзейнасьці нявызначаных асобаў і мець істотнае значэньне для высьвятленьня ісьціны ў справе».

Паводле ўкраінскіх журналістаў, якія праводзілі расьсьледаваньні існых схемаў кантрабандных паставак цыгарэт з Украіны ў Эўропу, тытунёвыя вырабы Marble і Ashima першапачаткова выпускаліся ў Кітаі (Hongta Tobacco Group Co.), а цяпер цыгарэты пад такой назвай робяць і ў Малдове, і нават на тэрыторыі «асобных раёнаў Данецкай і Луганскай абласьцей».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Вам можа яшчэ спадабацца

XS
SM
MD
LG