Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зяленскі «пачуў сыгнал» Літвы пра бясьпеку на БелАЭС


Уладзімір Зяленскі і Гітанас Наўседа на сустрэчы ў Вільні, 27 лістапада

Прэзыдэнты Ўкраіны і Літвы сустрэліся 27 лістапада ў Вільні. Сярод іншага яны абмеркавалі магчымую пакупку Ўкраінай энэргіі зь БелАЭС, піша Delfi.

Раней украінскі міністар энэргетыкі расказваў, што Кіеў разглядае пытаньне пакупкі электрычнасьці з Астравецкай АЭС. Літва ж пасьлядоўна выступае супраць запуску БелАЭС, непакоіцца адносна бясьпекі станцыі ў 22 км ад сваёй мяжы.

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі пасьля размовы з прэзыдэнтам Літвы Гітанасам Наўседам сказаў, што абмяркуе пытаньне БелАЭС са сваім міністрам энэргетыкі, але не сказаў наўпрост, ці будзе Ўкраіна надалей купляць электрычнасьць зь Беларусі.

«Я сказаў, што пачуў гэты сыгнал. Я сказаў, што я абавязкова сяду зь міністрам энэргетыкі [...], і мы абмяркуем гэтае пытаньне, — перадае Delfi словы Зяленскага. — Усё, што для вас важна і што тычыцца пытаньняў бясьпекі, важна і для ўкраінцаў».

Зяленскі растлумачыў, што беларуская энэргія гэта адзін са спосабаў барацьбы з энэргетычнымі манапалістамі Ўкраіны. Наўседа ж сьцьвярджаў, што не намагаўся пераканаць Украіну не купляць беларускую электрычнасьць, а толькі давёў пазыцыю Літвы — паводле яго словаў, «культура будаўніцтва на гэтай станцыі ну зусім незадавальняльная, мякка кажучы».

Што варта ведаць пра БелАЭС

  • Беларуская АЭС ад 2011 году ўзводзіцца пад Астраўцом, што ў Горадзенскай вобласьці, у 22 км ад мяжы зь Літвой, у каля 50 км ад Вільні і 125 км ад Менску.

  • Запуск першага энэргаблёку запляналі на пачатак 2020 году, другога — на ліпень 2020-га. Першапачаткова запуск плянаваўся на 2018 год, Аляксандар Лукашэнка заяўляў, што тэрміны сарвала Расея.
  • Для яе будаўніцтва выбраны праект АЭС-2006 — тыпавы расейскі праект атамнай станцыі новага пакаленьня з выкарыстаньнем вода-вадзянога энэргетычнага рэактара ВВЭР-1200. Паводле такога ж праекту ў Расеі працуюць блёкі Новаваронескай АЭС і Ленінградзкай АЭС-2.
  • Астравецкая АЭС узводзіцца расейцамі — дзяржаўнай кампаніяй «Росатом» — за кошт крэдыту Расеі. Беларусь пазычыла да 10 млрд даляраў для фінансаваньня 90% кошту будаўніцтва двух энэргаблёкаў АЭС. Пагашэньне крэдыту пачынаецца праз 6 месяцаў з даты ўводу ў эксплёатацыю АЭС, але не пазьней за 1 красавіка 2021 году. Беларусь просіць Расею падоўжыць крэдыт на 10 гадоў.
  • На станцыі будуць два энэргаблёкі з рэактарамі ВВЭР-1200 (В-491) магутнасьцю да 1200 МВт кожны. То бок праектная магутнасьць АЭС — 2,4 тысячы МВт. Калі АЭС запрацуе на поўную магутнасьць, станцыя дасьць 18 мільярдаў кіляват-гадзін на год — палову таго, колькі цяпер спажывае Беларусь.
  • Літва ня раз ставіла пад сумнеў абраньне для будаўніцтва АЭС астравецкай пляцоўкі. Краіна называла 10 прычынаў не будаваць БелАЭС. Літва пратэстуе супраць БелАЭС на найвышэйшым дзяржаўным узроўні, выказвае пратэсты ў міжнародных структурах. Літву падтрымлівае прэзыдэнтка Эстоніі.
  • Пляцоўка Астравецкай АЭС была прызнаная небясьпечнай яшчэ ў 1993 годзе. Тады было знойдзена 7 прыдатных пляцовак, 15 умерана прыдатных і 6 непрыдатных. Астравецкая пляцоўка трапіла ў лік апошніх.
  • Улады і чыноўнікі Беларусі нясьпешна рэагуюць на паведамленьні пра інцыдэнты на будаўніцтве ўласнай атамнай станцыі. Звычайна пра здарэньні на БелАЭС афіцыйна расказваюць пасьля таго, як зьвесткі пра іх зьяўляюцца ў СМІ — так, пра падзеньне корпуса рэактара расказалі толькі пасьля міжнароднага ціску. Урэшце корпус, які ўпаў, замянілі (расейцы зьбіраюцца выкарыстаць яго на іншай АЭС). Новы выпадкова стукнулі аб слуп, але пашкоджаньняў ня выявілі, вырашылі не мяняць корпус другі раз.
  • Адпрацаванае ядзернае паліва зь БелАЭС застанецца ў Беларусі. Эколягі сьцьвярджаюць, што Беларусь выбірае самы дарагі і небясьпечны спосаб захоўваць адпрацаванае паліва з АЭС.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG