Літва адхіліла запрашэньне Фінляндыі на трохбаковыя перамовы аб БелАЭС

Кастрычніцкія вучэньні на Беларускай АЭС
Кастрычніцкія вучэньні на Беларускай АЭС

Літва адмовілася ад прапановы Фінляндыі паўдзельнічаць у трохбаковых кансультацыях зь Беларусьсю наконт пэрспэктываў Астравецкай атамнай электрастанцыі, якая знаходзіцца на завяршальнай стадыі будаўніцтва, паведамляе Інтэрфакс.

«Гэта ня толькі рэгіянальная праблема, а і праблема Эўразьвязу. Таму Літва хацела б, каб усе рэгулятары ЭЗ былі ўцягнутыя ў яе разьвязаньне», — сказала кіраўніца прэзыдэнцкай групы замежнай палітыкі Аста Скайсгірыце ў эфіры Žinių radijas.

Паводле дыпляматкі, БелАЭС ня ёсьць двухбаковай справай Літвы і Беларусі ці Фінляндыі і Беларусі. Таму ў Вільні настойваюць на шырэйшым удзеле зацікаўленых інстытуцыяў з розных краін Эўразьвязу.

Прапанову правесьці трохбаковыя кансультацыі агучыў у Менску міністар замежных справаў Фінляндыі Пэка Хаавіста пасьля сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам. Паводле яго, гэта дазволіла б «вызначыць прыярытэты партнэрства».

Ён, у прыватнасьці, зьвярнуў увагу на заклапочанасьць Літвы што да суседзтва БелАЭС. Там лічаць станцыю небясьпечнай і пасьлядоўна выступаюць супраць яе будаўніцтва. Каб зьняць найвастрэйшыя пытаньні, паўстала ідэя запрасіць экспэртаў зь Беларусі і Літвы ў Хэльсынкі, сустрэцца з тамтэйшымі тэхнічнымі экспэртамі і зьмякчыць найбольш праблемныя моманты.

Менск ня згодны з высновамі літоўскага кіраўніцтва і адзначае, што ўсе працы на БелАЭС вядуцца адпаведна рэкамэндацыям МАГАТЭ.

​
XS
SM
MD
LG