Масква гатовая рэструктурызаваць крэдыт на будаўніцтва Беларускай АЭС, паведаміла Інтэрфаксу крыніца, знаёмая з праектам пратаколу аб унясеньні зьменаў у міжурадавае пагадненьне.
Такіх саступак ад Расеі патрабаваў Аляксандар Лукашэнка.
Пагадненьне аб прадстаўленьні Беларусі экспартнага крэдыту для будаўніцтва атамнай электрастанцыі, якое прадугледжвае выдзяленьне да 10 млрд даляраў, было падпісанае 25 лістапада 2011 году. Сродкі выдзеленыя для фінансаваньня 90% кошту работ дзеля будаўніцтва АЭС. Яшчэ 10% аплачвае беларускі бок.
Паводле стану на 1 красавіка 2020 году выкарыстана 4,33 млрд даляраў. Прагнозны кошт праекту будаўніцтва АЭС, згодна з ацэнкай «Росатома», не перавысіць 6 млрд даляраў.
Паводле крыніцы Інтэрфаксу, Расея падрыхтавала і папярэдне ўзгадніла зь беларускім бокам зьмены ў пагадненьне.
Дакумэнт, сярод іншага, прадугледжвае:
- падаўжэньне пэрыяду карыстаньня крэдытам на 2 гады — да канца 2022-га;
- замену цяперашняй «зьмяшанай» працэнтнай стаўкі на фіксаваную ў памеры 3,3% гадавых;
- перанос даты пачатку пагашэньня асноўнага доўгу з 1 красавіка 2021 году на 1 красавіка 2023-га.
Агульны фінансавы эфэкт ад рэструктурызацыі запазычанасьці Беларусі будзе супастаўны з адначасовым дараваньнем абавязаньняў на суму каля 600 млн даляраў.
Міністэрства энэргетыкі Беларусі раней паведамляла, што ўвесьці ў эксплюатацыю першы энэргаблёк БелАЭС заплянавана на працягу 2020 году, другі — у 2021-м.