Сэйм Літвы заклікаў урад спыніць пастаўкі беларускай электрычнасьці, не чакаючы ўводу БелАЭС

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Сэйм Літвы заклікаў урад Літоўскай Рэспублікі распачаць неадкладныя крокі, каб заблякаваць літоўскі рынак электраэнэргіі для доступу электраэнэргіі зь Беларусі, паведамляе БелаПАН.

Адпаведную рэзалюцыю, у якой гаворыцца пра пагрозу, што зыходзіць ад Астравецкай атамнай электрастанцыі, сэйм прыняў 5 траўня.

За яе прагаласавалі 82 дэпутаты, устрымаліся — 4, паведамляе прэс-служба літоўскага парлямэнта.

Адначасова сэйм настойліва заклікаў урад зьвярнуцца да тэхнічных мер, каб загадзя да пачатку эксплуатацыі БелАЭС абмежаваць падачу электраэнэргіі зь Беларусі ў Літву да мінімальнага ўзроўню, неабходнага для забесьпячэньня надзейнай працы літоўскай электрасеткі.

Рэзалюцыя сэйма заклікае ўрад выкарыстоўваць усе палітычныя і дыпляматычныя сродкі, каб заручыцца падтрымкай Эўразьвязу, краін — сябраў ЭЗ, чальцоў NATO, Украіны, іншых дзяржаў рэгіёна і ўсёй міжнароднай супольнасьці ў справе ліквідацыі пагрозы, якую стварае Беларуская АЭС.

​
XS
SM
MD
LG