Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БелАЭС страціла патэнцыйнага пакупніка: Украіна адмовілася ад электраэнэргіі зь Беларусі


Першыя вучэньні на Беларускай АЭС, ілюстрацыйнае фота

Міністэрства энэргетыкі і аховы навакольля Ўкраіны перагледзела прагнозны балянс электраэнэргіі на 2020 год, цалкам адмовіўшыся ад паставак зь Беларусі і Расеі. Літоўскі ўрад неаднойчы заклікаў Украіну адмовіцца ад імпарту энэргіі з Беларускай АЭС, якая будуецца непадалёк ад Вільні.

Як вынікае з дакумэнту, які Свабода мае ў сваім распараджэньні, агульны аб’ём паставак электраэнэргіі зь Беларусі ў 2020 годзе заплянаваны на ўзроўні 150 мільёнаў кіляват-гадзін. Гэты аб’ем быў вычарпаны цягам студзеня, лютага і красавіка.

Ва ўкраінскіх СМІ зьмены ў гадавым балянсе абмяркоўваліся толькі з пункту гледжаньня вытворчасьці электраэнэргіі на ўласных магутнасьцях, і найперш — на атамных электрастанцыях.

З прычыны зьніжэньня энэргаспажываньня, выкліканага ў тым ліку і карантынам, ва Ўкраіне цяпер з 15 блёкаў усіх украінскіх АЭС працуе 11, астатнія знаходзяцца на плянавым рамонце або выведзеныя ў рэзэрв, каб забясьпечыць эксплюатацыю ўсіх энэргаблёкаў на намінальным ці блізка да намінальнага узроўняў.

Адначасова амаль удвая плянуецца скараціць вытворчасьць электраэнэргіі на гідраэлектрастанцыях Украіны і павялічыць уласны экспарт — у Польшчу і Малдову.

Прафіцыт сваёй энэргіі, чужая не патрэбна

Пытаньне спажываньня Ўкраінай замежнай энэргіі абмяркоўвалася 7 траўня на онлайн-сустрэчы выканаўцы абавязкаў міністра энэргетыкі Ўкраіны Вольгі Буславец зь міністрам энэргетыкі Літвы Жыгімонтасам Вайчунасам.

У афіцыйных паведамленьнях пра гэтую сустрэчу не ўдакладняліся краіны паходжаньня такой энэргіі, але імаверна, што размова ішла пра Беларусь, бо днём раней, 6 траўня, у сувязі з завозам паліва на БелАЭС Літва накіравала Беларусі ноту з «настойлівым заклікам ставіць бясьпеку вышэй за графік будаўніцтва і не ставіць пад небясьпеку сваіх ці чужых грамадзян».

Літоўскі ўрад неаднойчы заклікаў Украіну адмовіцца ад імпарту энэргіі зь Беларускай АЭС, як толькі стала вядома пра такія пляны.

На цікаўнасьць Літвы пытаньнем спажываньня Ўкраінай замежнай энэргіі Вольга Буславец паведаміла, што ва Ўкраіне цяпер склаўся вялікі прафіцыт уласнай электраэнэргіі, таму пытаньне імпарту зь іншых краін для яе ўжо неактуальнае. І тут другая кепская навіна для Беларусі – паводле в.а. міністра энэргетыкі Ўкраіны, такая сытуацыя захаваецца на некалькі наступных гадоў.

Паводле Вольгі Буславец, цяпер для Ўкраіны найбольш важна сынхранізаваць сваю энэргетычную сыстэму з аб’яднанай энэргасыстэмай кантынэнтальнай Эўропы ENTSO-E, і гэта вызначае вэктар энэргетычнай супрацы Ўкраіны з суседнімі краінамі.

Што папярэднічала

Купля электраэнэргіі за мяжой неаднойчы станавілася прадметам жорсткіх дыскусій у палітычных і эканамічных колах Украіны. Забароны імпарту энэргіі зь Беларусі і Расеі патрабавала парлямэнцкая апазыцыя, былыя міністры, а таксама пэўная частка экспэртаў. Колішні прэм’ер-міністар Украіны Арсені Яцанюк нават заклікаў тэрмінова стварыць антыкрызісны энэргетычны штаб, каб навесьці парадак на энэргетычным рынку. Галоўны аргумэнт — імпарт зь Беларусі і Расеі зьнішчае ўласную генэрацыю.

У выніку Дзяржаўная кампанія «Укренерго», адзін з апэратараў энэргетычнага рынку Ўкраіны, заявіла аб спыненьні паставак электраэнэргіі на час карантыну (да 30 красавіка), але за два дні да заканчэньня дзеяньня гэтага рашэньня міністэрства зьмяніла прагнозны балянс, у якім часовы захад набыў статус сталага - цяпер ён будзе дзейнічаць як мінімум да канца году.

У далейшым пэрспэктыва вяртаньня беларускай электраэнэргіі на ўкраінскі рынак будзе залежаць і ад таго, ці падтрымае дэпутацкі корпус ініцыятыву прадстаўніка прапрэзыдэнцкай фракцыі «Слуга народу» Сяргей Нагарняка, які прапанаваў увогуле забараніць імпарт электраэнэргіі зь Беларусі і Расеі, каб абараніць інтарэсы ўкраінскіх вытворцаў.

Летась, пасьля адкрыцьця энэргетычнага рынку Ўкраіны, Беларусь пэўны час была лідэрам у аб’ёмах паставак, а ў канцы 2019 году стала вядома, што ў 2020 годзе Ўкраіна плянуе закупіць 2,1 мільярда кіляват-гадзін беларускай электраэнэргіі — гэта амаль траціна ад заплянаванага на сёлета аб’ёму вытворчасьці электраэнэргіі БелАЭС.

Што варта ведаць пра БелАЭС

  • Беларуская АЭС ад 2011 году ўзводзіцца пад Астраўцом, што ў Горадзенскай вобласьці, у 22 км ад мяжы зь Літвой, у каля 50 км ад Вільні і 125 км ад Менску.
  • Запуск першага энэргаблёку заплянаваны на ліпень 2020 году, другога — на 2021 год. Тэрміны запуску некалькі разоў пераносілі, першапачаткова запуск плянаваўся на 2018 год, Аляксандар Лукашэнка пазьней заявіў, што тэрміны сарвала Расея.
  • Для яе будаўніцтва выбраны праект АЭС-2006 — тыпавы расейскі праект атамнай станцыі новага пакаленьня з выкарыстаньнем вода-вадзянога энэргетычнага рэактара ВВЭР-1200. Паводле такога ж праекту ў Расеі працуюць блёкі Новаваронескай АЭС і Ленінградзкай АЭС-2.
  • Астравецкая АЭС узводзіцца расейцамі — дзяржаўнай кампаніяй «Росатом» — за кошт крэдыту Расеі. Беларусь пазычыла да 10 млрд даляраў для фінансаваньня 90% кошту будаўніцтва двух энэргаблёкаў АЭС. Пагашэньне крэдыту пачынаецца праз 6 месяцаў з даты ўводу ў эксплёатацыю АЭС, але не пазьней за 1 красавіка 2021 году. Беларусь просіць Расею падоўжыць крэдыт на 10 гадоў.
  • На станцыі будуць два энэргаблёкі з рэактарамі ВВЭР-1200 (В-491) магутнасьцю да 1200 МВт кожны. То бок праектная магутнасьць АЭС — 2,4 тысячы МВт. Калі АЭС запрацуе на поўную магутнасьць, станцыя дасьць 18 мільярдаў кіляват-гадзін на год — палову таго, колькі цяпер спажывае Беларусь.
  • Літва ня раз ставіла пад сумнеў абраньне для будаўніцтва АЭС астравецкай пляцоўкі. Краіна называла 10 прычынаў не будаваць БелАЭС, абвінавачвала беларускія ўлады ва ўтойваньні інфармацыі пра станцыю. Літва пратэстуе супраць БелАЭС на найвышэйшым дзяржаўным узроўні, выказвае пратэсты ў міжнародных структурах. Літву падтрымлівае прэзыдэнтка Эстоніі.
  • Пляцоўка Астравецкай АЭС была прызнаная небясьпечнай яшчэ ў 1993 годзе. Тады было знойдзена 7 прыдатных пляцовак, 15 умерана прыдатных і 6 непрыдатных. Астравецкая пляцоўка трапіла ў лік апошніх.
  • Улады і чыноўнікі Беларусі нясьпешна рэагуюць на паведамленьні пра інцыдэнты на будаўніцтве ўласнай атамнай станцыі. Звычайна пра здарэньні на БелАЭС афіцыйна расказваюць пасьля таго, як зьвесткі пра іх зьяўляюцца ў СМІ — так, пра падзеньне корпуса рэактара расказалі толькі пасьля міжнароднага ціску. Урэшце корпус, які ўпаў, замянілі (расейцы зьбіраюцца выкарыстаць яго на іншай АЭС). Новы выпадкова стукнулі аб слуп, але пашкоджаньняў ня выявілі, вырашылі не мяняць корпус другі раз.
  • Замежных пакупнікоў энэргіі зь БелАЭС не знайшлі. Беларусь вырабляе дастаткова электраэнэргіі для ўласных патрэбаў і без АЭС, Літву і Эстонію можа падтрымаць Латвія (хоць і не зьбіраецца ўводзіць эмбарга), Украіна адмовілася ад любой электраэнэргіі зь Беларусі, Польшча зьбіраецца будаваць уласную АЭС, таксама як Фінляндыя.
  • Адпрацаванае ядзернае паліва зь БелАЭС застанецца ў Беларусі. Эколягі сьцьвярджаюць, што Беларусь выбірае самы дарагі і небясьпечны спосаб захоўваць адпрацаванае паліва з АЭС.
  • Запуск БелАЭС плянуецца ва ўмовах пандэміі каранавірусу. На пляцоўцы зафіксавалі каля 100 выпадкаў заражэньня рабочых, «Росатом» узмацніў захады бясьпекі. Эколягі абвінавацілі Дэпартамэнт ядзернай бясьпекі ў бязьдзеяньні ў сувязі з каранавірусам.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG