Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украіна на час карантыну адмовілася ад беларускай і расейскай электраэнэргіі


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Дзяржаўная кампанія «Укренерго», адзін з апэратараў энэргетычнага рынку Ўкраіны, заявіла аб спыненьні з 12 да 30 красавіка паставак электраэнэргіі зь Беларусі і Расеі.

Як паведамілі Свабодзе ва ўкраінскай кампаніі, міждзяржаўныя ператокі спыненыя на выкананьне адпаведнага рашэньня Нацыянальнай камісіі, якая займаецца дзяржаўным рэгуляваньнем у сфэры энэргетыкі і камунальных паслуг.

Паводле інфармацыі «Укренерго», у сакавіку пастаўкі электраэнэргіі зь Беларусі ажыцьцяўляліся «для забесьпячэньня апэрацыйнай бясьпекі» на ўзроўні 7,7 мільёна кіляват-гадзін. Са студзеня па сакавік 2020 году Беларусь паставіла ва Ўкраіну 149,6 мільёна кіляват-гадзін, што ў 2,8 раза менш, чым у апошнія тры месяцы 2019 году — тады аб’ём беларускай энэргіі на ўкраінскім рынку склаў 421,7 мільёна кіляват-гадзін.

Колішні прэм’ер-міністар Украіны Арсені Яцанюк заклікаў улады тэрмінова стварыць антыкрызісны энэргетычны штаб, каб навесьці парадак на энэргетычным рынку.

«Трэба дзейнічаць неадкладна. Задача нумар адзін — цалкам закрыць імпарт электраэнэргіі з Расеі і Беларусі. Не на пэрыяд карантыну, а цалкам яго закрыць. Другое — збалянсаваць энэргетычны рынак па цане. Трэцяе — паказаць прагнозны балянс вытворчасьці электраэнэргіі на цеплавых, атамных і гідраэлектрастанцыях», — заявіў Арсені Яцанюк у эфіры аднаго з украінскіх тэлеканалаў.

З моманту адкрыцьця энэргетычнага рынку Ўкраіны Беларусь пэўны час была лідэрам у аб’ёмах паставак. У канцы 2019 году стала вядома, што ў 2020 годзе Ўкраіна плянуе закупіць 2,1 мільярда кіляват-гадзін беларускай электраэнэргіі.

Пазьней украінскія палітыкі пачалі крытыкаваць аднаўленьне беларускіх паставак ва Ўкраіну, патрабуючы ад ураду іх спыніць.

У сьнежні 2019 году колішняя віцэ-прэм’ерка ўкраінскага ўраду, дэпутатка фракцыі партыі Пятра Парашэнкі «Эўрапейская салідарнасьць» Іванна Клымпуш-Цынцадзэ ініцыявала забарону паставак электраэнэргіі з Расеі і Беларусі. Аднак тады парлямэнт гэтую прапанову не падтрымаў.

Сёлета ў сакавіку дэпутат прапрэзыдэнцкай фракцыі «Слуга народу» Сяргей Нагарняк зарэгістраваў у Вярхоўнай Радзе Ўкраіны аналягічны законапраект, матывуючы яго неабходнасьцю абараніць інтарэсы ўкраінскіх вытворцаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG