У сувязі з завозам паліва на БелАЭС Літва накіравала Беларусі ноту з «настойлівым заклікам ставіць бясьпеку вышэй за графік будаўніцтва і не паддаваць небясьпецы сваіх ці чужых грамадзян», паведаміла прэс-служба МЗС Літвы.
Міністар замежных спраў Літвы Лінас Лінкявічус у сувязі з інфармацыяй пра пастаўку ядзернага паліва на Астравецкую АЭС правёў тэлефонную размову з кіраўніком МЗС Беларусі Ўладзімерам Макеем, падчас якой падкрэсьліў, што «рэкамэндацыі міжнародных інстытутаў, якія тычацца бясьпекі БелАЭС, павінны быць выкананыя да пачатку эксплюатацыі электрастанцыі».
«Таму мы заклікаем Беларусь не загружаць ядзернае паліва да таго часу, пакуль усе рэкамэндацыі міжнародных экспэртаў ня будуць выкананыя», — цытуе Лінкявічуса прэс-служба МЗС Літвы.
Як адзначаецца ў паведамленьні МЗС Літвы, канструктыўным крокам у гэтым кірунку, якога чакаюць Літва і Эўразьвяз, «стане прыпыненьне пускавых прац, тэрміновая арганізацыя афіцыйнага агляду экспэртамі ЭЗ выкананьня рэкамэндацый Нацыянальнага пляну дзеяньняў па выніках правядзеньня стрэс-тэстаў Беларускай АЭС і неадкладнае прыняцьце групы міжнародных экспэртаў для маніторынгу працэсу».
Таксама падчас размовы з Макеем Лінкявічус выказаў занепакоенасьць з прычыны хуткага распаўсюджваньня каранавірусу ў Беларусі і заклікаў Беларусь узяць пад увагу ўсе рэкамэндацыі Сусьветнай арганізацыі здароўя, як у дачыненьні да ўвядзеньня карантыну, так і да адмены параду, які плянуюць правесьці 9 траўня ў Менску.
«Акрамя таго, Беларусь просіць падтрымкі фінансавых установаў у барацьбе з COVID-19, і таму неабходна правільна выкарыстоўваць гэтыя сродкі. Гэта важна ня толькі для грамадзян Беларусі, але і для барацьбы з пандэміяй каранавірусу ва ўсім рэгіёне», — падкрэсьліў Лінкявічус.
6 траўня стала вядома, што на Беларускую атамную станцыю ў Астраўцы дастаўлена ядзернае паліва для першага энергаблёку. Мінэнэрга Беларусі плянуе ўвесьці першы энэргаблёк летам 2020 году, другі — у 2021-м.
23 красавіка падчас тэлефоннай размовы з Аляксандрам Лукашэнкам прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа заявіў, што Вільня ня згодная з выбарам месца для БелАЭС каля літоўскай мяжы, а пытаньне яе бясьпекі выклікае сур’ёзную заклапочанасьць. Таксама Наўседа пасьля размовы расказаў, што прапаноўваў Лукашэнку дапамогу ў барацьбе з каранавірусам, а ў адказ пачуў толькі падзяку за прапанову.
27 красавіка Наўседа ў тэлефоннай размове з прэзыдэнтам Украіны Ўладзімірам Зяленскім папрасіў Украіну адмовіцца ад куплі электраэнэргіі зь Беларускай АЭС.