Міжнароднае агенцтва атамнай энэргіі (МАГАТЭ) апублікавала высновы са справаздачы аб місіі ацэнкі перадэксплюатацыйнай бясьпекі Беларускай АЭС. Гэтая місія праходзіла 5–22 жніўня 2019 году, па выніках былі сфармуляваныя 11 рэкамэндацый, 8 прапаноў, а таксама адзначаныя 4 «добрыя практыкі».
Поўны сьпіс рэкамэндацый не публікуецца, але называюцца самыя істотныя праблемы:
- Кіраўніцтву БелАЭС трэба забясьпечыць маніторынг і нагляд за выкананьнем праграмы ўвядзеньня станцыі ў эксплюатацыю, каб забясьпечыць адэкватную гатоўнасьць да запуску.
- Апэратар станцыі павінен узмацніць праграму, якая не дазваляе староньнім аб’ектам трапляць у сыстэмы і абсталяваньне АЭС.
- Трэба наладзіць абмен досьведам эксплюатацыі АЭС, каб адміністрацыя і пэрсанал маглі своечасова вучыцца на ўласным і чужым досьведзе.
Сярод «добрых практык» адзначылі надзейныя сыстэмы трывогі і апавяшчэньня пра небясьпеку, стварэньне аварыйнага ўкрыцьця на 60 чалавек у пажарным аддзеле (з такой жа радыяцыйнай абаронай, як ва ўкрыцьці для пэрсаналу станцыі) і выкарыстаньне ў кантрольным пакоі станцыі адмысловай панэлі кіраваньня, неабходнай у выпадку надзвычайных сытуацый.
МАГАТЭ адзначыла таксама, што падчас агляду ў 2019 годзе абмен інфармацыяй з пэрсаналам станцыі быў адкрыты, прафэсійны і прадуктыўны, а акцэнт быў зроблены ня проста на складзе праграмаў, а на эфэктыўнасьці сыстэмаў бясьпекі. Адміністрацыя БелАЭС «заявіла пра гатоўнасьць вырашыць выяўленыя праблемы» і запрасіла экспэртаў МАГАТЭ на паўторны візыт праз 18 месяцаў (то бок ужо пасьля заплянаванага запуску) для ацэнкі прагрэсу.