Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэпартамэнт ядзернай бясьпекі «бязьдзейнічае» на фоне каранавірусу, — «Экадом» пра хворых на БелАЭС


Першыя вучэньні на Беларускай АЭС, 2019 год
Першыя вучэньні на Беларускай АЭС, 2019 год

Грамадзкае аб'яднаньне «Экадом» выказаа занепакоенасьць бязьдзейнасьцю дэпартамэнту ядзернай і радыяцыйнай бясьпекі Міністэрства надзвычайных сытуацыяў (Дзяржатамнагляд) на фоне зьяўленьня інфармацыі аб распаўсюдзе COVID-19 на Беларускай АЭС.

Напярэдадні, нагадалі экалягічныя актывісты, генэральны дырэктар расейскай дзяржаўнай карпарацыі «Росатом» Аляксей Ліхачоў заявіў, што «на будаўніцтве БелАЭС прыблізна 100 работнікаў інфікаваныя вірусам COVID-19», а таксама «выказаўся аб неабходнасьці ўзмацненьня ахоўных захадаў і паведаміў пра тое, што празь некалькі тыдняў чакаецца выдача ліцэнзіі на эксплюатацыю першага энэргаблёка электрастанцыі і яго фізычны пуск».

«Нас глыбока трывожыць гэтая сытуацыя, якая характарызуецца ў першую чаргу бязьдзейнасьцю нацыянальнага рэгулятара, закліканага кантраляваць будаўніцтва і арганізоўваць бясьпеку функцыянаваньня атамнай электрастанцыі, — гаворыцца ў звароце. — Яшчэ ў красавіку сёлета наша арганізацыя выказала асьцярогі ў сувязі з распаўсюджваньнем каранавіруснай інфэкцыі сярод занятых на будаўніцтве БелАЭС і мясцовых жыхароў, уключаючы жыхароў Астравецкага раёну.

Мы яшчэ тады выказалі асьцярогі наконт бясьпекі фізычнага пуску першага энэргаблёка БелАЭС падчас пандэміі, бо эпідэмічная сытуацыя нэгатыўна ўплывае ня толькі на пэрсанал, ад якога непасрэдна залежыць функцыянаваньне атамнай электрастанцыі, але і ставіць пад пагрозу належную праверку гатоўнасьці першага энэргаблёка БелАЭС да пуску».

У «Экадоме» мяркуюць, што ва ўмовах, калі «частка супрацоўнікаў МАГАТЭ перайшла ў рэжым дыстанцыйнай працы, калі эпідэмія закранула супрацоўнікаў карпарацыі «Росатом», адказнай за рэалізацыю праекту БелАЭС, калі інспэкцыі і выезды замежных экспэртаў і правяральшчыкаў скарочаныя да мінімуму, а межы паміж эўрапейскімі краінамі закрытыя», разьлічваць на падрыхтоўку станцыі да пуску ў адпаведнасьці з усімі стандартамі «не даводзіцца».

Актывісты сьцьвярджаюць, што «праект БелАЭС ужо адхіляецца ад сусьветных і эўрапейскіх стандартаў бясьпекі», аргумэнтуючы гэта вынікамі стрэс-тэстаў.

У сувязі з гэтым «Экадом» просіць Дзяржатамнагляд паведаміць: колькі супрацоўнікаў БелАЭС інфікаваныя COVID-19, шпіталізаваныя, знаходзяцца ў цяжкім стане; якія робяцца захады для замены супрацоўнікаў, хто адказвае за праверку кваліфікацыі і атэстацыю новых; якія захады робяцца для засьцярогі пэрсаналу ад заражэньня каранавірусам.

Акрамя таго, экалягічныя актывісты цікавяцца, «ці выкананыя ў поўным абʼёме рэкамэндацыі МАГАТЭ па перадпускавой гатоўнасьці», а таксама «хто кантралюе выкананьне гэтых рэкамэндацый ва ўмовах эпідэміі і якімі сродкамі». Яны просяць Дзяржатамнагляд паведаміць, ці разглядае ядзерны рэгулятар варыянт увядзеньня карантыну на будаўнічай пляцоўцы і прыпыненьня будаўніцтва БелАЭС на пэрыяд пандэміі.

Што варта ведаць пра БелАЭС

  • Беларуская АЭС ад 2011 году ўзводзілі пад Астраўцом, што ў Горадзенскай вобласьці, за 22 км ад мяжы зь Літвой, за 50 км ад Вільні і за 125 км ад Менску.
  • Тэрміны запуску некалькі разоў пераносілі. Першапачаткова запуск плянаваўся на 2018 год, Лукашэнка пазьней заяўляў, што тэрміны сарвала Расея. Урэшце цырымонія запуску АЭС прайшла 7 лістапада 2020 году.
  • Для будаўніцтва абраны праект АЭС-2006 — тыповы расейскі праект атамнай станцыі новага пакаленьня з выкарыстаньнем вода-вадзянога энэргетычнага рэактара ВВЭР-1200. Паводле такога ж праекту збудаваныя блёкі Новаваронескай АЭС і Ленінградзкай АЭС-2, што працуюць у Расеі.
  • БелАЭС будуе расейская дзяржаўная кампанія «Росатом» за кошт крэдыту Расеі. Беларусь пазычыла да 10 млрд даляраў для фінансаваньня 90% кошту будаўніцтва двух энэргаблёкаў АЭС. Пагашэньне крэдыту пачынаецца праз 6 месяцаў з даты ўводу АЭС у эксплюатацыю, але не пазьней за 1 красавіка 2021 году. Беларусь папрасіла Расею падоўжыць крэдыт на 10 гадоў.
  • На станцыі будуць два энэргаблёкі з рэактарамі ВВЭР-1200 (В-491) магутнасьцю да 1200 МВт кожны. Праектная магутнасьць АЭС — 2,4 тысячы МВт. Калі АЭС запрацуе на поўную магутнасьць, станцыя дасьць 18 мільярдаў кіляват-гадзін на год — палову таго, колькі цяпер спажывае Беларусь.
  • Літва ня раз ставіла пад сумнеў абраньне для будаўніцтва АЭС астравецкай пляцоўкі. Краіна называла 10 прычын, каб не будаваць БелАЭС, абвінавачвала беларускія ўлады ва ўтойваньні інфармацыі пра станцыю. Літва пратэстуе супраць БелАЭС на найвышэйшым дзяржаўным узроўні, выказвае пратэсты ў міжнародных структурах. Літву падтрымлівае прэзыдэнтка Эстоніі.
  • Пляцоўка Астравецкай АЭС была прызнаная небясьпечнай яшчэ ў 1993 годзе. Тады было знойдзена 7 прыдатных пляцовак, 15 умерана прыдатных і 6 непрыдатных. Астравецкая пляцоўка трапіла ў лік апошніх.
  • Улады і чыноўнікі Беларусі нясьпешна рэагуюць на паведамленьні пра інцыдэнты на будаўніцтве ўласнай атамнай станцыі. Звычайна пра здарэньні на БелАЭС афіцыйна расказваюць толькі пасьля таго, як зьвесткі пра іх зьяўляюцца ў СМІ — так, пра падзеньне корпуса рэактара расказалі толькі пасьля міжнароднага ціску. Урэшце корпус, які ўпаў, замянілі (расейцы зьбіраюцца выкарыстаць яго на іншай АЭС). Новы выпадкова стукнулі аб слуп, але пашкоджаньняў ня выявілі, вырашылі не мяняць корпус другі раз.
  • Адпрацаванае ядзернае паліва зь БелАЭС застанецца ў Беларусі. Эколягі сьцьвярджаюць, што Беларусь выбірае самы дарагі і небясьпечны спосаб захоўваць адпрацаванае паліва з АЭС.
  • У сакавіку 2023 літоўская выведка заявіла, што Беларусь і «Росатом» у мінулым годзе схавалі інцыдэнты і дэфэкты ў рэактарных сыстэмах на першым і другім энэргаблёках. У Міністэрстве энэргетыкі Беларусі адпрэчылі абвінавачаньні і заявілі, што такі даклад ёсьць «мэтанакіраванай акцыяй па дыскрэдытацыі БелАЭС».
  • Паводле словаў фізыка-атамніка Андрэя Ажароўскага, спыніць станцыю зараз будзе вельмі дорага. Пры гэтым ён схільны давяраць паведамленьням літоўскай выведкі. Шэраг ускосных прыкметаў сьведчыць аб тым, што на Астравецкай АЭС дзясяткі тысяч недаробак.
  • Ад пачатку працы АЭС у Беларусі і на пачатак лістападу 2023 электрычнасьць падаражэла на 21–22% у залежнасьці ад тарыфу.
  • Першы энэргаблёк АЭС сілкуе энэргасыстэму Беларусі з 3 лістапада 2020 году (прамыслова эксплюатуецца з чэрвеня 2021), другі — з 13 траўня 2023 году.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG