Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Спынілі легальны транзыт садавіны і гародніны празь Беларусь у Расею


Ілюстрацыйнае фота ©Shutterstock

Беларусь спыніла сэртыфікацыю садавіны і гародніны, якая ідзе транзытам празь Беларусь у Расею з трэціх краінаў. Рашэньне ўхваліла Галоўная дзяржаўная інспэкцыя па насеньняводзтве, карантыне і ахове расьлін Беларусі.

Такі парадак часовы, ён будзе дзейнічаць датуль, пакуль у Беларусі ня будзе распрацаваная «эфэктыўная сыстэма пацьверджаньня краіны паходжаньня», паведамілі Свабодзе ў Рассельгаснаглядзе.

Такім чынам, легальны транзыт празь Беларусь у Расею садавіны і гародніны перакрыты.

Беларусь сама ініцыявала ці Расея націснула?

Як паведамілі Свабодзе ў прэсавай службе Рассельгаснагляду, 1 красавіка адбыліся тэлефонныя перамовы, падчас якіх прадстаўнікі беларускага боку паінфармавалі, што яны спынілі сэртыфікацыю плодаагародніннай прадукцыі, якія накіроўваецца транзытам з трэціх краін у Расею.

«То бок Беларусь сама ініцыявала, што спыняе сэртыфікацыю. Гаворка ідзе пра прадукцыю, якая ўваходзіць у пералік тавараў, забароненых да ўвозу ў Расею адпаведным указам прэзыдэнта РФ, то бок пра санкцыйныя тавары.

Гэта, натуральна, часовы захад — ня проста да пацьверджаньня краіны паходжаньня, хутчэй, да моманту, пакуль у Беларусі ня будзе распрацаваная эфэктыўная сыстэма пацьверджаньня краіны паходжаньня», — адзначыла прадстаўніца прэс-службы Рассельгаснагляду.

Афіцыйнага пацьверджаньня ад кіраўніцтва Галоўнай дзяржаўнай інспэкцыі па насеньняводзтве, карантыне і ахове расьлін Беларусі, што гэта была прапанова менавіта беларускага боку, атрымаць не ўдалося: начальнік хварэе, намесьнік на нарадзе ў міністэрстве, а акрамя іх, ніхто камэнтароў не дае.

Аднак у неафіцыйнай размове там сказалі, што на беларускі бок Рассельгаснагляд сур’ёзна націснуў.

«Тыдзень таму ў Маскве на сустрэчы з намесьнікам дырэктара Галоўнай дзяржаўнай інспэкцыі па насеньняводзтве, карантыне і ахове расьлін Беларусі Аляксандрам Паўловічам Сяргей Данкверт прыгразіў наагул забараніць рээкспарт плодаагародніннай прадукцыі празь Беларусь. Таму давялося нібыта ініцыяваць самім», — сказала Свабодзе крыніца з той самай інспэкцыі.

«Плацяць не беларусы, а расейцы»

Не адзін раз у Расеі зьнішчалі тоны польскіх яблык і груш, якія ўвозілі ў Расею пад выглядам сэрбскіх, турэцкіх таматаў ды іншай садавіны-гародніны. Аднак, на думку эканаміста Яраслава Раманчука, гэтым займаюцца не дзяржаўныя структуры і не сур’ёзны бізнэс.

«Беларусь выкарыстоўваецца рознымі магутнымі групоўкамі Расеі зь беларускімі партнэрамі дзеля таго, каб арганізаваць перапраўку санкцыйных тавараў праз нашу краіну ў Расею. Безумоўна, галоўную ролю тут граюць не беларускія кампаніі, кшталту „Белмытсэрвісу“, ня нейкія салідныя фірмы. Гэта расейскія грошы, расейскія пляны, расейскі рынак. Знаходзяць дробныя фірмы, знаходзяць людзей, якія за 10–15% падпісваюць умовы, робяць сэртыфікаты, і гэта схіляе намэнклятуру, бюракратыю да карупцыі. Гэта ж не беларусы плацяць, а расейцы.

Рассельгаснагляд гэта разумее, і таму вырашылі прыкрыць пралаз перш за ўсё рукамі беларусаў, таму што гэтых кланаў шмат, і яны такія магутныя, што нават расейскі пасол у Беларусі Міхаіл Бабіч ня можа даць ім рады», — перакананы Яраслаў Раманчук.

Расея выявіла тысячы тон санкцыйнай прадукцыі зь Беларусі

У Рассельгаснаглядзе ня згодныя, што падманам займаюцца толькі дробныя нядобрасумленныя фірмы.

«Паверце, у нас было шмат прэтэнзій і да буйных беларускіх пастаўшчыкоў. Насамрэч, вельмі вялікія памеры санкцыйнай прадукцыі выяўленыя, таму казаць пра тое, што нейкія дробныя фірмы пастаўляюць па тры кіляграмы, не выпадае. Гаворка ідзе пра тысячы тон.

За ўсе гады больш за 25 тысяч тон санкцыйнай прадукцыі мы выявілі, і дастаткова істотная колькасьць прыйшла з Рэспублікі Беларусь. Ня ўся, але істотная», — кажа прадстаўніца Рассельгаснагляду.

Чым гэта скончыцца?

Якія наступствы будуць для Беларусі і як доўга будзе забаронена сэртыфікаваць садавіну-гародніну, якая паступае з трэціх краінаў празь Беларусь у Расею? Эканаміст Яраслаў Раманчук мяркуе, што Беларусь ад гэтага нічога ня страціць.

Яраслаў Раманчук
Яраслаў Раманчук

«Сэртыфікаты ня робяць. Ну і што? Расея — краіна, у якой больш за палову эканомікі знаходзіцца ў цені. Ці будзе Беларусь там, ці прыкрыюць гэты пралаз — істотнага значэньня ня мае.

Гэтых грошай у бюджэце няма. Калі паходжаньне іх сумнеўнае, то, мяркую, яны недзе ў афшорах ці на замежных рахунках. Гэта той капітал, які ў нашай эканоміцы не выкарыстоўваецца.

А спыненьне сэртыфікацыі з боку Беларусі сьведчыць толькі пра тое, як адбываецца барацьба гэтых магутных ценевых намэнклятурных і сілавых кланаў у Расеі, і на падтанцоўцы тут альбо беларускія, альбо казахстанскія, альбо кіргіскія партнэры. Так што тут прынцыпова нічога ня зьменіцца», — перакананы Яраслаў Раманчук.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG