Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь і Расея спрачаюцца пра цукар


Цукар у менскай краме
Цукар у менскай краме

Пра гэты паведамляе інтэрнэт-выданьне Naviny.by. Паводле выданьня Беларусь і Расея паспрабуюць урэгуляваць пастаўкі беларускага цукру на расейскі рынак на пляцоўцы Эўразійскай эканамічнай камісіі (ЭЭК). Першая сустрэча на гэтую тэму можа прайсьці ў лістападзе сёлета.

Пра гэта Naviny.by распавёў першы намесьнік старшыні канцэрну «Белдзяржхарчпрам» Ігар Шустаў. У мінулую пятніцу ён прымаў удзел у сустрэчы кіраўнікоў аграрных ведамстваў Беларусі і Расеі Леаніда Зайца і Аляксандра Ткачова ў Маскве, дзе па-за позвы абмяркоўвалася пытаньне паставак беларускага цукру на расейскі рынак.

«Мы дамовіліся, што на пляцоўцы ЭЭК паглядзім на цяперашнюю сытуацыю на рынку цукру і будзем выпрацоўваць кансалідаваныя рашэньні па ўжываньні ільготных тарыфаў на ўвоз цукру белага і цукру-сырцу. Вайны пакуль няма, а напружанасьць ёсьць заўсёды. Рынкі звужаюцца,» — адзначыў Ігар Шустаў.

Прэтэнзіі да беларусаў

Раней расейскае міністэрства сельскай гаспадаркі прапанавала ўвесьці абмежаваньні на пастаўкі беларускага цукру на расейскі рынак для абароны сваіх вытворцаў. Сутнасьць прэтэнзіяў палягае ў тым, што Беларусь бязмытна ўвозіць цукар-сырэц, перапрацоўвае яго і прадае на расейскім рынку па заніжаных коштах.

«Мы, сапраўды, вельмі занепакоеныя, на мой погляд, недружалюбнай палітыкай, рашэньнямі нашых калегаў з саюзнай дзяржавы, Беларусі, збольшага і Казахстану, якія закупляюць з трэціх краінаў без мыта цукар-сырэц і, выпускаючы на рынак гэты цукар па нізкіх цэнах, разбураюць наш рынак расейскі, эўразійскі. Зразумела, нашы сяляне, нашы заводы маюць страты досыць сурʼёзныя. У цэлым па галіне мы сёньня ацэньваем страты парадку 70-80 млрд рублёў (прыкладна мільярд даляраў — РС), гэта дастаткова сурʼёзны ўдар па эканоміцы. Мы заклікаем нашых калегаў навесьці парадак. Калі так далей будзе працягвацца, значыць, мы будзем ужываць і абмежавальныя меры на ўвоз беларускага цукру. Мы павінныя абараняць сваіх сельгасвытворцаў» — заявіў кіраўнік мінсельгасу Расеі Аляксандр Ткачоў у эфіры тэлеканалу «Расея 24».

Беларусы: бязмытнае ў Расею не прадаем

У «Белдзяржхарчпраме» пацьвярджаюць, што завозяць цукар-сырэц ў Беларусь без мыта, але выраблены зь яго белы цукар прадаецца выключна па-за межамі Эўразійскага эканамічнага саюзу. У Расею пастаўляецца цукар, выраблены з беларускіх буракоў. Пра гэта кажуць таксама ў асацыяцыі цукравытворцаў «Белцукар».

«На Расею мы не прадаём сырцовы цукар. Гэты цукар ідзе ў трэція краіны. Гэта значыць краіны, акрамя ЭАЭС. Мы яго пастаўляем ва Ўкраіну, у Малдову, Азэрбайджан, Туркмэністан, Таджыкістан і гэтак далей. А на рынак пяці нашых краін ЭАЭС мы пастаўляем толькі бураковы цукар» — сказаў Naviny.by выканаўчы дырэктар «Белцукру» Фёдар Старасьценка.

Паводле яго дадзеных, за дзевяць месяцаў гэтага году ў Расею пастаўлена 177 тысячаў тонаў цукру, што на 2% менш за леташні паказчык. Доля Расеі ў агульным абʼёме экспарту ў гэтым годзе склала 54%. У параўнаньні зь мінулым годам яна зьнізілася прыкладна на траціну.

«Мы прымаем меры па дывэрсыфікацыі нашых рынкаў, таму што Расея сябе на 100% забясьпечвае цукрам. Нашыя 200 тысячаў тонаў на рынку Расеі — гэта арытмэтычная хібнасьць. Расея зʼядае 5,5-5,8 млн тонаў цукру ў год» — адзначае Ігар Шустаў.

У лютым 2006 году паміж дзьвюма краінамі ўжо ўзьнікаў канфлікт наконт паставак цукру, які перарос у паўнавартасную гандлёвую «вайну». Тады Расея перанакіравала ўвесь імпарт цукру з Беларусі на адзіны мытны пост з абавязковай праверкай краіны паходжаньня. У Маскве падазравалі, што пад выглядам беларускага цукру ў Расею трапляе цукар з трэціх краінаў. У адказ Менск спыніў пастаўкі кандытарскіх вырабаў і алькаголю з Расеі. У пачатку 2007 году ўлады дамовіліся і зьнялі абмежаваньні ў гандлі паміж краінамі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG