Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мядзьведзеў — Румасу: У Расеі няма «антыбеларускіх элемэнтаў»

абноўлена

Сяргей Румас і Дзьмітры Мядзьведзеў на сустрэчы 22 кастрычніка, ілюстрацыйнае фота
Сяргей Румас і Дзьмітры Мядзьведзеў на сустрэчы 22 кастрычніка, ілюстрацыйнае фота

Увечары 6 сьнежня ў расейскім Сочы пачалася сустрэча прэм’ер-міністраў Беларусі і Расеі Сяргея Румаса і Дзьмітрыя Мядзьведзева, на якой анансавалі абмеркаваньне «дарожных мапаў» інтэграцыі Беларусі і Расеі.

Паводле ТАСС, Дзьмітры Мядзьведзеў запэўніў Сяргея Румаса, што ў Расеі няма «антыбеларускіх элемэнтаў».

Гэтая фраза адсылае да заявы Аляксандра Лукашэнкі 5 сьнежня. Той казаў: «Кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін адчувае зараз жэстачайшы антыбеларускі ціск ад блізкага атачэньня».

«Інтэграцыйныя працэсы так зладжаныя, што заўсёды суправаджаюцца абмеркаваньнем, выказваньнем меркаваньняў, часам эмацыйных пазыцыяў, — тлумачыў Мядзьведзеў. — Я вось сёньня прачытаў пра тое, што ў нас дзесьці ёсьць „антыбеларускія элемэнты“, якія так ці інакш уплываюць на дзяржаўную палітыку. Хачу вам проста сказаць, і я скажу пра гэта прэзыдэнту Беларусі Аляксандру Лукашэнку, што ў нас такіх „антыбеларускіх элемэнтаў“ няма».

Мядзьведзеў: прэм’еры ня могуць усё вырашыць на сваім узроўні

Румас раней заяўляў, што між Менскам і Масквой засталося «16 няўзгодненых пытаньняў» па «паглыбленьні інтэграцыі». Ад перамоваў зь Мядзьведзевым ён чакаў як мінімум вынясеньня 3-4 пытаньняў на разгляд кіраўнікоў дзяржаваў, якія маюць сустрэцца 7 сьнежня, а як максымум — дамовы па ўсіх пытаньнях. Таксама Румас запэўніваў, што ў дакумэнтах для падпісаньня Пуціну і Лукашэнку «ніякіх наднацыянальных органаў няма».

Мядзьведзеў жа, як піша «Інтэрфакс», заявіў, што прэм’еры на сваім узроўні ня могуць вырашыць усе спрэчныя пытаньні, таму і папрасілі аб сустрэчы Лукашэнкі і Пуціна, якая «шмат што праясьніць».

Румас і Мядзьведзеў пасьмяяліся зь беларускай геаграфіі

Румас, як піша ТАСС, падзякаваў Мядзьведзеву за магчымасьць правесьці перамовы ў Сочы, хоць сонечнае надвор’е ў горадзе «ня дасьць выпасьці сьнегу на гарналыжным курорце».

«Надвор'е сёньня шыкоўнае, калі наш самалёт заходзіў на пасадку, мы бачылі сьнежныя вяршыні, — казаў Румас. — Для Беларусі, у якой няма гораў, гэта, вядома, вельмі прыгожа».

Мядзьведзеў падтрымаў тэму:

«Так, з морам у вас так сабе», — адказаў расейскі прэм’ер.

Румас жа заявіў, што «Беларусь — адзіная краіна ў Эўропе, у якой няма ні мора, ні гораў».

Гэта на самой справе ня так. Беларусь далёка не адзіная эўрапейская краіна бяз выхаду да мора, а Малдова, як і Беларусь, ня мае выхаду да мора і ня мае ўзвышшаў, вышэйшых за 500 мэтраў над узроўнем мора (найвышэйшы пункт Малдовы, гара Баланэшць, зьнешне нагадвае беларускую «гару Дзяржынскую»).

Балянс паставак нафты падпісаны. «Перамытненьня» ня будзе?

Беларусь і Расея падпісалі індыкатыўны балянс паставак нафты на 2020 год, піша «Інтэрфакс». На пытаньне аб тым, ці ёсьць у балянсе «перамытненьне» нафты, як піша «Інтэрфакс», віцэ-прэм’ер Расеі Дзьмітры Козак адказаў адным словам: «Не».

Пры тым аб’ёмы паставак нафты не раскрываюцца. Крыніцы «Інтэрфаксу» сьцьвярджаюць, што яны мусілі застацца ранейшымі: 24 млн тонаў на год. У 2019 годзе з гэтых 24 млн т на перапрацоўку ішлі 18 млн т, а на «перамытненьне» — 6 млн т. Што цяпер будзе з 6 млн тонаў нафты, калі аб’ёмы паставак будуць ранейшымі, незразумела.

Дамова пра «перамытненьне» (Беларусь можа прадаваць набытую расейскую нафту, а мыта забіраць сабе) дзейнічала ад 2017 году, каб кампэнсаваць Беларусі высокія цэны на газ. Дзеяньне дамовы было прапісанае да 2019 году ўключна.

Бюджэт на 2020 год у Беларусі плянавалі без даходаў ад «перамытненьня», страты ацэньвалі ў 432,6 млн даляраў (страты ад падатковага манэўру, для параўнаньня, ацэньваліся ў 239,3 млн даляраў).

«Паглыбленьне інтэграцыі» Беларусі і Расеі. Што важна ведаць

Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін, ліпень 2019
Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін, ліпень 2019
  • Урады Беларусі і Расеі зьбіраліся ўзгадніць 31 стратэгічны плян інтэграцыі. Паволе расейскага прэм’ер-міністра Дзьмітрыя Мядзьзведзева, няўзгодненым застаўся 1 плян — пра наднацыянальныя органы.
  • Што менавіта зьбіраюцца падпісаць Лукашэнка і Пуцін, а таксама на што пагадзіліся ўрады ў стратэгічных плянах, публічна не агучваецца.
  • Тэма «паглыбленьня інтэграцыі» пачалася зь перамоваў пра кампэнсацыю «падатковага манэўру». Але ў «праграме інтэграцыі» няма кампэнсацыі «падатковага манэўру», бюджэт разьлічылі безь яе.
  • У канцы 2018 году Мядзьведзеў заявіў, што Расея гатовая «праводзіць адзіную палітыку ў галіне падаткаў, цэна- і тарыфаўтварэньня» толькі тады, калі будуць выкананыя ўмовы пагадненьня аб «саюзнай дзяржаве» 1999 году — а гэта агульныя валюта, суд і мытня.
  • Гэтыя ўмовы празвалі «ўльтыматумам Мядзьведзева». Аляксандар Лукашэнка тады адказаў жорстка: маўляў, «шантажаваць марна. Разумею намёкі — уступайце ў склад Расеі. Гэтага ня будзе ніколі».
  • 19 сьнежня 2019 году Ўладзімір Пуцін заявіў, што зь Беларусьсю абмяркоўваюць стварэньне наднацыянальных органаў — кантрольнага і эмісійнага. 23 сьнежня Мядзьведзеў паўтарыў, што без наднацыянальных органаў ня будзе кампэнсацыі «падатковага манэўру» і іншай дапамогі Беларусі.
  • 17 лістапада Лукашэнка абурыўся тым, што расейцы «кожны раз падсоўваюць новыя ўмовы, у выніку мы ў эканоміцы нешта страчваем», і рытарычна спытаў: «На храна патрэбен такі саюз?».
  • Шэраг беларусаў лічаць, што «паглыбленьне інтэграцыі» ўсё ж можа прывесьці да страты незалежнасьці Беларусі. Палітыкі і культурныя дзеячы прынялі 1 сьнежня сумесную заяву «Аб пагрозе Незалежнасьці Беларусі», а 4 сьнежня супраць інтэграцыі выступілі беларускія Telegram-каналы і суполкі «Ўкантакце».
  • Акцыі супраць паглыбленьня інтэграцыі Беларусі і Расеі прайшлі ў Менску ​7, 8, 20 і 21 сьнежня. А таксама ў Горадні, Пінску, Лідзе. За мяжой — у Польшчы, Украіне, Літве, Чэхіі, Вугоршчыне, Бэльгіі, Ізраілі, ЗША, Канадзе.
  • Агульная сума штрафаў пратэстоўцам — каля 65 тысяч даляраў. Таксама ўдзельнікам акцый прысудзілі агулам 375 сутак арышту.

  • 24 сьнежня ў інтэрвію «Эхо Москвы» Лукашэнка заявіў, што акцыі супраць «паглыбленьня інтэграцыі» не былі масавымі («400 чалаек — гэта наша ядро апазыцыі»), і «нехта падказаў, аплаціў, фонды ім даюць прыстойныя грошы». Лукашэнка дадаў, што сам ня пойдзе на тое, «ад чаго яны спрабуюць усьцерагчы беларускі народ», і назваў сябе «галоўны абаронца сувэрэнітэту і незалежнасьці».

Спэцпрапект «Чаму Беларусь не Расея»

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG