Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка: «Сёньня на Пуціна жэстачайшы антыбеларускі ціск»


Уладзімір Пуцін і Аляксандар Лукашэнка
Уладзімір Пуцін і Аляксандар Лукашэнка

Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін адчувае цяпер жэстачайшы антыбеларускі ціск», — ​заявіў Аляксандар Лукашэнка падчас звароту да дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і чальцоў Савету рэспублікі, паведамляе БелТА.

«Сёньня на прэзыдэнта Пуціна ціск жэстачайшы. І прытым ужо з блізкага атачэньня, антыбеларускага», — сказаў Лукашэнка.

Ён адзначыў, што Расея вельмі неаднародная ў пляне думак і інтарэсаў, і «гэта трэба разумець і ўспрымаць». «Гэта наша праца. І ў гэтым кірунку бяз гвалту мы павінны працаваць», — дадаў Лукашэнка.

«Пра якую далейшую інтэграцыю можна казаць, калі ня вырашаныя прынцыповыя пытаньні»

Што тычыцца працы над праграмай паглыбленьня інтэграцыі ў рамках «саюзнай дзяржавы» і пакетам «дарожных мапаў», Лукашэнка заявіў, што хоць яна і «на завяршальнай стадыі», але дасюль ня вырашаны шэраг прынцыповых пытаньняў, у прыватнасьці наконт газу і нафты.

«Пра якую можна казаць далейшую інтэграцыю (ідзецца аб паглыбленьні інтэграцыі. — РС), калі мы сёньня ня маем дамовы аб пастаўках прыроднага газу? Хоць пра гэта дамовіліся даўно. І нашы ўрады правалілі гэтыя дамоўленасьці. Не зь віны беларускага ўраду. То бок у нас заўтра новы год, а мы ня маем дамовы аб аб’ёме і цэнах паставак прыроднага газу», — сказаў Лукашэнка.

Таксама Лукашэнка падкрэсьліў, што нявырашанымі застаюцца і пытаньні аб нафце, у прыватнасьці сытуацыя з бруднай расейскай нафтай. Яшчэ адным праблемным пытаньнем ён назваў тое, што беларускім вытворцам пэрыядычна закрываюць рынак для пастаўкі тавараў.

«Нават элемэнтарнае пытаньне дагэтуль ня вырашанае — аб бруднай нафце. Мы нешта лічым, вырашаем. А яны робяць выгляд, што гэтай бруднай нафты не было. А мы ж правалілі ВУП у асноўным праз нафтавыя праблемы», — дадаў ён.

«Паглыбленьне інтэграцыі» Беларусі і Расеі. Што важна ведаць

Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін, ліпень 2019
Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін, ліпень 2019
  • Урады Беларусі і Расеі зьбіраліся ўзгадніць 31 стратэгічны плян інтэграцыі. Паволе расейскага прэм’ер-міністра Дзьмітрыя Мядзьзведзева, няўзгодненым застаўся 1 плян — пра наднацыянальныя органы.
  • Што менавіта зьбіраюцца падпісаць Лукашэнка і Пуцін, а таксама на што пагадзіліся ўрады ў стратэгічных плянах, публічна не агучваецца.
  • Тэма «паглыбленьня інтэграцыі» пачалася зь перамоваў пра кампэнсацыю «падатковага манэўру». Але ў «праграме інтэграцыі» няма кампэнсацыі «падатковага манэўру», бюджэт разьлічылі безь яе.
  • У канцы 2018 году Мядзьведзеў заявіў, што Расея гатовая «праводзіць адзіную палітыку ў галіне падаткаў, цэна- і тарыфаўтварэньня» толькі тады, калі будуць выкананыя ўмовы пагадненьня аб «саюзнай дзяржаве» 1999 году — а гэта агульныя валюта, суд і мытня.
  • Гэтыя ўмовы празвалі «ўльтыматумам Мядзьведзева». Аляксандар Лукашэнка тады адказаў жорстка: маўляў, «шантажаваць марна. Разумею намёкі — уступайце ў склад Расеі. Гэтага ня будзе ніколі».
  • 19 сьнежня 2019 году Ўладзімір Пуцін заявіў, што зь Беларусьсю абмяркоўваюць стварэньне наднацыянальных органаў — кантрольнага і эмісійнага. 23 сьнежня Мядзьведзеў паўтарыў, што без наднацыянальных органаў ня будзе кампэнсацыі «падатковага манэўру» і іншай дапамогі Беларусі.
  • 17 лістапада Лукашэнка абурыўся тым, што расейцы «кожны раз падсоўваюць новыя ўмовы, у выніку мы ў эканоміцы нешта страчваем», і рытарычна спытаў: «На храна патрэбен такі саюз?».
  • Шэраг беларусаў лічаць, што «паглыбленьне інтэграцыі» ўсё ж можа прывесьці да страты незалежнасьці Беларусі. Палітыкі і культурныя дзеячы прынялі 1 сьнежня сумесную заяву «Аб пагрозе Незалежнасьці Беларусі», а 4 сьнежня супраць інтэграцыі выступілі беларускія Telegram-каналы і суполкі «Ўкантакце».
  • Акцыі супраць паглыбленьня інтэграцыі Беларусі і Расеі прайшлі ў Менску ​7, 8, 20 і 21 сьнежня. А таксама ў Горадні, Пінску, Лідзе. За мяжой — у Польшчы, Украіне, Літве, Чэхіі, Вугоршчыне, Бэльгіі, Ізраілі, ЗША, Канадзе.
  • Агульная сума штрафаў пратэстоўцам — каля 65 тысяч даляраў. Таксама ўдзельнікам акцый прысудзілі агулам 375 сутак арышту.

  • 24 сьнежня ў інтэрвію «Эхо Москвы» Лукашэнка заявіў, што акцыі супраць «паглыбленьня інтэграцыі» не былі масавымі («400 чалаек — гэта наша ядро апазыцыі»), і «нехта падказаў, аплаціў, фонды ім даюць прыстойныя грошы». Лукашэнка дадаў, што сам ня пойдзе на тое, «ад чаго яны спрабуюць усьцерагчы беларускі народ», і назваў сябе «галоўны абаронца сувэрэнітэту і незалежнасьці».

Спэцпрапект «Чаму Беларусь не Расея»

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG