Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Едзьце дадому і там задавайце гэтыя пытаньні» — што сказалі літоўцам на БелАЭС


БелАЭС у мястэчку Астравец
БелАЭС у мястэчку Астравец

Найбуйнейшы літоўскі інтэрнэт-партал навінаў delfi.lt напісаў пра тое, як літоўскія спэцыялісты і журналісты зьезьдзілі на Беларускую АЭС.

«Ад Вільні да Астраўца — усяго каля гадзіны язды. Каля мястэчка з насельніцтвам у 12.5 тысяч жыхароў ужо 8 гадоў будуецца першая беларуская АЭС. Літоўскі ўрад зьяўляецца, напэўна, самым галоўным крытыкам будоўлі гэтага стратэгічнага аб’екту. Сёлета міністэрства замежных спраў заяўляла, што месца, выбранае для будоўлі БелАЭС, не падыходзіць для гэтых мэтаў <...> Аднак самі беларусы ніякіх праблемаў ня бачаць і заяўляюць пра перавагу БелАЭС над Чарнобыльскай або Фукусімскай АЭС» — з гэтых слоў пачынаецца артыкул на delfi.lt

Запуск першага энэргаблёку ў 2020 годзе

У артыкуле паведамляецца, што, паводле генэральнага дырэктара АЭС Міхаіла Філімова, запуск першага энэргаблёку пераносяцца на 2020 год.

У прэс-канфэрэнцыі і экскурсіі па тэрыторыі БелАЭС удзельнічала некалькі дзясяткаў журналістаў з розных краінаў сьвету — Узбэкістану, Турэччыны, Вугоршчыны, Польшчы і Літвы.

Фота з вучэньняў на БелАЭС
Фота з вучэньняў на БелАЭС

Аднак, адзначаецца ў артыкуле, падчас прэс-канфэрэнцыі, якая працягвалася ўсяго паўгадзіны, прадстаўнікі беларускага боку амаль не адказалі на пытаньні журналістаў.

Напрыклад, у адказ на пытаньне пра кошт будаўніцтва АЭС, дырэктар дэпартамэнта ядзернай энэргетыкі пры Міністэрстве энэргетыкі Васіль Палюховіч сказаў, што гэтыя лічбы ня маюць значэньня.

«Лічбы, нават калі б іх назваў, нічога б не далі. Таму лепей іх не называць. Цана падыходзіць як для расейскага, так і для беларускага боку» — прыводзяцца ў артыкуле ягоныя словы.

Калі яго спыталі наконт верагоднасьці прыняцьця ў Літве законапраекту, паводле якога зробіцца немагчымым перапраўляць беларускую электраэнэргію на літоўскі рынак, Васіль Палюховіч прапанаваў задаць гэтае пытаньне ў Літве.

«Гэтае пытаньне задавайце ў сябе. Хочаце набываць — набывайце. Ня хочаце — не набывайце. Гэтае пытаньне чыста да вас саміх. Едзьце дадому і там гэта пытайцеся» — сказаў ён.

Адказваць на пытаньне пра кошт электраэнэргіі ён таксама не стаў.

Як пішуць літоўскія журналісты, зьявілася адчуваньне, быццам міністры і дырэктары вывучылі напамяць свае адказы, і што яны лёгка адказвалі толькі на тыя пытаньні, да якіх яны зараней падрыхтаваліся.

Фота з вучэньняў на БелАЭС
Фота з вучэньняў на БелАЭС

Літоўскія госьці АЭС зьвярнулі ўвагу на непрыемныя дробязі — на выдадзеных ім буклетах на ангельскай мове было больш за адну граматычную памылку, а на сьцяне будынку атамнага рэактару можна было заўважыць малюнак мужчынскага палавога органу.

Землятрус — толькі легенда

Начальнік аддзелу інфармацыі і грамадзкіх сувязяў БелАЭС Эдуард Сьвірыд сьцьвярджае, што заявы пра Астравец як пра сэйсьмічна небясьпечны рэгіён — гэта проста легенда.

«Гэта, маўляў, пацьвярджаецца тым, што некалі тут быў землятрус. Шмат хто нават называе лічы — землятрус у 5-6 балаў». Тады ён дастаў копію газэты «Наша Ніва» пачатку ХХ стагодзьдзя.

«Тут была інфармацыя, быццам адзін мясцовы жыхар паведаміў журналістам, што 17 кастрычніка а 5 гадзіне раніцы прагрымеў гром і пачалі дрыжаць вокны. Паводле гэтага журналіст зрабіў выснову, што гэта павінны быў быць землятрус. Калегі, гэта ўся інфармацыя, якая ёсьць пра землятрус у Астраўцы. Больш нічога няма ані ў газэтах, ні ва ўспамінах мясцовага насельніцтва, а, самая важнае, — не засталося сьледу гэтага землятрусу. Як бачыце, „фэйкавыя“ навіны існавалі і тады. Раней гэта лічылася мясцовай экзотыкай — легенда пра землятрус. Калі пачалі будаваць АЭС, гэтым скарысталіся яе апанэнты», — цытуюць літоўскія журналісты Эдуарда Сьвірыда.

Акрамя гэтага, журналістам паказалі тэхніку — іх адвезлі на вайсковую базу каля БелАЭС. Там вайскоўцы паказвалі ваенную тэхніку, прызначэньне якой — забясьпечваць ахову тэрыторыі АЭС.

Пасьля таго як журналісты апынуліся на тэрыторыі самой АЭС, ім было забаронена рабіць фатаграфіі без дазволу. Як пішуць у артыкуле, «беларусы асабліва ахоўвалі плот, не дазвалялі карыстацца смартфонамі».

Журналістам паказалі мясцовую пажарную станцыю, кіраўнік якой распавёў аб наяўнай тэхніцы, а самі пажарныя прадэманстравалі, што ўмеюць выцягнуць чалавека з-пад завалу, тушыць небясьпечныя хімічныя матэрыялы.​

Экспарт — справа другарадная

Падчас канфэрэнцыі Васіль Палюховіч заявіў, што экспарт электраэнэргіі — справа другарадная. У прыярытэце — унутранае спажываньне электраэнэргіі краінай. Паводле яго, з гэтай мэтай АЭС і будуецца.

Фота з вучэньняў на БелАЭС
Фота з вучэньняў на БелАЭС

«Кошт на электраэнэргію залежыць ад памеру інвэстыцый. Ягоная канчатковая сума яшчэ ня ясная». — дадаў ён.

Галоўны інжынэр БелАЭС Анатоль Бондар сказаў, што ў іх ёсьць стратэгія для адпрацаванага паліва.

«Тут мы будзем супрацоўнічаць з Расеяй, нашым генпадрадчыкам. Іншыя пытаньні будуць вырашацца пазьней», — сказаў ён. Бондар таксама заявіў, што ў кіраўніцтва БелАЭС ужо ёсьць плян наконт рэкамэндацыяў Эўразьвязу.

«У гэтым пляне няма нейкіх істотных удасканаленьняў. Няма недахопаў у сфэры бясьпекі, таму ўдасканальваць няма чаго», — заявіў ён.

Падрыхтаваў Ян Поклад.

Што варта ведаць пра БелАЭС

  • Беларуская АЭС ад 2011 году ўзводзілі пад Астраўцом, што ў Горадзенскай вобласьці, за 22 км ад мяжы зь Літвой, за 50 км ад Вільні і за 125 км ад Менску.
  • Тэрміны запуску некалькі разоў пераносілі. Першапачаткова запуск плянаваўся на 2018 год, Лукашэнка пазьней заяўляў, што тэрміны сарвала Расея. Урэшце цырымонія запуску АЭС прайшла 7 лістапада 2020 году.
  • Для будаўніцтва абраны праект АЭС-2006 — тыповы расейскі праект атамнай станцыі новага пакаленьня з выкарыстаньнем вода-вадзянога энэргетычнага рэактара ВВЭР-1200. Паводле такога ж праекту збудаваныя блёкі Новаваронескай АЭС і Ленінградзкай АЭС-2, што працуюць у Расеі.
  • БелАЭС будуе расейская дзяржаўная кампанія «Росатом» за кошт крэдыту Расеі. Беларусь пазычыла да 10 млрд даляраў для фінансаваньня 90% кошту будаўніцтва двух энэргаблёкаў АЭС. Пагашэньне крэдыту пачынаецца праз 6 месяцаў з даты ўводу АЭС у эксплюатацыю, але не пазьней за 1 красавіка 2021 году. Беларусь папрасіла Расею падоўжыць крэдыт на 10 гадоў.
  • На станцыі будуць два энэргаблёкі з рэактарамі ВВЭР-1200 (В-491) магутнасьцю да 1200 МВт кожны. Праектная магутнасьць АЭС — 2,4 тысячы МВт. Калі АЭС запрацуе на поўную магутнасьць, станцыя дасьць 18 мільярдаў кіляват-гадзін на год — палову таго, колькі цяпер спажывае Беларусь.
  • Літва ня раз ставіла пад сумнеў абраньне для будаўніцтва АЭС астравецкай пляцоўкі. Краіна называла 10 прычын, каб не будаваць БелАЭС, абвінавачвала беларускія ўлады ва ўтойваньні інфармацыі пра станцыю. Літва пратэстуе супраць БелАЭС на найвышэйшым дзяржаўным узроўні, выказвае пратэсты ў міжнародных структурах. Літву падтрымлівае прэзыдэнтка Эстоніі.
  • Пляцоўка Астравецкай АЭС была прызнаная небясьпечнай яшчэ ў 1993 годзе. Тады было знойдзена 7 прыдатных пляцовак, 15 умерана прыдатных і 6 непрыдатных. Астравецкая пляцоўка трапіла ў лік апошніх.
  • Улады і чыноўнікі Беларусі нясьпешна рэагуюць на паведамленьні пра інцыдэнты на будаўніцтве ўласнай атамнай станцыі. Звычайна пра здарэньні на БелАЭС афіцыйна расказваюць толькі пасьля таго, як зьвесткі пра іх зьяўляюцца ў СМІ — так, пра падзеньне корпуса рэактара расказалі толькі пасьля міжнароднага ціску. Урэшце корпус, які ўпаў, замянілі (расейцы зьбіраюцца выкарыстаць яго на іншай АЭС). Новы выпадкова стукнулі аб слуп, але пашкоджаньняў ня выявілі, вырашылі не мяняць корпус другі раз.
  • Адпрацаванае ядзернае паліва зь БелАЭС застанецца ў Беларусі. Эколягі сьцьвярджаюць, што Беларусь выбірае самы дарагі і небясьпечны спосаб захоўваць адпрацаванае паліва з АЭС.
  • У сакавіку 2023 літоўская выведка заявіла, што Беларусь і «Росатом» у мінулым годзе схавалі інцыдэнты і дэфэкты ў рэактарных сыстэмах на першым і другім энэргаблёках. У Міністэрстве энэргетыкі Беларусі адпрэчылі абвінавачаньні і заявілі, што такі даклад ёсьць «мэтанакіраванай акцыяй па дыскрэдытацыі БелАЭС».
  • Паводле словаў фізыка-атамніка Андрэя Ажароўскага, спыніць станцыю зараз будзе вельмі дорага. Пры гэтым ён схільны давяраць паведамленьням літоўскай выведкі. Шэраг ускосных прыкметаў сьведчыць аб тым, што на Астравецкай АЭС дзясяткі тысяч недаробак.
  • Ад пачатку працы АЭС у Беларусі і на пачатак лістападу 2023 электрычнасьць падаражэла на 21–22% у залежнасьці ад тарыфу.
  • Першы энэргаблёк АЭС сілкуе энэргасыстэму Беларусі з 3 лістапада 2020 году (прамыслова эксплюатуецца з чэрвеня 2021), другі — з 13 траўня 2023 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG