Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасьля Чарнобылю і перад Астраўцом? Роздум «ліквідатара»


Ілюстрацыйнае фота. Беларуская АЭС у Астраўцы

Напярэдадні 33-х угодкаў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС намесьнік міністра энэргетыкі Беларусі Міхаіл Міхадзюк паведаміў: фізычны пуск першага энэргаблёку Беларускай АЭС заплянаваны, калі ня будзе сур’ёзнага форс-мажору, на восень 2019 году. Асабіста мяне чалавека, які на ўласныя вочы бачыў і на сабе адчуў, што такое наступствы ядзернай аварыі, гэтая навіна зусім не парадавала.

Яшчэ да чарнобыльскай трагедыі па журналісцкіх справах даводзілася бываць у вёсцы Баршчоўка Хойніцкага раёну — памежным з Украінай беларускім паселішчы. Колішні кіраўнік тутэйшай гаспадаркі Аляксей Сьцепаненка, паказваючы ў бок атамнай электрастанцыі, да якой наўпрост зь дзясятак кілямэтраў, скрушна заўважыў: «Пыхкае станцыя. Здавалася б, райскі куточак — жыві й радуйся. Ажно не: то адзін вясковец на рак захварэе, то другі».

Адселеная вёска Тульгавічы, Хойніцкі раён
Адселеная вёска Тульгавічы, Хойніцкі раён

Зьдзіўляліся ў той час паўзучаму росту злаякасных пухлін у насельніцтва паўднёвых раёнаў Гомельшчыны і спэцыялісты-анколягі, але патлумачыць гэтую зьяву не маглі — ня мелі адпаведнай інфармацыі. Разгадку даў выбух на чацьвёртым энэргаблёку АЭС, калі на людзей з разбуранага рэактара абрынуліся ўжо не «малыя дозы» радыяактыўных рэчываў, а мільёны бэкерэляў радыяцыйнага ёду, тэлюру, рутэнію, барыю, цэзію, стронцыю, цырконію, лянтану, плютонію. Выкінутыя ў атмасфэру радыянукліды разьмеркаваліся так: у Беларусі асела 34 адсоткі радыянуклідаў, ва Ўкраіне — 20, у Расеі — 24, Эўропе — 22 адсоткі.

Швэдзкія грыбы і савецкая рэцэптура

Падчас адной з паездак у Швэцыю нам, беларускім журналістам, расказвалі, што пасьля аварыі на ЧАЭС швэдзкія ўлады вызначылі лены (акругі) і дакладныя тэрыторыі, дзе нельга было зьбіраць грыбы і ягады і паляваць на дзікіх жывёлаў. З прычыны павышаных узроўняў радыяцыі, якая з Чарнобылю даляцела і да Швэцыі.

У Беларусі ж нават у «зоне» паўсюдна нарыхтоўвалі кармы для жывёлы, даілі кароў, гадавалі маладняк. На дапамогу вяскоўцам накіроўвалі цэлыя брыгады з прамысловых прадпрыемстваў і арганізацый. Тагачаснае Міністэрства сельскай гаспадаркі СССР вызначыла нават прапорцыі зьмешваньня радыяцыйнага мяса, заражанага цэзіем і стронцыем, для вырабу «чыстай» тушаніны і каўбасаў. Такія рэкамэндацыі я асабіста трымаў у руках улетку 1986 году ў аграпрамысловым камітэце Гомельскага аблвыканкаму.

Ёд ня мёд, і амэрыцый таксама

У той час найбольшую небясьпеку для чалавека ўяўляў ёд-131. На асобных участках беларускай тэрыторыі актыўнасьць яго ў глебе дасягала 1000 кюры на квадратны кілямэтар. Каварства ёдавага ізатопу ў тым, што ён адначасна зьяўляецца і бэта- і гамавыпраменьвальнікам. Вылецеў з рэактара ў аэразольным стане і нанёс асноўны ўдар па шчытападобнай залозе. Ёд лёгка пранікае ў гародніну, ягады, малако, а зь імі ў арганізм чалавека.

Мэдыкі адзначаюць, што ў Беларусі на сёньня зарэгістраваныя 324 тысячы пацыентаў з захворваньнямі на шчытападобную залозу. 22 тысячы стаяць на ўліку пасьля апэрацый з нагоды раку шчытападобнай залозы. І лічба гэтая штогод павялічваецца прыкладна на 1,1 тысячы — столькі мэдыцынскія ўстановы выяўляюць за год новых злаякасных пухлін у пацыентаў.

Чарнобыльская зона. Вёска Савічы, Брагінскі раён
Чарнобыльская зона. Вёска Савічы, Брагінскі раён

Ну ніяк мне не выпадае радавацца за новую атамную станцыю. Бо любы радыяактыўны элемэнт нельга прыручыць, загадаць не выпраменьваць шкодныя часьціцы.

Так, ёд-131 ды іншыя кароткатрывалыя радыянукліды даўно распаліся, але засталіся цэзій-137, стронцый-90, плютоній-239. Узрастае магутнасьць амэрыцыю-241 як прадукту распаду плютонію-241. Радыяцыя забрала пад сябе не якіясьці там невялікія лапікі тэрыторыі нашай краіны. Радыяактыўны цэзій, напрыклад, «пасяліўся» на наступныя сто гадоў на 46,5 тысячы квадратных кілямэтраў, а гэта ажно 23 адсоткі тэрыторыі Беларусі. Дзясятую частку краіны акупаваў стронцый.

АЭС — «брудная» бомба

Чарнобыльская зона, архіўнае фота
Чарнобыльская зона, архіўнае фота

​Пасьля катастрофы на ЧАЭС у зонах радыяцыйнага забруджваньня апынуліся 3,6 тысячы паселішчаў, у якіх жылі звыш 2 мільёнаў чалавек, у тым 500 тысяч дзяцей. 115 тысяч чалавек эвакуяваліся з 30-кілямэтровай зоны вакол станцыі. Выбух у Чарнобылі, як адзначаюць адмыслоўцы, нагадваў надзвычай магутную «брудную атамную бомбу», асноўным згубным чыньнікам якой стала радыяцыйнае заражэньне. Зразумела, радыяцыя не дадала здароўя беларусам.

Фобіі з мыліцамі і катэтэрамі

За апошнія месяцы мне паўдзясятка разоў давялося пабываць у Рэспубліканскім навукова-практычным цэнтры анкалёгіі і мэдыцынскай радыялёгіі імя Аляксандрава ў Бараўлянах. І кожны раз кансультацыйная паліклініка цэнтру спрэс была запоўненая пацыентамі з розных рэгіёнаў Беларусі — у доўгім калідоры зьбіралася сама меней паўтары сотні чалавек. З павязкамі, трубкамі, катэтэрамі, мыліцамі і кіёчкамі — яны прыяжджаюць атрымаць параду наконт мэдыцынскай дапамогі і шмат у якіх выпадках і саму дапамогу. Тым часам вышэйшыя кіраўнікі краіны імкнуцца сьпісаць гэта на празьмерную неапраўданую трывогу і перажываньні.

«У нас жа разьвітая фобія пасьля Чарнобылю», — заявіў Аляксандар Лукашэнка, выступаючы нядаўна са штогадовым пасланьнем да народу і парлямэнтароў.

Так ці не, але выглядае, што ўлады змагаюцца з фобіяй і празь вяртаньне ў гаспадарчы абарот зямель, выведзеных з эксплюатацыі пасьля чарнобыльскай катастрофы. Прынамсі, на Гомельшчыне палічылі прыдатнымі для вырошчваньня розных сельскагаспадарчых культур звыш 16 тысяч гектараў, зь іх 1,5 тысячы гектараў дадалі летась гаспадаркам Буда-Кашалёўскага, Кармянскага і Рэчыцкага раёнаў.

Сытуацыю з наступствамі Чарнобылю цяпер спрабуюць «загаварыць». Маўляў, завяршыўся пэрыяд паўраспаду стронцыю й цэзію — сейце, саджайце, капайце, спажывайце! І мала хто кажа, колькі патрэбна тых пэрыядаў паўраспадаў, каб зямля сапраўды ачысьцілася. Да таго ж рэгіён усеяны доўгатрывалымі трансуранавымі радыяактыўнымі элемэнтамі — яны нікуды ня дзенуцца і праз тысячагодзьдзе.

У вышэйзгаданым Буда-Кашалёўскім раёне налічваецца 16 паселішчаў, дзе цягам году людзі атрымліваюць экспазыцыйную дозу апраменьваньня, якая перавышае 1 мілізівэрт. Радыяцыі «добрай» не бывае. Інкарпарацыя радыянуклідаў у арганізм чалавека на заражаных тэрыторыях ідзе пастаянна, і найперш праз харчы. Радыянукліды, трапіўшы ў арганізм, разбураюць клеткі і іх малекулярныя структуры сілай свайго выпраменьваньня. Гэта ў сваіх дасьледаваньнях паказваў прафэсар Юры Бандажэўскі, якога, на жаль, адлучылі ад беларускай навукі.

Наперад выйшлі захворваньні органаў дыханьня, потым — органы кровазвароту, касьцёва-цяглічнай сыстэмы, злаякасныя новаўтварэньні. Нярэдка ў аднаго чалавека ў тым жа Буда-Кашалёўскім раёне выяўляюць па два розныя віды раку.

Сьмяротнае жніво

У 2017 годзе ад раку ў Беларусі памерлі звыш 17 тысяч чалавек. Пры гэтым новыя выпадкі сьмяротна небясьпечнай хваробы мэдыкі выявілі ў 50 тысяч пацыентаў. Усяго ж на ўліку з анкалягічнымі захворваньнямі зараз знаходзяцца як мінімум 270 тысяч беларусаў, альбо кожны трыццаць пяты. Колькі зь іх захварэлі ад Чарнобылю, ніхто ня кажа. Гэта таксама не дадае аптымізму, калі гучаць рэляцыі пра хуткі ўвод у Астраўцы энэргетычных магутнасьцяў Беларускай АЭС.

Паводле мэдыцынскіх зьвестак, у структуры захворваньня злаякаснымі ўтварэньнямі ў мужчын на першым месцы рак лёгкага (18%), на другім — рак скуры (14%), потым рак прастаты, страўніка, тоўстага кішэчніка і нырак. У жанчын найчасьцей бывае рак скуры (20%), малочнай залозы (18%) і кішэчніку (11%).

Энэргіі цераз край

Беларуская АЭС у Астраўцы
Беларуская АЭС у Астраўцы

​Вялікі сумнеў выклікае тэхніка-эканамічная мэтазгоднасьць пабудовы АЭС з гледзішча энэргетычнай бясьпекі краіны. Яшчэ на этапе падрыхтоўкі праекту атамнай электрастанцыі былы дэпутат Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня Мікалай Крыжаноўскі падлічыў магутнасьць усіх электрастанцый беларускай энэргасыстэмы. Агулам яна складае 8 300 мэгават. Найбольшае выкарыстаньне гэтага патэнцыялу зафіксавана ў 2009 годзе — 6 000 мэгават. Нават калі ўлічыць зьніжэньне выпрацоўкі электраэнэргіі з прычыны рамонту і догляду ўстановак (каля 1000 МВт), абмежаваньне ў ацяпляльны пэрыяд (400 МВт) і непрадбачаныя аварыйныя адключэньні буйных генэруючых крыніц (320 МВт), беларуская энэргасыстэма мае неабходны запас магутнасьці.

Куды скіраваць яшчэ 2,4 тысячы мэгават, якія вырабіць новая АЭС пасьля ўводу ў эксплюатацыю двух энэргаблёкаў, асноўная праблема. Беларусь цяпер спажывае за год 36-37 мільярдаў кіляват-гадзін электраэнэргіі. Атамная электрастанцыя дабавіць яшчэ 18 мільярдаў, па сутнасьці, 50 % ад цяперашніх патрэб. Ужо нават Аляксандар Лукашэнка публічна заклікаў чыноўнікаў думаць, куды б дзець гэтыя лішкі.

Расеі і Ўкраіне нашы кіляваты не патрэбны. У іх свае атамныя станцыі на шляху — Смаленская і Ровенская. Літва прынцыпова адмовілася купляць энэргію зь БелАЭС з палітычных прычынаў. У Вільні нават прынялі закон, паводле якога АЭС у Астраўцы абвешчана пагрозай нацыянальнай бясьпецы.

Польшча вырабляе дастаткова энэргіі на сваіх вугальных станцыях. Апроч таго, яе энэргасыстэма, адзначаюць экспэрты, сынхранізаваная з краінамі Эўразьвязу. На мяжы патрэбна дарагое «пераходнае» абсталяваньне, каб прымаць беларускую энэргію.

Нішто не перашкаджае прадаваць энэргію ў Латвію, аднак яна ня мае сваіх асобных буйных ліній электраперадач — яны ідуць празь Літву.

Застаецца толькі азадачыцца, якім чынам спажыць энэргію, вырабленую на атамнай станцыі ў Астраўцы, унутры Беларусі. І тут акурат той выпадак, калі лёгка сказаць, ды далёка дыбаць. Выйсьце некаторыя аналітыкі бачаць у адключэньні блёкаў Лукомльскай ГРЭС і пераводзе іх у рэжым «гарачага рэзэрву», бо сама АЭС на паўсілы даваць энэргію ня здатная.

Сэйсма-палітычная пляцоўка

Засмучае мяне як ліквідатара і выбар месца будаўніцтва атамнай станцыі. Пляцоўка ня толькі палітычная, але сэйсьмічна неспакойная. Пра гэта даўно заяўлялі беларускія вучоныя ў галіне геалёгіі і, у прыватнасьці, акадэмік Радзім Гарэцкі. У 1908 годзе тут здарыўся землятрус, сіла якога набліжалася да 7 балаў. Прызнаюся шчыра: ня надта хочацца, каб маю пасівелую галаву зноў пасыпала радыяцыйным попелам.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG