Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзеці «дзяцей Чарнобылю» больш уразьлівыя да радыяцыі, — прафэсар Бандажэўскі


Падчас «Чарнобыльскага шляху — 2016» у Менску, 26 красавіка 2019 году
Падчас «Чарнобыльскага шляху — 2016» у Менску, 26 красавіка 2019 году

Прафэсар Юры Бандажэўскі, які пасьля турэмнага зьняволеньня зьехаў зь Беларусі, прадставіў вынікі маніторынгу радыяактыўнасьці і стану здароўя дзяцей з раёнаў Украіны, што прылягаюць да Чарнобыльскай зоны адчужэньня. Пра беларускую частку зоны такіх дасьледаваньняў няма.

Юры Бандажэўскі
Юры Бандажэўскі

У выніку чарнобыльскай катастрофы пацярпела ўся Беларусь, наступствы аварыі дагэтуль не пераадоленыя. Да таго ж праблемы Чарнобылю ў Беларусі замоўчваюцца. Ніякія сур’ёзныя навуковыя і мэдыцынскія дасьледаваньні, у адрозьненьне ад Украіны, не праводзяцца.

Пра гэта сказаў прафэсар Юры Бандажэўскі, былы рэктар Гомельскага мэдінстытуту, падчас онлайн-канфэрэнцыі, прысьвечанай 33-й гадавіне аварыі на ЧАЭС.

Прафэсар, доктар мэдычных навук Юры Бандажэўскі ўжо больш за 10 гадоў жыве і працуе ва Ўкраіне, ачольвае каардынацыйны аналітычны цэнтар «Экалёгія і здароўе». Ён прадставіў вынікі маніторынгу радыяактыўнасьці і стану здароўя дзяцей з раёнаў Украіны, што прылягаюць да Чарнобыльскай зоны адчужэньня.

Цяперашняя сытуацыя горшая, чым адразу пасьля аварыі

Ілюстрацыйнае фота. РНПЦ анкалёгіі і мэдыцынскай радыялёгіі імя Аляксандрава
Ілюстрацыйнае фота. РНПЦ анкалёгіі і мэдыцынскай радыялёгіі імя Аляксандрава

​Цягам 2013–2018 гадоў было абсьледавана 10 тысяч дзяцей і 500 цяжарных жанчын у Іванкаўскім і Палескім раёнах Кіеўскай вобласьці Ўкраіны. Вынікі дасьледаваньня несуцяшальныя, кажа прафэсар Бандажэўскі.

  • Неспрыяльная дынаміка раку шчытападобнай залозы ў дарослых — у Кіеўскай вобласьці на 100 тысяч чалавек фіксуецца 15 выпадкаў раку (у той час як у цэлым ва Ўкраіне 8 выпадкаў).
  • Істотна павялічылася колькасьць выпадкаў раку малочнай залозы ў забруджаных раёнах. У Кіеўскай вобласьці — 63 выпадкі раку малочнай залозы на 100 тысяч жанчын, у цэлым па Ўкраіне — 42 выпадкі на 100 тысяч. Прычым гэтае дасьледаваньне праведзена Інстытутам раку Ўкраіны.
  • Структурныя парушэньні функцый шчытападобнай залозы зафіксаваныя ў 10% абсьледаваных дзяцей (выкарыстоўваўся мэтад УГД).
  • Калі пачалі ацэньваць гарманальны фон, частата парушэньняў у дзяцей вырасла да 40% (у Палескім і Іванкаўскім раёнах)
  • 35% дзяцей маюць парушэньні ў структуры печані.
  • Па выніках электракардыяграфічнага абсьледаваньня парушэньні сардэчнай дзейнасьці і сардэчнага рытму выяўлены ў 80% дзетак.

Дасьледчыкі, мэдыкі ацэньвалі ўплыў цэзію на фізычнае разьвіцьцё дзяцей.

«Зарэгістраваны факт, што маленькія дзеці (да 5 гадоў) маюць больш радыянуклідаў у арганізьме, чым старэйшыя дзеці. І тлумачыцца гэта тым, што малыя спажываюць больш малочных прадуктаў. Малако — асноўны прадукт харчаваньня ў тым рэгіёне, празь беднасьць людзі ўжываюць даволі шмат малака. Норма ва Ўкраіне па цэзіі ў малацэ — да 100 бэкерэляў цэзію на літар. Аднак любая колькасьць цэзію ў малацэ небясьпечная для людзей», — тлумачыць прафэсар Юры Бандажэўскі.

Дзеці другога пасьлячарнобыльскага пакаленьня больш уразьлівыя, чым іхныя бацькі

Ілюстрацыйнае фота. Акцыя «Чарнобыльскі шлях» 2006 году
Ілюстрацыйнае фота. Акцыя «Чарнобыльскі шлях» 2006 году

​Самая трывожная выснова, на думку Бандажэўскага — што дзеці другога постчарнобыльскага пакаленьня больш уразьлівыя, чым іхныя бацькі. І ў іх выявілі больш сур’ёзныя парушэньні, чым у бацькоў, якія нарадзілася адразу пасьля Чарнобылю.

«У дзяцей другога пасьлячарнобыльскага пакаленьня парушаная рэгуляцыя мэтабалічных функцый арганізма. Арганізм рэагуе нават на невялікую колькасьць радыянуклідаў, на любыя стрэсавыя рэакцыі рэзкім павелічэньнем гамацыстэіну. А гэтыя парушэньні выклікаюць зьмяненьні ў жыцьцёва важных органах, цэнтральнай нэрвовай сыстэмы, у гіпофізе, шчытападобнай залозе.

Дзеці больш уразьлівыя да радыяцыі, чым іх бацькі. Бацькі, якія атрымлівалі больш радыяцыі, былі больш абароненыя, таму што рэзыстэнтнасьць арганізма была ў іх актыўнейшая, чым у нашчадкаў. А дзеці цяпер з больш сур’ёзнымі паталёгіямі», — падсумоўвае Бандажэўскі.

Адкуль цяпер паступае радыяцыя?

Хоць пасьля аварыі на Чарнобыльскай АЭС прайшло ўжо 33 гады, найперш радыяцыя паступае ў арганізм чалавека з прадуктамі харчаваньня, якія вырошчваюцца на забруджаных тэрыторыях.

На другім месцы — драўніна, бо ў сельскай мясцовасьці людзі паляць у печы дровамі, а дровы, на думку Бандажэўскага, гэта міні-рэактары.

Таксама ў якасьці ўгнаеньняў людзі выкарыстоўваюць попел, і потым садавіна і гародніна, якая вырошчваецца на агародах, мае вялікі ўзровень радыяцыі.

Прафэсар Бандажэўскі адзначыў і яшчэ адзін трывожны фактар, які «выбухнуў» літаральна днямі: пажары на Альманскіх балотах у Столінскім раёне распаўсюджваюць радыяцыю на тэрыторыю ўсёй краіны.

«Лясныя пажары зьяўляюцца адным з важных фактараў паступленьня радыянуклідаў у арганізм чалавека», — падкрэсьліў прафэсар.​

Архіўнае фота 2016 году. Чарнобыльская зона. Дазымэтар у адной з пахаваных вёсак паказаў лічбу "0320". Спэцыялісты кажуць, што дапушчальны ўзровень радыяцыйнага фону — да 44 мікрарэнтгэн у гадзіну
Архіўнае фота 2016 году. Чарнобыльская зона. Дазымэтар у адной з пахаваных вёсак паказаў лічбу "0320". Спэцыялісты кажуць, што дапушчальны ўзровень радыяцыйнага фону — да 44 мікрарэнтгэн у гадзіну

У Беларусі сур’ёзныя навуковыя дасьледаваньні не праводзяцца

На думку прафэсара Бандажэўскага, у Беларусі сытуацыя можа быць значна горшай, чым ва Ўкраіне.

«Радыяцыйная нагрузка на дзетак Украіны была меншай, чым на беларускіх дзетак. Калі мы знайшлі такія сур’ёзныя паталёгіі ва ўкраінскіх дзяцей, я цудоўна разумею, якія вялікія зьмены могуць быць у беларускіх дзяцей. Гэта маё меркаваньне, бо афіцыйнай інфармацыі я атрымаць не магу.

Але беларускім дзеткам цяжэй, чым украінскім. Яшчэ калі я працаваў у Беларусі, мы вывучалі зьмяненьні гарманальнага фону ў дзяўчатак Буда-Кашалёўскага раёну. І ўжо тады прагназавалі, што пры такіх сур’ёзных парушэньнях гарманальнага фону, якія мы выявілі, у будучыні ні пра якую нармальную цяжарнасьць ці пра зачацьце дзіцяці ня можа быць гаворкі», — кажа Бандажэўскі.

На думку прафэсара, уся тэрыторыя Беларусі без выключэньня пацярпела ад Чарнобылю. Прадукты з забруджаных тэрыторый паступалі ва ўсе рэгіёны Беларусі, бруднае мяса і малако зьмешвалі з чыстым. Да таго ж адбывалася міграцыя насельніцтва.

«Ахвярамі Чарнобыля зьяўляюцца людзі, якія атрымліваюць радыёактыўныя элемэнты чарнобыльскага паходжаньня. Усе беларусы — ахвяры Чарнобыля. Нават калі чалавек жыве за тысячу кілямэтраў ад Чарнобыльскай зоны, але ўжывае прадукты, вырашчаныя на забруджанай тэрыторыі, ён назапашвае радыяцыю.

Да таго ж у Беларусі замоўчваецца праўда пра Чарнобыль. Не праводзяцца сур’ёзныя навуковыя і мэдыцынскія дасьледаваньні. Дый цяпер няма каму вывучаць праблему. У 1990-я я быў самым маладым дасьледчыкам, а мне ўжо сёмы дзясятак», — кажа Бандажэўскі.

Міжнародная кампанія R-NOX, якая мае сядзібу ў Менску і большай часткай працуе ў Беларусі, распрацоўвае прылады для глябальнага экалягічнага маніторынгу. Адна з такіх прыладаў - дазімэтар ZIVE. На фота - Дызайнэр Сяргей Гарашын праводзіць тэст ZIVE
Міжнародная кампанія R-NOX, якая мае сядзібу ў Менску і большай часткай працуе ў Беларусі, распрацоўвае прылады для глябальнага экалягічнага маніторынгу. Адна з такіх прыладаў - дазімэтар ZIVE. На фота - Дызайнэр Сяргей Гарашын праводзіць тэст ZIVE

Як засьцерагчыся ад радыяцыі?

На думку Юрыя Бандажэўскага, захады абароны ад радыяцыі павінны быць гарантаваныя дзяржавай. А дзяржава праблему замоўчвае.

Таму народ павінен абараняцца сам. Прафэсар назваў некалькі асноўных чыньнікаў:

  • чыстыя прадукты;
  • дыспансэрызацыя;
  • кантроль за ўтрыманьнем радыянуклідаў, наяўнасьць у насельніцтва прыбораў кантролю;
  • даступнасьць лябараторных дасьледаваньняў;
  • перагляд нормаў.

«90-95 бэкерэляў на літар малака — гэта норма? Гэта злачынства! Такой нормы не павінна быць», — перакананы прафэсар Юры Бандажэўскі.

Юры Бандажэўскі — усясьветна вядомы спэцыяліст у галіне радыяцыйнай мэдыцыны, доктар мэдыцынскіх навук, прафэсар, сапраўдны член Нью-Ёркскай акадэміі навук. Працаваў рэктарам Гомельскага дзяржаўнага мэдінстытуту, вывучаў нэгатыўнае ўзьдзеяньне малых доз радыяцыі на арганізм. У 1999 годзе быў зьняты з пасады, арыштаваны праз падазрэньні ў атрыманьні хабару і асуджаны. Праваабаронцы прызналі Бандажэўскага палітвязьням. Паводле іх ацэнкі, сапраўднай прычынай арышту навукоўца стала ягоная нязгода з палітыкай беларускіх уладаў у пераадоленьні наступстваў аварыі на ЧАЭС. Пасьля ўмоўна-датэрміновага вызваленьня ў жніўні 2005 году Бандажэўскі пакінуў Беларусь. Спачатку зьехаў у Францыю, цяпер жыве і працуе ва Ўкраіне.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG