Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«У адзін дзень і сьвята, і трагедыя». Гісторыі раўналеткаў чарнобыльскай катастрофы


Аляксандар Дырыкаў, які нарадзіўся 26 красавіка 1986 году, зь сямʼёй

26 красавіка спаўняецца 33 гады з дня выбуху на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі. Мы знайшлі людзей, якія нарадзіліся ў той жа дзень і год, і распыталі, як склалася іхняе жыцьцё.

«Сказалі, пялюшкі лепей перамыць»

Аляксандар Дырыкаў, прадпрымальнік, гандлюе будаўнічымі матэрыяламі

«Я нарадзіўся і жыву ў Менску. Упершыню пачуў пра выбух на ЧАЭС у 8–10 гадоў ад бацькоў. У гэты дзень і па тэлебачаньні ішла інфармацыя.

У мой дзень народзінаў заўсёды рыхтаваліся да сьвяточнага стала. Аднойчы ўбачыў у маці сьлёзы на вачах, пачаў распытваць. Яна расказала, што ў гэты дзень была трагедыя. Як дзіцё, я не надаў гэтаму значэньня. У школе даведаўся больш падрабязна, калі пісалі сачыненьні па гэтай тэме.

Маці расказвала, што той дзень быў сонечны, але з дажджом. Ніхто яшчэ не разумеў, наколькі ён небясьпечны, радыяактыўны. Дакладна нічога не было вядома. Ніякай афіцыйнай інфармацыі пра тое, што здарылася, у СМІ не было. Мэдпэрсанал таксама нічога не казаў.

У той час падгузьнікаў не было, таму карысталіся пялюшкамі, якія з радзільні перадавалі дадому праць. Іх сушылі на бальконе. Калі б тады сказалі, то, можа, людзі больш уважліва ставіліся б да гэтага.

Мой бацька, калі вяртаўся ў той дзень з працы, зьвярнуў увагу на дзіўны дождж. Было сонца, і раптам пайшоў дождж, прычым лужыны былі жоўтага колеру. А каля бальніцы быў натоўп народу. Людзі стаялі ў чарзе, каб праверыцца на радыяцыю. Сарафаннае радыё спрацавала лепш за СМІ.

Толькі на наступны дзень пайшлі чуткі паміж парадзіхамі ў аддзяленьні, што адбылася нейкая аварыя, таму трэба зачыняць форткі і па магчымасьці не гуляць на вуліцы. А пялюшкі, якія сушыліся на бальконе, лепш перамыць.

Далей жылі як звычайна. Ведаю, што маці прапісвалі ёд.

У нас шмат сваякоў у Лунінецкім раёне. І нават у іх не было ніякай інфармацыі. Яны перадавалі нам трускаўкі, якія ўсе ў сям’і елі.

І толькі ў 1990-я гады зьявілася інфармацыя пра тое, што здарылася. Тады бацькі ўзяліся за галаву.

Праз год пасьля катастрофы хросьнік маёй мамы з Лунінца нарадзіўся інвалідам. Сказалі, што гэта з-за радыяцыі. Потым сваякам пачалі выдаваць так званыя «грабавыя» — матэрыяльную дапамогу за радыяцыю.

Гэта было досыць моцным узрушэньнем, калі інфармацыя пачала ўсплываць. Маці пачала хвалявацца за маё здароўе.

Я меў праблемы са здароўем, але ня думаю, што гэта зьвязана з Чарнобылем, хаця хто яго ведае.

Калі іншыя даведваюцца пра дату нараджэньня, перапытваюць: „Той самы дзень?“. Жартуюць, што пра свой узрост я ніколі не забудуся, бо па тэлебачаньні штогод кажуць.

Наконт запуску атамнай станцыі ў Астраўцы я разумею, што з эканамічнага пункту гледжаньня гэта неабходна для нашай краіны. Але з чалавечага — непатрэбна. Бо і высокатэхналягічныя краіны, як Японія, сутыкаюцца з праблемай небясьпекі АЭС.

Я нэгатыўна стаўлюся да атамных станцый. Ніхто ня ведае, як спрацуе рэактар. Можа, цягам 5–10 год будуць больш пільна глядзець, бо яшчэ сьвежая трагедыя 1986 году. Але ёсьць чалавечы фактар. Як гэта раней усё замоўчвалі, мы, можа, і цяпер ня ў курсе будзем, калі нешта здарыцца».

«Толькі на травеньскія сьвяты пачалі гаварыць»

Анастасія Аніськова, настаўніца расейскай мовы і літаратуры

Анастасія Аніськова
Анастасія Аніськова

«Нарадзілася і жыву ў Жлобіне. Бацькі ўпершыню расказалі пра ЧАЭС, напэўна, калі я была ў 4–5 клясе.

У нас заўжды, калі садзіцца бульба, усе ўспамінаюць, што ў гэты дзень было гарачае надвор’е, усе спаліліся. Сонца ня грэла, а паліла. Усё ж ноччу адбылося, а я ў 10 ранку нарадзілася. Толькі потым пра ўсё даведаліся.

Спачатку ўсё было ціха, засакрэчана. Толькі на травеньскія сьвяты пачалі гаварыць, калі мітынгі былі.

Выбух, напэўна, паўплываў на жыцьцё ўсіх. Здароўе ў кожнага пакаленьня горшае і горшае. Але ў мяне нармальнае.

Ніхто з маіх сяброў не забываецца, колькі мне гадоў. Ніхто не забываецца павіншаваць, бо ўключае навіны, тэлебачаньне, і ўспамінае. Для мяне гэта дзень нараджэньня перадусім, а ня дзень трагедыі.

У школе было зьдзіўленьне наконт даты нараджэньня ўва ўсіх: „Што, праўда? Напэўна, мама твая спужалася і вырашыла цябе нарадзіць“. Такое ўсё жартаўлівае.

Што да будаўніцтва Астравецкай АЭС, я ня супраць. Але галоўнае, каб нашыя кіраўнікі ўмелі гэтым карыстацца. Калі раптам нешта здарыцца, то каб не паціху, а народ ведаў, рэагаваў. Колькі часу народ жыў побач з Чарнобылем?! Іх жа пачалі адсяляць не назаўтра».

«Запісалі мяне ў пашпарце 27 красавіка»

Яўгенія Пятрова, майстрыня па манікюры

Яўгенія Пятрова
Яўгенія Пятрова

«Нарадзілася ў Гомлі, жыву ў Буда-Кашалёве. Упершыню пачула пра выбух, бадай, у школе. Асабліва нічога ня ведаю, толькі тое, што гэта катастрофа.

Я нарадзілася 26 красавіка, а запісалі мяне ў пашпарце 27 красавіка. Можа, таму, што тады было не да мяне? Маці расказвала, што нараджала каля 17:00, адразу пацямнела. Яна нічога пра той час больш не расказвала.

Той выбух, пэўна, ніяк на мяне не паўплываў. У школе мы двойчы на год езьдзілі ў санаторыі, бо вырасьлі ў чарнобыльскай зоне. Шчытападобную залозу назіраю ў лекараў.

Запуск Астравецкай атамнай станцыі, можа, і страшнаваты пасьля ўсяго. Але калі трэба, праз такую колькасьць часу, можа, ня так ужо і небясьпечна? Можа, яны ўсё прадбачаць, увядуць новыя тэхналёгіі?».

«Да атамных станцый стаўлюся кепска»

Аляксандар Петрачэнка, майстар на мэблевай фабрыцы

Аляксандар Петрачэнка
Аляксандар Петрачэнка

«Нарадзіўся і жыву ў Жлобіне. Пра першыя дні ў раддоме падрабязнасьцяў ня ведаю. Пачуў упершыню пра трагедыю на ЧАЭС, калі мне было каля 8 гадоў. Маці расказвала, што я нарадзіўся — і адразу Чарнобыль выбухнуў.

Потым я сам даведаўся, што гэта хавалі, што людзі працягвалі жыць, як жылі. Думаю, недапрацоўкі на станцыі былі, тэхніка бясьпекі, нешта пайшло ня так, не да канца дапрацавана. Канечне, кепска, што хавалі, бо столькі радыяцыі абрынулася на дзяцей, дарослых.

Знаёмыя, калі даведваюцца пра маю дату нараджэньня, кажуць, што ў адзін дзень і сьвята, і трагедыя. Мне асабіста больш шкада людзей і горад. Страшнавата падумаць, як людзі гэта перанесьлі і дагэтуль пераносяць радыяцыю.

На здароўе я ня скарджуся, але народ наш слабы стаў. Канечне, выбух адбіваецца.

Агулам пасьля выбуху ў Чарнобылі да атамных станцый стаўлюся кепска. Але цяпер больш упэўненасьці. Пры найменшай праблеме аўтаматам усё блякуецца, пажар адразу гасіцца, я відэаролікі глядзеў.

Беларусі патрэбная свая атамная станцыя, па фінансах, мы ж самі будзем вырабляць гэтую энэргію, ні ў кога ня будзем набываць».

«Гэта тады грукнула? Прыкольна»

Анастасія Веляшкова, мастачка кампутарных гульняў

Анастасія Веляшкова
Анастасія Веляшкова

«Нарадзілася і жыву ў Магілёве. Упершыню пра Чарнобыль пачула ад мамы ў 4–5 гадоў. Маці расказвала, што ў той дзень, калі ў яе роды пачыналіся, у шпіталі была нейкая мітусьня, нібыта нешта здарылася. Дакладна ніхто нічога ня ведаў, але паніка была.

Калі я старэйшая стала, мама расказвала, што вайскоўцаў, ратаўнікоў і шмат каго ў Чарнобыль накіроўвалі на эвакуацыю, на ліквідацыю. Мой бацька там таксама быў.

Напэўна, гэты выбух на мяне не паўплываў. Памятаю толькі, як малымі хадзілі ў лес у грыбы, ягады, то правяралі іх на радыяцыю, бо вёска знаходзілася за Быхавам. Я б не сказала, што ў мяне ёсьць нейкія праблемы са здароўем.

Калі людзі даведваюцца пра дзень нараджэньня, то толькі скажуць: „Гэта тады грукнула? Прыкольна“. Але гэтую тэму надта сёньня не абмяркоўваюць, гэта проста частка гісторыі, ня ўсім гэта цікава.

Я разумею, што ў гэты дзень нешта адбылося, але я была ў такім узросьце, калі не асэнсоўвала маштабы катастрофы. Калі стала старэйшая, таксама ніхто асабліва пра наступствы не распавядаў. Толькі што Прыпяць — закрыты горад. Ніколі больш падрабязна ў гэтай інфармацыі не капалася.

Я думаю, што выбух у Чарнобылі стаў трагедыяй, бо была памылка ў працы рэактара, што трэба было нешта раней адключыць. Цяжка некага вінаваціць, калі пры гэтым сам не прысутнічаў. Меркаваньне можа быць няслушным.Што да будаўніцтва атамнай станцыі ў Астраўцы, то, канечне, страшна, улічваючы, што было такое здарэньне. Але ж ня толькі ў нас, і ў Японіі.

Ня ведаю, ці болей карысьці, ці шкоды».

Што важна ведаць пра аварыю на Чарнобыльскай АЭС

Аварыя на Чарнобыльскай АЭС 26 красавіка 1986 году лічыцца самай вялікай тэхнагеннай катастрофай XX стагодзьдзя.

  • У атмасфэру было выкінута радыеактыўных рэчываў у 300 разоў больш, чым пасьля атамнага бамбаваньня Хірасімы ў 1945 годзе.
  • З усіх краін ад наступстваў чарнобыльскай катастрофы Беларусь пацярпела найбольш — на тэрыторыі Беларусі асела звыш 70% радыенуклідаў, найбольш забрудзіўся 21 раён.

  • З 2,2 мільёна чалавек, якія жылі на забруджаных землях, эвакуавалі і адсялілі 138 тысяч, яшчэ каля 200 тысяч самі зьехалі з пацярпелых тэрыторый.
  • У 1986 годзе падчас аварыі на ЧАЭС з разбуранага рэактара было выкінута 1850 пэтабэкерэляў радыенуклідаў, пры гэтым на долю радыеактыўнага цэзію прыпала 270 пэтабэкерэляў. Пэрыяд паўраспаду цэзію-137 — 30 гадоў. Гэта значыць, што на 2016 год яго колькасьць на тэрыторыі Беларусі зьменшылася ўдвая.

Чарнобыль: Поўная храналёгія падзеяў

Гэтая публікацыя падрыхтаваная пры выкарыстаньні інфармацыі БелаПАН.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG