Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як жывуць землякі савецкага партфункцыянэра, які заклікаў не панікаваць пасьля Чарнобылю


Вёска Ду́бравіца ў Клімавіцкім раёне на Магілёўшчыне — за трыста кілямэтраў ад Чарнобылю і менш як за дзесяць кілямэтраў ад мясьцінаў, якія трапілі ў зону абавязковага адсяленьня праз высокі ўзровень радыеактыўнага забруджаньня.

У 2016 годзе ўрад Беларусі вызначыў, што ў Дубравіцы ўзровень радыяцыйнага выпраменьваньня ўжо ня шкодзіць здароўю чалавека, і аднёс вёску да катэгорыі «зон пражываньня з пэрыядычным радыяцыйным кантролем».

Між тым менш як за дзесяць кілямэтраў ад вёскі распасьціраюцца абшары абязьлюджаных праз радыяцыю зямель. Дый большасьць жыхарства Дубравіцы пакінула яе не адно дзесяцігодзьдзе таму. Засталіся васьмёра. Як пазначана на сайце Клімавіцкага райвыканкаму, пяцёра зь іх — працаздольнага веку, трое — старэйшага за працаздольны.

«Цяпер тут чарната»

Чатыры хаты васьмярых вяскоўцаў раскіданыя па паселішчы. Суседнія безгаспадарныя дамы разбураюцца. Ад некаторых засталіся адно падмуркі. Цагляныя будыніны зарастаюць хмызам. Гароды ў пустазельлі.

«Раней тут быў калгас „Герой працы“. Занятку хапала ўсім. У вёсцы было пад семдзесят двароў», — апавядае, стоячы каля роднай хаты, ураджэнка Дубравіцы Ірына. Яна рэгулярна наведвае вёску, бо тут жыве стары і хворы бацька. Ён таксама выйшаў з двара на вуліцу, каб пачуць, пра што гаворыць дачка з журналістам.

Чарнобыльскі пэйзаж у Дубравіцы
Чарнобыльскі пэйзаж у Дубравіцы

Ірына скончыла школу ў Дубравіцы ў 1989 годзе. У 91-м тую школу зачынілі, а вучняў пачалі вазіць за чатыры кілямэтры ў суседнія Барысавічы.

«Цяпер тут чарната. Людзей жменька, а тыя, што зьехалі, ужо ня вернуцца, бо самі ж бачыце: адны руіны засталіся. Але як для мяне, то навокал роднае ўсё...» — не стрымаўшыся, жанчына заплакала.

«Мы ўжо радыяцыі наеліся і не баімся»

Дубравіца менш як за дзесяць кілямэтраў ад мясьцінаў, якія трапілі праз высокі ўзровень радыяактыўнага забруджаньня ў зону абавязковага адсяленьня. Вепрын, Чудзяны, Малінаўка разам зь яшчэ двума дзясяткамі вёсак з Чэрыкаўскага раёну на многія гады наперад сталі знакамі чарнобыльскай бяды. На Клімавіччыне — паўтары тысячы чалавек з 16 паселішчаў пакінулі свае родныя хаты. Высялялі і жыхароў Дубравіцы.

«Нам прапаноўвалі і ў Лобжу ехаць, і як у Чэрыкаве рабіла, дык там давалі кватэру. Але ня хочам адсюль зьяжджаць», — кажа наступная суразмоўніца, якая назвалася Тоняй. У Дубравіцу яна пераехала дваццаць шэсьць гадоў таму. Зь яе слоў, ужо тады ў вёсцы заставаліся адзінкі.

Адзін з апошніх жыхароў Дубравіцы. Старога не забывае дачка
Адзін з апошніх жыхароў Дубравіцы. Старога не забывае дачка

«Мы ўжо радыяцыі наеліся і не баімся. А што да хваробаў, дык з радыяцыяй будзе балець ці безь яе — тое ж самае», — казала вяскоўка. Зь яе слоў, жыхарам вёскі ніколі не даплачвалі за радыяцыю, хоць у суседніх паселішчах «грабавыя» людзі атрымліваюць дагэтуль.

«Людзі выехалі і ад перажываньня памерлі на чужыне»

У 2010 годзе згодна з пастановай ураду Дубравіца трапляла ў «зону пражываньня з правам на адсяленьне». Праз шэсьць год узровень небясьпекі зьвёўся да «зоны пражываньня з пэрыядычным радыяцыйным кантролем». Да гэтай «зоны» далучаны Гомель.

Паводле Рэспубліканскага цэнтру гідрамэтэаралёгіі, кантролю радыяцыйнага забруджаньня і маніторынгу навакольнага асяродзьдзя Мінпрыроды, для зоны з пэрыядычным радыяцыйным кантролем сярэднегадавая гадавая доза апраменьваньня насельніцтва не павінна перавышаць 1 мілізывэрт на год. Згодна з нормамі радыяцыйнай бясьпекі (НРБ-2012), тэхнагеннае апраменьваньне ў 1 мЗв на год не нясе шкодных наступстваў для арганізму чалавека.

«І ў грыбы, і ў ягады ходзім. Тут жа лес пад бокам. Нам жа кажуць, што радыяцыі няма. І лісіцы пад хату прыходзяць, і ласі па полі ходзяць», — кажа далей Тоня.

«Працы тут асаблівай няма. Усё паразвальвалі. Старыя, што выехалі адсюль, паўміралі ад перажываньня. Каб не радыяцыя, людзі б тут засталіся, а так нямногіх прывезьлі на нашы могілкі. Пахавалі іх на чужых», — падсумавала гутарку жанчына.

Царква, як і хаты без гаспадароў, развальваецца

Ад Дубравіцы да Клімавічаў — 22 кілямэтры. Да Чэрыкава — 30. Дарога да райцэнтру вядзе праз адселеныя вёскі, пра якія нагадваюць камяні з шыльдамі ды зьдзічэлыя сады.

У Дубравіцу два разы на тыдзень з Клімавічаў прыяжджае аўтакрама. Паводле вяскоўцаў, яна прывозіць тое, што яны замаўляюць. Спыняецца машына на пляцы перад драўлянай царквой пасярод вёскі. Будынак сьвятыні, як і большасьць тутэйшых хат, занядбаны. Вокны забітыя дошкамі. Да сьцяны прымацаваны драўляны праваслаўны крыж.

Будынак царквы — помнік архітэктуры, як і хаты ў Дубравіцы, разбураецца
Будынак царквы — помнік архітэктуры, як і хаты ў Дубравіцы, разбураецца

Усьпенская царква — помнік драўлянага дойлідзтва, узьведзены безь цьвікоў на пачатку 20 стагодзьдзя. Зачынілі царкву ў 1930-х гадах. Па вайне ў ёй разьмясьцілі вясковы клюб, а затым склад. Старажылы кажуць, што царкву нібыта намагаліся пабурыць, але яна выстаяла.

«Навокал радыяцыя — мы прызвычаіліся»

Мікалай працуе на фэрме ў Барысавічах, што за чатыры кілямэтры ад Дубравіцы. Кажа, што ўзімку зарабляе 200 рублёў. Улетку «крыху болей — трыста», але прызнаецца, што «даводзіцца цяжка працаваць у гэтую пару». Свой заробак называе мізэрным, і каб не гарод, кажа ён, пражыць сямʼі не было б як. Наперадзе лепшай долі вясковец ня бачыць. Хто вінаваты ў такім жыцьці — ня кажа.

«Гэта, можа, тут усё дрэнна, а ў іншых месцах і лепш, я ж ня ведаю», — хітравата кажа Мікалай.

Жыхар Дубравіцы Мікалай: «Мы да радыяцыі прызвычаіліся»
Жыхар Дубравіцы Мікалай: «Мы да радыяцыі прызвычаіліся»

У сямʼі суразмоўцы расьце дачка. Школа, у якую яе возяць аўтобусам, цяпер у Лобжы — за дзесяць кілямэтраў.

«Мы да радыяцыі прызвычаіліся, і нашы дзеці таксама. Не адны ж мы тут жывём. У тых жа Барысавічах таксама радыяцыя. А дачку штогод вывозяць на аздараўленьне пад Менск», — адказаў Мікалай на пытаньне, ці непакоіцца ён за здароўе дачкі.

«На гэтых тэрыторыях нельга жыць праз радыяцыю»

Бываў у Дубравіцы і старшыня партыі БНФ Рыгор Кастусёў. Ён кажа, што бачыў у чарнобыльскай зоне нямала вёсак — і штораз яго ўражвае, як людзі там выжываюць.

«Ужо баліць ня тое, што зрабіў зь людзьмі Чарнобыль, а тое, што робіць разам зь ім цяпер беларуская ўлада», — тлумачыць сваю пазыцыю апазыцыйны палітык.

У Дубравіцы
У Дубравіцы

На яго думку, грошы, што выдзяляюцца на ліквідацыю наступстваў Чарнобыльскай АЭС, выдаткоўваюцца нерацыянальна. Вяртаньне зямель у севазварот, кажа ён, — непрадуманы крок, каб утоіць небясьпеку.

«Людзям не казалі праўды тады, як выбухнуў Чарнобыль, хаваюць праўду і цяпер, — лічыць Кастусёў. — На гэтых тэрыторыях нельга жыць праз радыяцыю. Для пераселеных людзей варта было ствараць нармальныя ўмовы для пражываньня, каб ім была праца, а іх кінулі на волю лёсу. Тыя ж, хто застаўся ў зоне, нават у пасёлках для перасяленцаў, забытыя. Яны нікому не патрэбныя».

«Нічога страшнага не адбылося»

У Дубравіцы нарадзіўся савецкі функцыянэр Міхаіл Кавалёў. У першыя чатыры гады чарнобыльскай навалы ён старшыняваў ва ўрадзе БССР.

Былы дэпутат Вярхоўнага савету 12 скліканьня Сяргей Навумчык у сваіх успамінах, спасылаючыся на старшыню часовай камісіі па ацэнцы дзейнасьці службовых і іншых адказных асобаў у сувязі зь ліквідацыяй наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС Рыгора Вячэрскага, адзначыў: разам зь першым сакратаром ЦК КПБ Мікалаем Сьлюньковым Кавалёў валодаў інфармацыяй пра сытуацыю на ЧаЭС у поўным абʼёме ўжо 29 красавіка 1986 году .

Вуліца ў Дубравіцы. Заасфальтаваная, але бязьлюдная
Вуліца ў Дубравіцы. Заасфальтаваная, але бязьлюдная

«І таварыш Сьлюнькоў, і таварыш Кавалёў раілі не панікаваць і не хваляваць народ, бо нічога, маўляў, страшнага не адбылося», — цытуе Вячэрскага Сяргей Навумчык.

Міхаіл Кавалёў памёр у 2007 годзе. Пахавалі яго на «ганаровых» Усходніх могілках Менску. У гутарках жыхары Дубравіцы не згадалі свайго знанага земляка.

Лукашэнка: «Галоўнае, што тут нармальна жывуць людзі»

Вярхоўны Савет 12 скліканьня абвясьціў БССР зонай экалягічнага бедзтва ў ліпені 1990 году.

За прамінулыя дзесяцігодзьдзі ўрадавыя дэлегацыі ў Дубравіцу не завітвалі.

Адна з жыхарак Дубравіцы корпаецца на сваім гародзе
Адна з жыхарак Дубравіцы корпаецца на сваім гародзе

Між тым год таму Аляксандар Лукашэнка, наведваючы Палескі дзяржаўны радыяцыйна-экалягічны запаведнік у Хойніцкім раёне Гомельшчыны, казаў пра значны прагрэс у рэабілітацыі пацярпелых ад катастрофы на АЭС тэрыторый.

«Самае галоўнае, — сказаў ён, — што тут нармальна жывуць людзі...»

Пекла для людзей — рай для зьвяроў

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG