Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуская АЭС: спыніць нельга палепшыць. Дзе паставіць коску?


Беларуская АЭС

Напярэдадні 32-й гадавіны чарнобыльскай катастрофы зноў паўстае пытаньне пра яе наступствы, а таксама пра мэтазгоднасьць і рызыкі будаўніцтва Беларускай АЭС. Улады і атамнае лобі пераконваюць беларусаў у тым, што бясьпека сучасных АЭС істотна палепшылася, у тым ліку дзякуючы незалежнаму кантролю, стрэс-тэстам, якія былі праведзеныя ў 2012 годзе для эўрапейскіх АЭС пасьля Фукусімы. Грамадзкасьць Беларусі і суседняй Літвы сумняваецца.

24 красавіка ў менскім Прэс-клюбе прайшла дыскусія пра бясьпеку АЭС, якая будуецца ў Астраўцы.

Greenpeace: «Беларуская сытуацыя выклікае занепакоенасьць»

Ян Гавэркамп, экспэрт і кансультант Greenpeace у пытаньнях ядзернай энэргіі і энэргетычнай палітыкі ў Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропе, мае багаты досьвед вывучэньня стрэс-тэстаў на многіх атамных станцыях сьвету.

У 2012 годзе ён супрацоўнічаў з прадстаўнікамі Эўракамісіі і праводзіў стрэс-тэсты пасьля аварыі на Фукусіме (Японія). А цяпер, як прызнаўся, зь цікавасьцю назірае, што адбываецца са стрэс-тэстамі ў Беларусі.

Ян Гавэркамп
Ян Гавэркамп

Ян Гавэркамп кажа, што пасьля Фукусімы экспэрты атрымалі два галоўныя ўрокі: першы — трэба думаць пра самае неверагоднае; а другі — рэгулятар, які адказвае за бясьпеку атамнай станцыі, павінен заставацца незалежным.

Беларуская сытуацыя выклікае ў спадара Гавэркампа занепакоенасьць. Ён прывёў дзьве цытаты ўплывовых службоўцаў пасьля падвядзеньня вынікаў першых стрэс-тэстаў, праведзеных у 2016 годзе.

Адна — галоўнага інжынэра РУП «Беларуская АЭС» Анатоля Бондара: «Стрэс-тэсты, якія праводзіліся пасьля Фукусімы, паказалі, што няма неабходнасьці ў кардынальнай дапрацоўцы і ўдасканаленьні сыстэмы бясьпекі».

А вось начальнік Дэпартамэнту ядзернай і радыяцыйнай бясьпекі МНС (Дзяржатамнагляду) Вольга Лугоўская заявіла, што «бясьпекі шмат не бывае, таму наша задача была яшчэ і ў тым, каб прапанаваць захады ў яе ўзмацненьні, павялічыць запасы бясьпекі».

Другая ацэнка фінскаму экспэрту спадабалася больш.

Стрэс-тэсты дасьледуюць толькі рызыкі, а гэта абмежаванае кола пытаньняў

У Гавэркампа ёсьць сумнеў: наколькі рэгулятар застаецца незалежным? РУП «Беларуская АЭС» зрабіла справаздачу не для шырокага кола, пасьля на падставе таго дакумэнту Дзяржатамнагляд зрабіў сваю справаздачу. У лютым 2018 году Нацыянальную справаздачу аб мэтавай пераацэнцы бясьпекі БелАЭС (стрэс-тэстах) Беларусь накіравала ў Эўракамісію і ў Эўрапейскую групу нагляду ў сфэры ядзернай бясьпекі (ENSREG).

Макет, які дэманструе бясьпечнасьць АЭС ад зьнешніх узьдзеяньняў, які быў прадстаўлены на менскім энэргетычным форуме ў кастрычніку 2017 году
Макет, які дэманструе бясьпечнасьць АЭС ад зьнешніх узьдзеяньняў, які быў прадстаўлены на менскім энэргетычным форуме ў кастрычніку 2017 году

Незалежную эўрапейскую экспэртызу стрэс-тэсты для Беларусі пройдуць сёлета.

«Але стрэс-тэсты наагул не пераконваюць, што станцыя бясьпечная, гэта даволі абмежаванае кола пытаньняў: землятрусы, паводкі, неспрыяльныя ўмовы надвор’я, вонкавыя прычыны: калі энэргазабесьпячэньне зьнікне, калі зьнікне адвод цяпла і гэтак далей. Стрэс-тэст дасьледуе толькі 5 пытаньняў, а ня ўсе рызыкі, зьвязаныя з АЭС. Не разглядаюцца тэрарыстычныя атакі, падзеньне самалёта ды іншыя рызыкі.

Стрэс-тэсты — гэта ня праца на мясцовасьці, гэта праца з дакумэнтацыяй. Ідзе аналіз праектнай дакумэнтацыі», — патлумачыў экспэрт Greenpeace.

Стрэс-тэсты — нятаннае мерапрыемства. Напрыклад, у Францыі стрэс-тэсты абышліся ў 300 мільёнаў эўра на кожны рэактар, кажа экспэрт Greenpeace.

Фінляндыя дамаглася ад «Росатома» ўдасканаленьня праекту АЭС

Атамную электрастанцыю «Ханхіківі» ў Фінляндыі, як і Беларускую АЭС, будуе таксама падразьдзяленьне «Росатома» кампанія «Атомстройэкспорт».

Аднак фінаў не задаволіла бясьпека і яны запатрабавалі істотных зьменаў праекту. Фінскае ўпраўленьне радыяцыйнай і ядзернай бясьпекі (STUK) не дало станоўчага заключэньня аб праекце, выказала шмат заўваг, патрабуе ўдасканаленьня дакумэнтацыі, будоўля замаруджаная як мінімум на 2 гады.

«Гэта добры прыклад таго, як павінен паводзіць сябе рэгулятар: фіны пастаянна вяртаюць дакумэнтацыю, будаўніцтва затрымалася на 2 гады.

А беларускі Дзяржатамнагляд прыняў усю дакумэнтацыю „Росатома“, не выказаўшы ніякіх заўваг ці прэтэнзій. У мяне паўстае пытаньне: Дзяржатамнагляд — гэта сапраўды незалежная арганізацыя?», — пытаецца Ян Гавэркамп.

Застаецца ціснуць на рэгулятара, Дзяржатамнагляд, каб дакладна выконваўся плян бясьпекі

Будоўля на БелАЭС, архіўнае фота 2016 году
Будоўля на БелАЭС, архіўнае фота 2016 году

​На пытаньне ўдзельнікаў дыскусіі, ці існуюць мэханізмы пры моцнай беларускай адміністрацыйнай сыстэме замарозіць будоўлю, калі што-небудзь пойдзе ня так, экспэрт Greenpeace адказаў, што, акрамя самога кіраўніцтва АЭС, ёсьць яшчэ дзьве структуры, якія могуць гэта зрабіць: гэта ўрад (калі будзе прынята палітычнае рашэньне), і Дзяржатамнагляд.

«Але цяпер дзяржава вельмі зацікаўленая ў прасоўваньні праекту будаўніцтва АЭС. Паколькі Дзяржатамнагляд таксама можа прыняць рашэньне, трэба ціснуць на рэгулятара. Аднак трэба разумець, што рашэньні прымаюцца ўнутры краіны. Таму ні МАГАТЭ, ні Эўразьвяз ня могуць патрабаваць спыненьня будоўлі Беларускай АЭС.

Застаецца адно: ціснуць на рэгулятара — Дзяржатамнагляд, каб дакладна выконваўся плян бясьпекі.

Зноў жа згадаю Фінляндыю, якая яшчэ вядзе перамовы, і праект АЭС будзе іншы, бо прэтэнзій да „Росатома“ шмат. І гэта ня дробныя пытаньні, а сурʼёзныя недапрацоўкі. Фінская АЭС будзе іншай. Калі параўнаць гэтыя дзьве станцыі — беларускую і фінскую, то рызыкі на фінскай „Ханхіківі“ будуць ніжэйшыя, чым на беларускай АЭС», — падсумаваў Ян Харэкамп.

«Стрэс-тэсты ня доказ бясьпекі АЭС, а выяўленьне слабых месцаў праекту»

Сваю прэзэнтацыю каардынатарка Беларускай антыядзернай кампаніі Тацяна Новікава назвала «Беларуская АЭС — спыніць нельга палепшыць». «Дзе паставіць коску?» — задае яна рытарычнае пытаньне.

Тацяна Новікава
Тацяна Новікава

Тацяна ня мае ілюзій, што Дзяржатамнадгляд можа палепшыць бясьпеку АЭС. Яна прывяла прыклад, як доўга ад грамадзкасьці ўтойвалі інфармацыю пра тое, што корпус рэактара пры ўстаноўцы ўпаў. Пасьля рэзанансу корпус быццам бы памянялі, а на што памянялі, невядома. Другі корпус пры транспартаваньні чыгункаю таксама быў пашкоджаны. Але той корпус ніхто мяняць ня стаў, хоць СМІ і грамадзкасьць зноў білі трывогу. Такім чынам, уплыў грамадзкасьці на сурʼёзныя рашэньні невялікі, перакананая Тацяна.

На яе думку, ня ўсе рэкамэндацыі міжнародных канвэнцый Беларусь выконвае. «Не змаглі пераканаць, каб памянялі пляцоўку пад будаўніцтва; не змаглі пераканаць, каб памянялі падрадчыка. Беларускі бок выконвае толькі тое, што яму выгадна.

Стрэс-тэсты праводзілі не паводле правілаў. Там парушаны многія прынцыпы.

Так, справаздача праз пэўны час была апублікаваная, але ў грамадзкасьці не было магчымасьці яе абмяркоўваць. Працэс быў непублічным. Асноўныя пытаньні да будаўніцтва застаюцца адкрытымі.

Стрэс-тэсты ня доказ бясьпекі, а выяўленьне слабых месцаў праекту ў дачыненьні вонкавых узьдзеяньняў кшталту землятрусаў, паводак, неспрыяльных умоваў надворʼя і рэкамэндацыі. Але гэта ня доказы бясьпекі. Таму ня верце чыноўнікам, калі будуць казаць, што стрэс-тэсты даказалі, што ўсё бясьпечна», — кажа Тацяна Новікава.

Думка грамадзкасьці, экспэртаў ніяк не ўлічваецца ні на якіх узроўнях. Што рабіць з адходамі — няма стратэгіі, няма канкрэтных плянаў. «Пытаньняў шмат», — робіць выснову Тацяна Новікава.

«Прынята лічыць, што станцыя будзе бясьпечнай», — прадстаўнік МНС

А вось афіцыйны бок перакананы, што зь бясьпекай АЭС поўны парадак, усё пад жорсткім кантролем.

Пётра Нікалайчанка, намесьнік начальніка дэпартамэнту ліквідацыі наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС Міністэрства надзвычайных сытуацый, на прамое пытаньне Свабоды, ці ёсьць гарантыі бясьпекі, адказаў так:

Пётра Нікалайчанка
Пётра Нікалайчанка

«Усе неабходныя захады прынятыя для таго, каб было бясьпечна. Прынята лічыць, што на атамнай электрастанцыі, якая будуецца, будуць ажыцьцяўляцца ўсе захады бясьпекі».

Кім прынята лічыць, што ўсё бясьпечна, ён не ўдакладніў.

«Ніхто зразумела не даклаў, як станцыя будзе ўбудаваная ў эканоміку краіны», — Аляксандар Лукашэнка

Яшчэ адно пытаньне: куды Беларусь будзе дзяваць энэргію, калі АЭС запрацуе?

«Больш маштабнага праекту, чым будаўніцтва АЭС, у гісторыі Беларусі няма і, напэўна, ня будзе», — заявіў Аляксандар Лукашэнка 24 красавіка, выступаючы са штогадовым пасланьнем беларускаму народу і парлямэнту.

«На станцыі працуюць сотні навукоўцаў, тысячы адмыслоўцаў сыстэмы Мінэнэрга, Мінбудархітэктуры — а мне да гэтай пары ніхто зразумела не даклаў, як станцыя будзе ўбудаваная ў эканоміку краіны. Па выніках справаздачы ўраду прэмʼер-міністру пэрсанальна даручана заняцца гэтым пытаньнем».

На АЭС будуць два энэргаблёкі з рэактарамі ВВЭР-1200 (В-491) магутнасьцю да 1200 МВт кожны. Значыць, праектная магутнасьць АЭС — 2,4 тысячы МВт.

Суседзі купляць электраэнэргію адмаўляюцца, куды яе падзець — пытаньне

Брашура «#АстравецНебясьпечны: 10 прычынаў чаму беларуская атамная электрастанцыя гэта ВЯЛІКАЯ праблема», якую апублікаваў сайт МЗС Літвы
Брашура «#АстравецНебясьпечны: 10 прычынаў чаму беларуская атамная электрастанцыя гэта ВЯЛІКАЯ праблема», якую апублікаваў сайт МЗС Літвы

​Паводле дырэктара Інстытуту энэргетыкі Нацыянальнай акадэміі навук Антона Грыня, у год Беларусь спажывае 36 мільярдаў кіляват-гадзін электраэнэргіі. Калі АЭС запрацуе на поўную магутнасьць, станцыя дасьць яшчэ 18 мільярдаў кіляват-гадзін — у дадатак да гэтых 36 мільярдаў.

Надзеі на тое, што суседнія Польшча, краіны Балтыі будуць купляць электраэнэргію, якую будзе выпрацоўваць Беларуская АЭС, расталі, як красавіцкі сьнег.

Перад Інстытутам энэргетыкі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі пастаўлена задача — распрацаваць прапановы, што яшчэ ў краіне можна электрыфікаваць.

Адна з прапаноў — электратранспарт. Другая — пераход на электрыфікаванае шматкватэрнае жытло: адмовіцца ад газу — праводзіць толькі электрычнасьць, адмовіцца ад цепласетак. Трэцяя прапанова — ставіць інфрачырвоныя выпраменьвальнікі, выкарыстоўваць электраэнэргію для цеплавога абагрэву. Можна ўкараняць электракатлы, каб не залежаць ад расейскага газу.

Але галоўная праблема — тарыфы. Паводле міністра энэргетыкі Ўладзімера Патупчыка, кошт электраэнэргіі пасьля ўводу АЭС зьнізіцца з 10,79 цэнта до 7,25 цэнта США за кілават-гадзіну. Паводле экспэртаў, калі будуць уводзіцца больш жорсткія патрабаваньні бясьпекі, кошт электраэнэргіі будзе значна вышэйшы.

«Урад ніяк ня можа прадставіць прапановы аб адаптацыі АЭС у энэргетычны комплекс краіны»

Экспэрт, выканаўчы дырэктар Асацыяцыі аднаўляльнай энэргетыкі Ўладзімер Нісьцюк, выказаў думку, што Міністэрства энэргетыкі ўпусьціла час.

Уладзімер Нісьцюк
Уладзімер Нісьцюк

«Яшчэ задоўга да таго, як пачаліся зьмены ў геапалітыцы, калі ў дачыненьні Астравецкай АЭС у Літве, Польшчы, іншых краінах Эўразьвязу пачало фармавацца нэгатыўнае стаўленьне, энэргетыкі павінны былі мець як мінімум дзясяткі два-тры пратаколаў аб намерах, а лепш — кантрактаў на будучы экспарт электраэнэргіі. А цяпер усе адмаўляюцца купляць яе. І Мінэнэргетыкі разгубілася, ня ведае, што рабіць, хоць не падае выгляду: «Маўляў, мы ўсё ведаем, усё падлічылі»...

І цяпер Аляксандар Лукашэнка ня першы раз кажа, што ўрад ніяк ня можа падаць прапановы аб адаптацыі АЭС у энэргетычны комплекс краіны.

Выдумляюць розныя казкі: «Мы 490 электранагравальных катлоў паставім замест газанагравальных; мы закрыем некаторыя старыя цеплавыя станцыі, якія нічога, акрамя шкоды экалёгіі, прынесьці ня могуць; мы будзем асьвятляць дарогі, укараняць электратранспарт... Але сурʼёзных разьлікаў і прапановаў няма», — перакананы экспэрт у энэргетычных пытаньнях Уладзімер Нісьцюк.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG