Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мы не маглі дазваніцца да бацькі». На будоўлі Астравецкай АЭС памёр кранаўшчык

абноўлена

Беларуская АЭС у Астраўцы, архіўнае фота

Дачка памерлага расказала Свабодзе, што бацька ня скардзіўся на ўмовы працы.

Інфармацыя пра сьмерць кранаўшчыка на будоўлі Астравецкай АЭС зьявілася ў тэлеграм-канале Nexta ў аўторак 13 жніўня. Паводле яе, цела бацькі, які быў супрацоўнікам адной з арганізацый-падрадчыкаў, знайшлі іншыя рабочыя раніцай у аўторак. На месца выехалі супрацоўнікі сьледчай групы. Афіцыйнага пацьверджаньня гэтай інфармацыі пакуль няма.

«Ня скардзіўся на працу»

Як стала вядома Свабодзе, загінуламу 53 гады, ён працаваў у арганізацыі менскай «Белэлектрамантажналадка», жыў у Чысьці Маладэчанскага раёну Менскай вобласьці. У яго трое дарослых дзяцей.

Свабодзе ўдалося пагаварыць з дачкой памерлага. Паводле дзяўчыны, пра бяду сям’я даведалася раніцай 13 жніўня.

«Мы званілі бацьку самі ўчора, але не змаглі дазваніцца, — расказала яна. — А сёньня раніцай на нумар маёй сястры пазванілі з Астраўца і расказалі пра ўсё. Цяпер мы едзем у астравецкую лякарню. Падрабязнасьцяў пакуль ня ведаем, нічога канкрэтнага нам не сказалі. Бацька працаваў на будоўлі АЭС, але не скардзіўся на працу. Усё было нармальна».

«Не загінуў, а памёр»

Праўдзівасьць інфармацыі пра гібель рабочага Свабодзе пацьвердзілі ў інфармацыйным цэнтры РУП «Беларуская АЭС».

«Паводле папярэдняй інфармацыі не загінуў, а памёр. Сьледчы камітэт праводзіць праверку і абвясьціць прычыну, зь якой ён памёр. Але пра здарэньне гаворкі не вядзецца. Паводле папярэдняй інфармацыі гэта натуральная сьмерць», – паведамілі ў РУП «БелАЭС».

У Астравецкім раённым аддзеле Сьледчага камітэту карэспандэнту Свабоды сказалі, што «праводзіцца праверка». Ніякай іншай інфармацыі там не прадставілі.

Дагэтуль вядома пра чатыры выпадкі гібелі рабочых на будаўніцтве АЭС. 16 ліпеня 2018 году на пляцоўцы будаўніцтва Беларускай АЭС у Астраўцы загінуў мантажнік расейскай субпадраднай арганізацыі, грамадзянін Беларусі. Пра гэта паведаміла прэс-служба Міністэрства энэргетыкі. Няшчасны выпадак адбыўся пры падзеньні з вышыні.

29 жніўня 2016 году на будпляцоўцы БелАЭС загінуў 43-гадовы рабочы з Расеі — на яго ўпаў кіслародны балён.

Да гэтага выпадку, паводле намесьніка міністра энэргетыкі Міхаіла Міхадзюка, за гады будаўніцтва былі яшчэ два сьмяротныя выпадкі. Адзін зь іх адбыўся з-за асабістай неасьцярожнасьці — работнік пасьлізнуўся, зваліўся з лесьвіцы і траўмы аказаліся сьмяротнымі. Яшчэ адзін сьмяротны выпадак адбыўся таму, што рабочы не прышпіліўся.

Што варта ведаць пра БелАЭС

  • Беларуская АЭС ад 2011 году ўзводзіцца пад Астраўцом, што ў Горадзенскай вобласьці, у 22 км ад мяжы зь Літвой, у каля 50 км ад Вільні і 125 км ад Менску.
  • Запуск першага энэргаблёку заплянаваны на сьнежань 2019 году, другога — на ліпень 2020-га. Першапачаткова запуск плянаваўся на год раней, Аляксандар Лукашэнка заяўляў, што тэрміны сарвала Расея.
  • Для яе будаўніцтва выбраны праект АЭС-2006 — тыпавы расейскі праект атамнай станцыі новага пакаленьня з выкарыстаньнем вода-вадзянога энэргетычнага рэактара ВВЭР-1200. Паводле падобнага праекту расейцы ўжо збудавалі Цяньваньскую АЭС у Кітаі, але менавіта такіх станцыяў яшчэ не запускалі.
  • Астравецкая АЭС узводзіцца расейцамі — дзяржаўнай кампаніяй «Росатом» — за кошт крэдыту Расеі. Беларусь пазычыла да 10 млрд даляраў для фінансаваньня 90% кошту будаўніцтва двух энэргаблёкаў АЭС. Пагашэньне крэдыту пачынаецца праз 6 месяцаў з даты ўводу ў эксплёатацыю АЭС, але не пазьней за 1 красавіка 2021 году. Беларусь просіць Расею падоўжыць крэдыт на 10 гадоў.
  • 100% паліва для БелАЭС будзе з Расеі. Але беларускае Мінэнэрга заяўляе, што «АЭС — гарантыя энэргетычнай бясьпекі Беларусі».
  • На станцыі будуць два энэргаблёкі з рэактарамі ВВЭР-1200 (В-491) магутнасьцю да 1200 МВт кожны. То бок праектная магутнасьць АЭС — 2,4 тысячы МВт. Калі АЭС запрацуе на поўную магутнасьць, станцыя дасьць 18 мільярдаў кіляват-гадзін на год — палову таго, колькі цяпер спажывае Беларусь. Куды падзець лішкі энэргіі, пакуль ня вырашылі. Суседнія краіны не зацікавіліся пакупкай электраэнэргіі зь БелАЭС, а Літва заклікае байкатаваць энэргію са станцыі.
  • Літва ня раз ставіла пад сумнеў абраньне для будаўніцтва АЭС астравецкай пляцоўкі. Краіна называла 10 прычынаў не будаваць БелАЭС. Літва пратэстуе супраць БелАЭС на найвышэйшым дзяржаўным узроўні, выказвае пратэсты ў міжнародных структурах. Літву падтрымлівае прэзыдэнтка Эстоніі.
  • Пляцоўка Астравецкай АЭС была прызнаная небясьпечнай яшчэ ў 1993 годзе. Тады было знойдзена 7 прыдатных пляцовак, 15 умерана прыдатных і 6 непрыдатных. Астравецкая пляцоўка трапіла ў лік апошніх.
  • Улады і чыноўнікі Беларусі нясьпешна рэагуюць на паведамленьні пра інцыдэнты на будаўніцтве ўласнай атамнай станцыі. Звычайна пра здарэньні на БелАЭС афіцыйна расказваюць пасьля таго, як зьвесткі пра іх зьяўляюцца ў СМІ — так, пра падзеньне корпуса рэактара расказалі толькі пасьля міжнароднага ціску. Урэшце корпус, які ўпаў, замянілі (расейцы зьбіраюцца выкарыстаць яго на іншай АЭС). Новы выпадкова стукнулі аб слуп, але пашкоджаньняў ня выявілі, вырашылі не мяняць корпус другі раз.
  • Адпрацаванае ядзернае паліва зь БелАЭС застанецца ў Беларусі. Эколягі сьцьвярджаюць, што Беларусь выбірае самы дарагі і небясьпечны спосаб захоўваць адпрацаванае паліва з АЭС

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG