Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У кастрычніку на БелАЭС на практыцы адпрацуюць аварыйныя пляны


Беларуская АЭС у Астраўцы

Практычная адпрацоўка аварыйных плянаў БелАЭС у Астраўцы заплянаваная на кастрычнік 2019 году, паведамляе БЕЛТА са спасылкай на Дзяржатамнагляд.

Летась у кастрычніку праходзіла комплекснае вучэньне па адпрацоўцы ўнутранага аварыйнага пляну. Цяпер мяркуюць на практыцы адпрацаваць зьнешні (абарончыя захады пры радыяцыйнай аварыі на АЭС) і ўнутраны (захады па абароне пэрсаналу) пляны на выпадак здарэньняў на БелАЭС.

Завезьці ядзернае паліва для Беларускай АЭС плянуюць да 1 кастрычніка. Увод у эксплюатацыю першага энэргаблёка заплянаваны на сьнежань 2019 году, другога — на ліпень 2020-га.

У канцы ліпеня стала вядома, што 5 верасьня ў Літве пройдуць вучэньні па адпрацоўцы дзеяньняў у выпадку аварыі на Беларускай АЭС. Паводле сцэнару вучэньняў, плянуецца эвакуацыя жыхароў літоўскай сталіцы ў выніку інцыдэнту на БелАЭС і радыяцыйнага заражэньня ў радыюсе 50 кілямэтраў ад атамнай станцыі.

Літва ўжо цяпер рыхтуецца да магчымай аварыі на БелАЭС: у 2019 годзе краіна закупіць 4 млн таблетак ёдзістага калію, які засьцерагае ад радыяцыі шчытападобную залозу, — на выпадак аварыі з радыяактыўным выкідам. У першую чаргу іх раздадуць тым, хто жыве ў 30-кілямэтровай зоне ад АЭС.

Што варта ведаць пра БелАЭС

  • Беларуская АЭС ад 2011 году ўзводзіцца пад Астраўцом, што ў Горадзенскай вобласьці, у 22 км ад мяжы зь Літвой, у каля 50 км ад Вільні і 125 км ад Менску.

  • Запуск першага энэргаблёку запляналі на пачатак 2020 году, другога — на ліпень 2020-га. Першапачаткова запуск плянаваўся на 2018 год, Аляксандар Лукашэнка заяўляў, што тэрміны сарвала Расея.
  • Для яе будаўніцтва выбраны праект АЭС-2006 — тыпавы расейскі праект атамнай станцыі новага пакаленьня з выкарыстаньнем вода-вадзянога энэргетычнага рэактара ВВЭР-1200. Паводле такога ж праекту расейцы ў 2018 годзе запусьцілі Ленінградзкую АЭС-2.
  • Астравецкая АЭС узводзіцца расейцамі — дзяржаўнай кампаніяй «Росатом» — за кошт крэдыту Расеі. Беларусь пазычыла да 10 млрд даляраў для фінансаваньня 90% кошту будаўніцтва двух энэргаблёкаў АЭС. Пагашэньне крэдыту пачынаецца праз 6 месяцаў з даты ўводу ў эксплёатацыю АЭС, але не пазьней за 1 красавіка 2021 году. Беларусь просіць Расею падоўжыць крэдыт на 10 гадоў.
  • На станцыі будуць два энэргаблёкі з рэактарамі ВВЭР-1200 (В-491) магутнасьцю да 1200 МВт кожны. То бок праектная магутнасьць АЭС — 2,4 тысячы МВт. Калі АЭС запрацуе на поўную магутнасьць, станцыя дасьць 18 мільярдаў кіляват-гадзін на год — палову таго, колькі цяпер спажывае Беларусь.
  • Літва ня раз ставіла пад сумнеў абраньне для будаўніцтва АЭС астравецкай пляцоўкі. Краіна называла 10 прычынаў не будаваць БелАЭС. Літва пратэстуе супраць БелАЭС на найвышэйшым дзяржаўным узроўні, выказвае пратэсты ў міжнародных структурах. Літву падтрымлівае прэзыдэнтка Эстоніі.
  • Пляцоўка Астравецкай АЭС была прызнаная небясьпечнай яшчэ ў 1993 годзе. Тады было знойдзена 7 прыдатных пляцовак, 15 умерана прыдатных і 6 непрыдатных. Астравецкая пляцоўка трапіла ў лік апошніх.
  • Улады і чыноўнікі Беларусі нясьпешна рэагуюць на паведамленьні пра інцыдэнты на будаўніцтве ўласнай атамнай станцыі. Звычайна пра здарэньні на БелАЭС афіцыйна расказваюць пасьля таго, як зьвесткі пра іх зьяўляюцца ў СМІ — так, пра падзеньне корпуса рэактара расказалі толькі пасьля міжнароднага ціску. Урэшце корпус, які ўпаў, замянілі (расейцы зьбіраюцца выкарыстаць яго на іншай АЭС). Новы выпадкова стукнулі аб слуп, але пашкоджаньняў ня выявілі, вырашылі не мяняць корпус другі раз.
  • Адпрацаванае ядзернае паліва зь БелАЭС застанецца ў Беларусі. Эколягі сьцьвярджаюць, што Беларусь выбірае самы дарагі і небясьпечны спосаб захоўваць адпрацаванае паліва з АЭС.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG