Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Вільні правядуць вучэньні, каб падрыхтавацца да патэнцыйнай аварыі на БелАЭС


Беларуская АЭС, Астравец

Вучэньні па адпрацоўцы дзеяньняў у выпадку аварыі на Беларускай АЭС пройдуць 5 верасьня ў Вільні, паведаміў 31 ліпеня журналістам кіраўнік адміністрацыі Віленскага самакіраваньня Повілас Падзярскіс, перадае навінны партал Delfi.

Паводле сцэнару вучэньняў, плянуецца эвакуацыя жыхароў літоўскай сталіцы ў выніку інцыдэнту на БелАЭС і радыяцыйнага заражэньня ў радыюсе 50 кілямэтраў ад атамнай станцыі.

«Паводле сцэнару, пэўную частку Вільні трэба эвакуаваць, людзі будуць накіроўвацца на так званыя пункты санітарнай апрацоўкі, — сказаў Падзярскіс. — Пункт будзе абсталяваны каля „Сімэнс-арэны“ (цэнтральная частка гораду — РС.). Мы там выканаем гэтую працэдуру: пераапранем людзей, пасадзім іх у аўтобусы і па вуліцы Укмяргес адправім у кірунку Укмярге (горад за 80 км на паўночны захад ад Вільні. — РС.) ».

Кіраўнік адміністрацыі самакіраваньня літоўскай сталіцы таксама паведаміў, што падчас вучэньняў будуць імітаваць кібэратакі на кампутарныя сыстэмы муніцыпальных прадпрыемстваў і службаў, каб ацаніць іх гатовасьць супрацьстаяць гэткім пагрозам.

«Мы парушым працу дзяржаўных ведамстваў, паглядзім, як мы ўсе гатовыя», — сказаў Падзярскіс.

Ён лічыць, што ведамствы «млява рыхтуюцца» да запуску БелАЭС і магчымых інцыдэнтаў. Адміністрацыя самакіраваньня, паводле яго, ужо цяпер бачыць «вялікія дзіркі» ў гатовасьці да надзвычайных сытуацыяў на атамнай станцыі, якія выяўляюцца ў недахопе фінансаваньня, абсталяваньня, слабым супрацоўніцтве паміж ведамствамі.

БелАЭС запрацуе празь некалькі месяцаў

Беларуская АЭС ўзводзіцца паблізу Астраўца (Гарадзенская вобласьць) за кошт крэдыту Расеі паводле тыпавога расейскага праекту ВВЭР-1200. Крэдытная лінія да 10 млрд даляраў на будаўніцтва станцыі адкрыта да 2035 году.

Фізычны пуск першага энэргаблёку БелАЭС, на этапе якога ў рэактар загрузяць ядзернае паліва, мае адбыцца ўвосень; другога, паводле дакумэнтаў «Расатаму», — да канца гэтага году. Увод у эксплюатацыю першага энэргаблёку БелАЭС заплянаваны на сьнежань 2019 году, другога — на ліпень 2020-га. Мяркуецца, што атамная станцыя будзе выпрацоўваць 18 млрд кВт-г электраэнэргіі штогод.

Літва застаецца самым актыўным крытыкам БелАЭС. У Вільні перакананыя, што будаўніцтва АЭС вядзецца без выкананьня патрабаваньняў бясьпекі і экалягічных стандартаў. Беларусь гэтыя прэтэнзіі адхіляе.

15 чэрвеня 2017 году літоўскі сойм прыняў закон аб прызнаньні будаванай у Беларусі АЭС небясьпечнай, палічыўшы, што яна ўяўляе пагрозу для літоўскай нацыянальнай бясьпекі, навакольнага асяродзьдзя і грамадзкага здароўя. Раней парлямэнт Літвы прыняў закон, закліканы абмежаваць імпарт электраэнэргіі зь Беларусі і Расіі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG