Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На будоўлі Беларускай АЭС атрымалі траўмы двое рабочых

абноўлена

Астравецкая АЭС, здымак 2018 году

27 ліпеня на будоўлі Беларускай АЭС у Астраўцы ўпала люлька аўтавышкі, двое рабочых атрымалі траўмы, паведамляе Сьледчы камітэт.

Удзень 27 ліпеня праваахоўнікам паступіла паведамленьне аб траўмаваньні 59-гадовага і 23-гадовага супрацоўнікаў абласнога будаўнічага прадпрыемства, якое ўцяпляла адміністратыўны будынак лябараторна-бытавога комплексу Астравецкай АЭС.

Рабочыя ўпалі зь люлькі аўтавышкі «МАЗа». Папярэдняя прычына падзеньня вышкі — збой у працы абсталяваньня. Траўмаваныя мелі сродкі індывідуальнай абароны.

Якія былі траўмы і ў якім рабочыя цяпер стане, не паведамляецца.

Праводзіцца праверка. Сьледчыя вывучаюць дакумэнтацыю па арганізацыі аховы працы і тэхніцы бясьпекі. Прызначылі судова-мэдычную экспэртызу, каб вызначыць ступень цяжкасьці атрыманых цялесных пашкоджаньняў.

Што варта ведаць пра БелАЭС

  • Беларуская АЭС ад 2011 году ўзводзіцца пад Астраўцом, што ў Горадзенскай вобласьці, у 22 км ад мяжы зь Літвой, у каля 50 км ад Вільні і 125 км ад Менску.
  • Запуск першага энэргаблёку заплянаваны на сьнежань 2019 году, другога — на ліпень 2020-га. Першапачаткова запуск плянаваўся на год раней, Аляксандар Лукашэнка заяўляў, што тэрміны сарвала Расея.
  • Для яе будаўніцтва выбраны праект АЭС-2006 — тыпавы расейскі праект атамнай станцыі новага пакаленьня з выкарыстаньнем вода-вадзянога энэргетычнага рэактара ВВЭР-1200. Паводле падобнага праекту расейцы ўжо збудавалі Цяньваньскую АЭС у Кітаі, але менавіта такіх станцыяў яшчэ не запускалі.
  • Астравецкая АЭС узводзіцца расейцамі — дзяржаўнай кампаніяй «Росатом» — за кошт крэдыту Расеі. Беларусь пазычыла да 10 млрд даляраў для фінансаваньня 90% кошту будаўніцтва двух энэргаблёкаў АЭС. Пагашэньне крэдыту пачынаецца праз 6 месяцаў з даты ўводу ў эксплёатацыю АЭС, але не пазьней за 1 красавіка 2021 году. Беларусь просіць Расею падоўжыць крэдыт на 10 гадоў.
  • 100% паліва для БелАЭС будзе з Расеі. Але беларускае Мінэнэрга заяўляе, што «АЭС — гарантыя энэргетычнай бясьпекі Беларусі».
  • На станцыі будуць два энэргаблёкі з рэактарамі ВВЭР-1200 (В-491) магутнасьцю да 1200 МВт кожны. То бок праектная магутнасьць АЭС — 2,4 тысячы МВт. Калі АЭС запрацуе на поўную магутнасьць, станцыя дасьць 18 мільярдаў кіляват-гадзін на год — палову таго, колькі цяпер спажывае Беларусь. Куды падзець лішкі энэргіі, пакуль ня вырашылі. Суседнія краіны не зацікавіліся пакупкай электраэнэргіі зь БелАЭС, а Літва заклікае байкатаваць энэргію са станцыі.
  • Літва ня раз ставіла пад сумнеў абраньне для будаўніцтва АЭС астравецкай пляцоўкі. Краіна называла 10 прычынаў не будаваць БелАЭС. Літва пратэстуе супраць БелАЭС на найвышэйшым дзяржаўным узроўні, выказвае пратэсты ў міжнародных структурах. Літву падтрымлівае прэзыдэнтка Эстоніі.
  • Пляцоўка Астравецкай АЭС была прызнаная небясьпечнай яшчэ ў 1993 годзе. Тады было знойдзена 7 прыдатных пляцовак, 15 умерана прыдатных і 6 непрыдатных. Астравецкая пляцоўка трапіла ў лік апошніх.
  • Улады і чыноўнікі Беларусі нясьпешна рэагуюць на паведамленьні пра інцыдэнты на будаўніцтве ўласнай атамнай станцыі. Звычайна пра здарэньні на БелАЭС афіцыйна расказваюць пасьля таго, як зьвесткі пра іх зьяўляюцца ў СМІ — так, пра падзеньне корпуса рэактара расказалі толькі пасьля міжнароднага ціску. Урэшце корпус, які ўпаў, замянілі (расейцы зьбіраюцца выкарыстаць яго на іншай АЭС). Новы выпадкова стукнулі аб слуп, але пашкоджаньняў ня выявілі, вырашылі не мяняць корпус другі раз.
  • Адпрацаванае ядзернае паліва зь БелАЭС застанецца ў Беларусі. Эколягі сьцьвярджаюць, што Беларусь выбірае самы дарагі і небясьпечны спосаб захоўваць адпрацаванае паліва з АЭС

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Вам можа яшчэ спадабацца

XS
SM
MD
LG